Універсітэцкая кафедра ў лясгасе

Нумары Раённыя навіны

Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Стаўбцоўскі доследны лясгас заключылі дагавор аб супрацоўніцтве.
Яшчэ ў мінулым годзе лясгас распрацаваў палажэнне аб філіяле кафедры лясных культур і глебазнаўства, зацвердзіў план мерапрыемстваў, што дае магчымасць будучым лесаводам праходзіць на базе лясгаса вытворчую і пераддыпломную практыкі, а таксама займацца навукова-даследчай дзейнасцю.
Так, у Апечкаўскім лясніцтве студэнтамі легасагападарчага факультэта былі высаджаны эксперыментальныя культуры, якія хутка растуць і, адпаведна, у далейшым могуць служыць эфектыўнымі энергарэсурсамі. Студэнты ажыццяўляюць іх догляд, праводзяць вопыты, а свае назіранні занатоўваюць у спецыяльны дзённік. Для эфектыўнага функцыянавання філіяла прадугледжана штогадовае ўмацаванне яго вучэбна-метадычнай і матэрыяльна-тэхнічнай базаў.
Што датычыць праходжання старшакурснікамі БДТУ студэнцкіх практык, то і яны характарызуюцца выніковасцю і сучасным падыходам. «Пры наяўнасці вакансій часова прызначаем практыкантаў на пасады майстроў лесу, лесніка, замацоўваем за імі высокакваліфікаваных вопытных спецыялістаў», – заўважае намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа.
Нядаўна пасля паспяховага праходжання практыкі паехаў на заняткі чацвёртакурснік лесагаспадарчага факультэта, які працаваў майстрам лесу ў Рубяжэвіцкім лясніцтве. На даны момант праходзяць практыку трое студэнтаў інжынерна-эканамічнага факультэта. Як правіла, усе студэнты знаходзяць тут, на Стаўбцоўшчыне, тэмы сваіх дыпломных работ і назапашваюць для іх цікавы фактычны матэрыял.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *