Трыбуна вучня: Жыццёвай мудрасці высновы

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

Да Дня настаўніка члены гуртка «Юны журналіст» СШ № 3 г. Стоўбцы, які зацікаўлена і творча вядзе настаўніца роднай мовы і літаратуры Алена Буднік, даслалі ў рэдакцыю свае добрыя словы пра педагогаў.

«У школе шмат настаўнікаў, але самая любімая для мяне Святлана Міхайлаўна Шынгель – настаўніца хіміі.  Гэта не зусім лёгкі прадмет, але на ўрокі хіміі я хаджу з вялікім задавальненнем, бо нас чакае Святлана Міхайлаўна.  Яна вельмі зразумела і цікава тлумачыць урок. Калі-нікалі можа праявіць строгасць, але можа і пажартаваць, і пасмяяцца разам з намі. Акрамя таго, што  добрая, яна яшчэ і прыгожая. У гэтым годзе да нас прыйшла новая настаўніца англійскай мовы Вольга Міхайлаўна Кандраценя. З першага ўрока яна нам вельмі спадабалася.  Яна вясёлая і добрая. Дзякуючы ёй мы шмат вывучылі пра Вялікабрытанію, пазнаёміліся з новымі англійскімі словамі і, зразумела, паспелі палюбіць англійскую мову яшчэ больш»,  – чытаем у допісе Інгі Барысевіч.

«Мая любімая настаўніца – Вольга Анатольеўна Булаш. Яна выкладае рускую мову і літаратуру, з’яўляецца яшчэ і класным кіраўніком. Вольга Анатольеўна вельмі спагадлівая і добрая. Яна не шкадуе часу займацца з вучнямі і на дадатковых занятках. Для многіх вучняў, дзякуючы ёй, руская мова і літаратура стала любімым прадметам. З Вольгай Анатольеўнай цікава рыхтаваць пазашкольныя мерапрыемствы, яна навучыць і спяваць, і танцаваць», – так апавядае Хрысціна Шыдлоўская.

«Я заўсёды з вялікім задавальненнем хаджу на ўрокі фізікі, таму што іх вядзе Вера Анатольеўна Ілюкевіч, вельмі добрая настаўніца. Яна заўсёды дапаможа,  дасць добрую параду. З Верай Анатольеўнай на перапынку можна пагаварыць на любую тэму. Яшчэ адзін дарагі настаўнік у маім жыцці – Алена Мікалаеўна Буднік. Яна вельмі добрая і прыветная. На ўроках беларускай мовы і літаратуры заўсёды ўсё зразумела і цікава. Яна тлумачыць цяжкую тэму так, што для нас становіцца ўсё простым. Алена Мікалаўна вельмі часта возіць нас на экскурсіі. На памяць аб гэтым мы заўсёды робім фотаздымкі, а пасля разам смяёмся, праглядваючы  іх. Яна стала для нашага класа другім класным кіраўніком», – піша Аліна Усевіч.

«Звініць званок… Паволі сціхаюць вучнёўскія гаманлівыя галасы, смех і мітусня. Яна заходзіць у клас, вітаецца, аглядаючы выхаванцаў праз шкельцы акуляраў уважлівымі, строгімі, але добрымі  вачыма. І так амаль кожны дзень ужо пяцьдзясят другі год… Гэта Людміла Мікалаеўна Казанцава, мая самая любімая настаўніца, выкладчыца беларускай і рускай моў і літаратур.

Хачу сказаць і яшчэ пра аднаго дарагога ў маім жыцці настаўніка. Я ніколі не сядзеў за партай у яе класе, і яна ніколі не ставіла мне адзнак у школьны дзённік. Толькі, углядаючыся ў фотаздымкі розных гадоў, я маю магчымасць прысутнічаць на вучнёўскіх мерапрыемствах і святах з яе ўдзелам. Я ніводнага разу не дарыў ёй кветкі на першавераснёўскай лінейцы. Часцей у паштоўках і лістах, чым у школьных сшытках, яна выпраўляе мае памылкі. Не каля класнай дошкі, а падчас тэлефоннай размовы ці кароткай сустрэчы яна цярпліва тлумачыць мне незразумелае. Не толькі па літаратуры ці мове, а ўвогуле па жыцці… Бо гэта проста бабуля Люда – мая родная бабуля. Яна жыве і працуе настаўніцай у горадзе Салігорску. Нам не заўсёды атрымліваецца сустракацца так часта, як хацелася б. Бабуля Люда заўсёды абмяркоўвае мае адносіны з роднымі і сябрамі, цікавіцца маімі жыццёвымі планамі, дае слушныя парады, радуецца поспехам і перажывае разам са мной няўдачы. Яна для мяне настаўніца жыццёвай мудрасці. Я ведаю, што ў святочны дзень мая бабуля Людміла Мікалаеўна атрымае букет кветак не толькі ад цяперашніх сваіх вучняў. Шчырыя словы падзякі будуць выказваць шматлікія выпускнікі. Людмілу Мікалаеўну павіншуюць калегі, родныя, блізкія, суседзі, знаёмыя. А таксама я, унук і пастаянны вучань. З Днём настаўніка, бабуля Люда!» – такія кранальныя радкі ў Дзмітрыя Судніка.

Прыемна чытаць, як славяць імя настаўніка вучні.

Падрыхтавала Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *