Дэпутат у акрузе: вяскоўцаў хвалюе якасць дарог

Афіцыйна Важное

image_pdfimage_print

Мясцовае кіраванне і самакіраванне з’яўляецца адным з самых важных складальнікаў беларускай дзяржаўнасці.

Дэпутаты мясцовых Саветаў, працуючы ў цесным кантакце з органамі выканаўчай улады, вырашаюць пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, а галоўнае – імкнуцца знайсці адказы на хвалюючыя праблемы грамадзян.

Я з’яўляюся дэпутатам па Залужскай выбарчай акрузе № 16. Дэпутацкую дзейнасць сумяшчаю з галоўнай сваёй работай – рэдактара ДУ «Рэдакцыя газеты «Прамень» і праграмы радыёвяшчання «Радыё Стоўбцы». За справаздачны перыяд праведзена пэўная работа са Стаўбцоўскім райвыканкамам, дэпутатамі раённага Савета дэпутатаў. Прымала ўдзел у пасяджэннях, дзе разглядаліся пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва, фінансава-бюджэтнай палітыкі, сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і інш.

Пры наведванні сваёй выбарчай акругі імкнуся выкарыстаць любую магчымасць для сустрэч-гутарак з выбаршчыкамі. Ладжу асабістыя прыёмы грамадзян, тэлефонныя лініі, у ходзе якіх праводзяцца гутаркі, даюцца тлумачэнні, кансультацыі і г. д. Калі пытанне немагчыма вырашыць падчас сустрэчы, то яно адсылаецца на рэагаванне кампетэнтным службам.

На сустрэчы з выбаршчыкамі ў Савонскім дзіцячым садзе былі падняты пытанні добраўпарадкавання навакольных вёсак.

Ганна Гоцкая з Савоняў звярнулася наконт добраўпарадкавання дарогі ў канцы населенага пункта. Жанчына прасіла прагрэйдзіраваць дарогу. Наталля Міхайлоўская падняла тэму водазабеспячэння ў той жа вёсцы. На цяперашні момант пытанне ўжо знята з кантролю. Помпа для вады закуплена. Наконт водазабеспячэння ў Драздах звярнулася Вікторыя Калкоўская. Яна расказала, што з кранаў цячэ карычневая, як кава, вада. Таццяна Тамасік з Раёўшчыны прасіла аказаць садзейнічанне ў асфальтаванні вул. Церашковай, дзе ў асноўным пражываюць маладыя сем’і. Праз усю Раёўшчыну праклалі асфальт, а невялічкая вуліца Церашковай засталася без асфальтавага пакрыцця (дзесьці 500 метраў). Святлана Курдун з Горак расказала аб праблеме добраўпарадкавання дарогі да мясцовых могілак, а Ларыса Гераеўская клапоціцца пра вул. Камуністычную ў Жацераве. Лілія Ярмак прасіла, каб добраўпарадкавалі дарогу да чыгуначнага прыпынку Асіпаўшчына. Падымалася тэма асвятлення вуліц у Савонях і  Горках.

Усе пытаннні ўзяты на кантроль і адрасавны старшыням сельвыканкамаў і дарожным службам, якія абслугоўваюць даныя населеныя пункты.

Вырашыць усе праблемы адначасова немагчыма, паколькі некаторыя з іх патрабуюць і фінансавых укладанняў, і прапрацоўкі.

Нэлі АСТРЭЙКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *