Здаровае дзяцінства пачынаецца з прышчэпкі

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

Святлана Буката – у ліку тых, хто вядзе імунізацыю дзяцей з першых месяцаў жыцця

У гэтую гарачую летнюю пару Святлане Буката, як і многім медыкам, прыходзіцца вельмі няпроста. Працуе яна напружана – за сябе і яшчэ за калегу, якая пайшла ў чарговы адпачынак.

Цяпер Святлана перамяшчаецца з аднаго кабінета паліклінікі ў другі, уніз-уверх па паверхах, каб паспець вакцынаваць не толькі дзяцей, але і дарослых. Балазе прышчэпкі супраць COVID-19 набываюць усё больш масавы характар.

– Пра прышчэпкі ведаю шмат, бо працую з імі з 2003 года, – кажа медыцынская сястра прышчэпачнага кабінета Святлана Буката. – Як прыйшла ў Стаўбцоўскую ЦРБ маладым спецыялістам, так адразу і пагрузілася ў гэтую сферу. Відавочна, што амаль за два дзясяткі гадоў сярод насельніцтва раёна сфарміраваўся так званы прышчэпачны пласт, які ахоўвае ад розных небяспечных захворванняў.

– Святлана, з якога ўзросту прыходзяць да вас пацыенты?

– На прышчэпкі прыходзяць мамы з двухмесячнымі немаўлятамі і дзеці, падлеткі ва ўзросце да 16 гадоў. У паліклініцы адкрыты кабінет «Здаровае дзяцінства». Ёсць пэўны графік прышчэпак, і мы працуем згодна з ім. На прышчэпку выклікае ўчастковая педыятрычная служба, а я выконваю яе і назіраю за дзіцем пасля ўколу.

– Якія адносіны да прышчэпак у сучасных маладых матуль?

– У дзіцячым прышчэпачным кабінеце я працую адносна нядаўна і маю назіранні, што да нас прыходзяць цэлымі сем’ямі. Гэта для падтрымкі. Дзяцей і падлеткаў, якім шэсць гадоў і больш, прыводзяць бабулі і дзядулі, таму што бацькі на рабоце. Тлумачу ім пра карысць прышчэпак не медыцынскімі тэрмінамі, а на звычайнай мове. Бачу, што дзецям патрэбна адна інфармацыя, дарослым – зусім іншая.

– У сувязі з каранавіруснай інфекцыяй тэма вакцынацыі з’яўляецца актуальнай. Яе абмяркоўваюць і па-за сценамі медыцынскіх устаноў. Якія пытанні часцей за ўсё задаюць вам?

– Часта цікавяцца, з вакцынай якога вытворцы мы працуем, яна платная ці не, як доўга яе выкарыстоўваюць на беларускім рынку і г. д. Асобная тэма – пабочныя рэакцыі. Усе іх мы вывучылі, улічваючы шматгадовы вопыт работы з людзьмі, якія атрымліваюць прышчэпкі. Скажу, што прафілактыка дыфтэрыі, коклюшу, слупняку і іншых інфекцыйных захворванняў праводзіцца ў нас на працягу многіх гадоў аднымі і тымі ж расійскімі вакцынамі, таму мы маем поўную карціну іх уздзеяння на арганізм.

– Работа ў вас адказная. А якія ўмовы створаны кіраўніцтвам бальніцы?

– Усе ўмовы ёсць. Праўда, як і кожнаму з нас, хацелася б большую зарплату… Трэба дзяцей у школу збіраць (Святлана – мама траіх дзяцей-школьнікаў. – Заўвага рэдакцыі).

На развітанне Святлана Буката запрасіла мяне на прышчэпку ад кавіду. Яна яе таксама зрабіла, як і многія ў Стаўбцоўскай ЦРБ. «Медыкі ўваходзяць у групу рызыкі», – прывяла аргумент Святлана.

Нагадаем, што для вакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі ў паліклініцы працуюць два кабінеты і ў трэцім, рэзервовым, пры неабходнасці медыкі гатовы аказваць паслугі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *