Дынастыя: Настаўнікам трэба нарадзіцца і толькі потым стаць

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

Хачу расказаць пра нашу сямейную настаўніцкую дынастыю. Стаў крылатым выраз:  «Настаўнік – прафесія ад Бога, усе астатнія – ад настаўніка». І гэта сапраўды так, незалежна ад таго, якую прафесію выбраў чалавек: палітыка, урача, юрыста, калісьці ў яго быў настаўнік, які змог адкрыць яго патэнцыял, развіць творчыя здольнасці і накіраваць на адзіна правільны шлях. Быць настаўнікам складана, і не кожнаму дадзены гэты талент. Многія з педагогаў выбранай прафесіі прысвячаюць сваё жыццё.  Я ведаю гэта не са слоў, таму што ў нашай сям’і –  цэлая дынастыя педагогаў. 

Пачатак гэтай слаўнай дынастыі паклала мая прабабуля Вольга Канстанцінаўна Шарупіч. Яна нарадзілася ў 1927 годзе ў вёсцы Скрыгалава Мазырскага раёна Палескай вобласці. У 1945 годзе прабабуля разам са сваімі бацькамі пераехала на радзіму бацькі ў вёску Аталезь Стаўбцоўскага раёна. Да вайны прабабуля закончыла сямігодку. Пасля вайны не хапала настаўнікаў у школах, таму граматных маладых людзей запрашалі навучаць дзяцей. Прабабулі на той час было 18 гадоў, яна не мела педагагічнай адукацыі, але ў яе хапала ведаў, умення, каб навучаць дзяцей і знаходзіць з імі агульную мову. Загадчык аддзела адукацыі, які пабыў на ўроку ў маёй прабабулі, прапанаваў ёй атрымаць педагагічную адукацыю. Ёй выдалі накіраванне на вучобу ў  Навагрудскае педагагічнае вучылішча. Прабабулі давялося адначасова і працаваць, і вучыцца. У працоўнай кніжцы ў яе толькі адзін запіс –  45 гадоў прабабуля адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў у Аталезскай СШ. Яна была аптымісткай, любіла жыццё, у яе было шмат сяброў. Дарэчы, першай настаўніцай дырэктара нашай СШ № 3 г. Стоўбцы Жанны Мікалаеўны Лысай была мая прабабуля. 

Працягнула сямейную дынастыю настаўнікаў мая бабуля Тамара Іванаўна Кізевіч. Яе першай настаўніцай была  маці. Пасля заканчэння БДУ бабуля стала працаваць у Старасвержанскай сярэдняй школе настаўніцай гісторыі і геаграфіі. З 1981 года і па цяперашні час яна працуе ў гэтай школе, з’яўляецца настаўнікам вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. За сваю шматгадовую працу бабуля мае ўзнагароды рознага ўроўню.  Яна дае глыбокія веды, на яе ўроках заўсёды цікава. Сваім вопытам бабуля дзеліцца з маладымі педагогамі, дае шмат адкрытых урокаў у час раённых, абласных і рэспубліканскіх семінараў.

Мая мама Валянціна Рыгораўна Сідаровіч працягнула справу маіх прабабулі і бабулі. Яна мае дзве вышэйшыя адукацыі, працуе настаўніцай працоўнага навучання ў нашай школе. Мама вельмі адказна адносіцца да сваёй работы, усё новае і цікавае імкнецца выкарыстоўваць на сваіх уроках. Таму яе вучні неаднаразова станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў. Адметна, што мая мама з’яўляецца звязуючым звяном двух настаўніцкіх сямейных дынастый. Мае дзядуля і бабуля Казімір Казіміравіч і Галіна Іванаўна Сідаровічы па татавай лініі – таксама настаўнікі.

Мая бабуля Галіна Іванаўна 40 гадоў адпрацавала настаўніцай англійскай мовы ў розных школах нашага раёна і ў Стоўбцах. З іх 28 гадоў яна працавала ў нашай школе. Яна прафесіянальна граматны настаўнік. Многія выпускнікі нашай школы з удзячнасцю ўспамінаюць яе, таму што яна дала ім такія глыбокія веды па англійскай мове, што яны без рэпетытараў маглі паступіць у прэстыжныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Толькі той факт, што больш за 40 яе вучняў выбралі прафесію настаўніка англійскай мовы, гаворыць аб многім. У нашай школе шэсць выкладчыкаў замежнай мовы з’яўляюцца яе вучнямі.

Дзядуля Казімір Казіміравіч закончыў Магілёўскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці гісторыя. Пачынаў сваю настаўніцкую дзейнасць у Мікалаеўшчыне. 12 гадоў быў загадчыкам раённага аддзела адукацыі. Затым узначаліў Старасвержанскую сярэднюю школу, дзе 20 гадоў адпрацаваў дырэктарам. Пры яго кіраванні сферай адукацыі раёна адбыўся пераход на кабінетную сістэму, было ўведзена прафесіянальнае навучанне. Ён быў арганізатарам будаўніцтва многіх школ і дашкольных устаноў. На ўсіх пасадах мой дзядуля быў кампетэнтным, строгім і справядлівым кіраўніком. Многія яго калегі і цяпер з павагай і ўдзячнасцю яго ўспамінаюць.

Хоць мае дзядуля і бабуля знаходзяцца на заслужаным адпачынку, яны застаюцца актыўнымі, камунікабельнымі, сочаць за ходам падзей у краіне і рэгіёне. Мець зносіны з імі адно задавальненне. І мне так пашанцавала, што ў маёй сям’і мяне акружаюць аўтарытэтныя, разумныя, інтэлігентныя людзі. Калі яны ўсе разам сустракаюцца, то ў нас праходзяць як бы міні-педсаветы. Абмяркоўваюцца школьныя навіны, пытанні, якія вельмі актуальныя на дадзены момант у сферы адукацыі. Вось і сапраўды, былых педагогаў не бывае, настаўнік заўсёды застаецца настаўнікам.

Ці будзе працяг у нашай сямейнай дынастыі? Час пакажа. Гэта можа стаць і маім асабістым выбарам.

Дзіяна СІДАРОВІЧ, вучаніца выпускнога класа СШ № 3 г. Стоўбцы

На здымку: Валянціна Сідаровіч, Тамара Кізевіч, Казімір Сідаровіч і Дзіяна Сідаровіч.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *