У ААТ «Каганец» працуе студэнцкі сельскагаспадарчы атрад

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У раёне працягваюць работу студэнцкія атрады. Адзін з іх арганізаваны на базе ААТ «Каганец».

З канца ліпеня пачалі працу на збожжаскладзе 19 маладых людзей. Рупяцца яны па зменах. З раніцы працуюць малодшыя (14–16 гадоў), пасля іх змяняюць старэйшыя.

Праца ідзе пад пільным наглядам загадчыцы збожжасклада Веры Клімко. Яна расказвае, што галоўны абавязак юных работнікаў – ачыстка збожжа ад смецця. У сярэднім за суткі яны паспяваюць управіцца з сямю тонамі збожжа.

Пераважна ў сельскагаспадарчым атрадзе ў гонар Вялікай Перамогі працуе мясцовая моладзь. Камандзір Анастасія Лапко вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Цяпер праходзіць практыку ў ААТ «Каганец». Анастасія папаўняе свае веды і працоўнай дзейнасцю ў студатрадзе. Вучыцца дзяўчына па мэтавым накіраванні, таму пасля размеркавання вернецца на малую радзіму.

Удзельнікі сельскагаспадарчага атрада працавітыя і добрасумленныя. Работай моладзі задаволена і кіраўніцтва гаспадаркі. Намеснік дырэктара ААТ «Каганец» Дар’я Доўнар адзначае, што кожны з іх зацікаўлены ў выкананні працы і спраўляецца з ёю на выдатна.

Сярод студатрадаўцаў ёсць школьнікі. Анастасія Жытко закончыла дзевяць класаў у Засульскай сярэдняй школе. Летні перыяд дзяўчына вырашыла правесці з карысцю, таму звярнулася ў раённы камітэт БРСМ, дзе ёй і прапанавалі працу ў гаспадарцы. Выбранай работай дзяўчына задаволена.  «Думала, што гэта больш складана, а ўсё атрымліваецца добра», – прызнаецца школьніца.

Дзейнічаць сельскагаспадарчы атрад будзе да канца жніўня. Дарэчы, у раёне працуюць і іншыя студэнцкія атрады: у аздараўленчым лагеры «Нёман», Стаўбцоўскім АКС, Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, вайсковай часці 25819.

Ксенія РУБІН

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *