Дэпутат у акрузе: «Заканатворчая работа – для развіцця грамадства»

Афіцыйна Главное

image_pdfimage_print

У Стоўбцах правёў чарговы прыём грамадзян дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Мамайка.

Работа парламентарыя ў акрузе ўключала ў сябе і гутаркі з людзьмі, якія цікавіліся сітуацыяй у краіне і заканатворчай дзейнасцю, з дапамогай якой магчыма знайсці шляхі вырашэння грамадска-палітычнага крызісу.

Праца над законапраектам аб сямейным насіллі

– У чэрвені закончыла сваю работу чарговая вясенняя сесія парламента. Яна была напружанай, таму што многія законапраекты былі прыняты ў першым або другім чытанні, уступілі ў законную сілу, – зазначыў Іван Мамайка. – Хацеў бы звярнуць увагу на законапраект, прыняты ў першым чытанні, у распрацоўцы якога я прымаў непасрэдны ўдзел. Гэта законапраект аб сямейным насіллі, які дапоўніць Закон аб прафілактыцы правапарушэнняў.

Як практык я імкнуўся наблізіць яго да рэалій жыцця. Так, існуе такая мера, як ахоўнае прадпісанне, калі агрэсару выносіцца забарона на знаходжанне ў жыллі або ахвяра змяшчаецца ў крызісны пакой. За мінулы год іх было вынесена ў рэспубліцы 6,5 тысячы, і гэта дазволіла не дапусціць развіцця сямейных канфліктаў.

На даны момант працэдура вынясення ахоўнага прадпісання прадугледжвае, каб па факце сямейнага насілля завяршыўся адміністрацыйны працэс, рашэнне ўступіла ў законную сілу, і тады дадатковая мера можа быць вынесена ў адносінах да агрэсара. У першым чытанні новага законапраекта мы пайшлі па шляху больш аператыўнаму, калі ўжо факт выкліку супрацоўніка міліцыі і пачатак адміністрацыйнага працэсу – гэта нагода для вынясення ахоўнага прадпісання і ізаляцыі агрэсара.

Другі момант. Аб’ектамі насілля з’яўляюцца, як правіла, былыя муж і жонка, якія пражываюць у адным памяшканні. У данай сітуацыі мы не маглі прымяніць да іх такую меру прафілактычнага ўздзеяння, як ахоўнае прадпісанне. У новым законе прапануецца пад паняцце блізкіх сваякоў залічыць і тых асоб, якія юрыдычна не маюць гэтых адносін, але фактычна іх працягваюць.

Акрамя таго, у законапраекце прапануецца шэраг абмежаванняў, звязаных з абаротам зброі. Прапанавана забіраць яе ў сямейных агрэсараў.

Паспрабавалі разабрацца і ў тым, хто будзе адказваць за крызісны пакой. Вызначыліся, што яго аснашчэнне – клопат органаў улады.

Законапраект актыўна дапрацоўваецца, і падчас асенняй сесіі яго плануецца прыняць. Закон у новай рэдакцыі накіраваны не на пакаранне, а на прафілактыку сямейнага насілля.

Пра ўсходні вектар і кіруемасць сітуацыі

– Адразу пасля парламенцкай сесіі праходзіла сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ, да ўдзелу ў якой кіраўніка беларускай дэлегацыі не дапусцілі (не выдалі візу), таму дэлегацыя прымала ўдзел у пасяджэннях толькі ў анлайн-рэжыме, – працягвае Іван Мамайка. – Аднак мы працуем, і неабходна разумець, што беларускія парламентарыі займаюць актыўную пазіцыю, працягваюць кантакты з калегамі з іншых краін, хоць яны па-рознаму адносяцца да палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

Мне прыйшлося выступаць на пасяджэнні камітэта па правах чалавека і падкрэсліваць, што сітуацыя супрацьстаяння ў грамадстве мае месца быць, але любая дзяржава абараняе сябе ад знешняга ўздзеяння.

Дэпутатамі ўнесены змяненні ў Закон аб нацыянальнай бяспецы. Па сутнасці, нічога новага не з’явілася. Прапісана прымяненне органамі ўнутраных спраў спецыяльнай тэхнікі, якая знаходзіцца на ўзбраенні і забяспечвае нацбяспеку (у прыватнасці, вадамёты, загароджванні і інш.), у выпадку спынення масавых беспарадкаў і ў іншых выпадках, якія вызначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Між іншым, такая практыка – сусветная.

У грамадстве працягваецца дыскусія, і асноўны яе пасыл датычыць негатыўнай рэакцыі насельніцтва да эканамічных санкцый. З іх дапамогай ажыццяўляецца падтрымка той невялікай часткі грамадзянскай супольнасці, якая заявіла пра свае амбіцыі.

На жаль, на цяперашні момант бачна лабіраванне пэўных геапалітычных інтарэсаў. Беларусь аказалася на разломе – з гэтым згаджаюцца многія мае калегі. У беларускім пытанні адчуваецца моцная падтрымка з боку Расійскай Федэрацыі. Актыўна абмяркоўваецца ўсходні вектар развіцця нашай краіны.

Не зважаючы на ўсе цяжкасці, сітуацыя застаецца кіруемай.

Канстытуцыйная рэформа з айчынным ноу-хау

– Вядзецца актыўная работа ў напрамку канстытуцыйнай рэформы. У камісію, якая рыхтуе законапраект, паступаюць ініцыятывы і прапановы з прававога цэнтра, ад палітычных партый. Мяркуецца, што ён да 1 жніўня будзе прадстаўлены кіраўніку краіны, – заўважае Іван Мамайка. –Апошнія навелы для ўнясення ў новую Канстытуцыю – гэта абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта да двух тэрмінаў, павелічэнне ўзросту прэзідэнта да 40 гадоў. Большасць парламентарыяў схіляецца, каб форма кіравання дзяржавай засталася прэзідэнцкай, але адбылося пэўнае пераразмеркаванне паўнамоцтваў на карысць іншых галін улады.

Вызначыліся, што парламент, як і раней, будзе двухпалатны. Прапанавана ўвесці адзіны дзень галасавання. І гэта – сусветная практыка. Выбарчая сістэма павінна быць зразумелая для людзей.

Беларускае ноу-хау – Усебеларускі народны сход. Але ў якім статусе ён будзе замацаваны ў Канстытуцыі, з якімі паўнамоцтвамі, каб гарантаваць стабільнасць у грамадстве? Гэта абмяркоўваецца.

У наступным годзе ўсе гэтыя пытанні, звязаныя з канстытуцыйнай рэформай, будуць вынесены на рэферэндум.

Ініцыятывы і прапановы выбаршчыкаў

– Падчас прыёмаў і сустрэч выбаршчыкі таксама ўносяць свае заканадаўчыя ініцыятывы, – характарызуе работу ў акрузе Іван Мамайка. – Увогуле ў больш як 15 законаў, якія закранаюць розныя напрамкі жыццядзейнасці, унесены змяненні і дапаўненні, і на асенняй сесіі прыкладна такая ж колькасць законапраектаў будзе разгледжана.

Па «моўным» пытанні будзем працаваць з калегамі. Не так даўно быў прыняты ў першым чытанні Кодэкс аб адукацыі. Падчас другога чытання Кодэкса намі прапанавана абмеркаваць тэму падтрымкі беларускай мовы, якая з’яўляецца адной з дзяржаўных. Адназначна, што не павінна быць прымусу, а толькі жаданне людзей вывучаць родную мову і размаўляць на ёй.

Да мяне звярнуўся чалавек, які хацеў бы здаць экзамен па правілах дарожнага руху на беларускай мове. Раней у МРЭА былі папяровыя білеты, а як адбыўся пераход на праграмнае забеспячэнне – мова «знікла». Гэтае пытанне я ўжо адрасаваў міністру ўнутраных спраў.

А ўвогуле пандэмія каранавіруснай інфекцыі ўнесла карэктывы ў нашу камунікацыю. Назіраецца тэндэнцыя да яе скарачэння. Але людзі хочуць стабільнасці, прадказальнасці, спакою. Гэта насамрэч вялікае шчасце. Прэса павінна развівацца. Апошнім часам у рэспубліцы адкрыта столькі тэлеграм-каналаў! Чым больш сродкаў масавай інфармацыі, тым лепш. Але ў кожнага з нас павінна быць адказнасць за свае словы і дзеянні.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *