Стаўбцоўшчына запрашае

Год гасцiннаcцi Нумары

image_pdfimage_print

 

СУСТРЭЧЫ: АРМЕЙСКАЯ БРАЦТВА НА СТАЎБЦОЎСКАЙ ЗЯМЛІ

У  выхадныя служба перавозак аўтапарка № 17 абслугоўвала незвычайных экскурсантаў –  выпускнікоў Самаркандскага вышэйшага ваеннага аўтамабільнага каманднага вучылішча, на даны момант – ваенных у адстаўцы. Што прывяло іх у Стоўбцы?

Сабраліся разам 25 былых саслужыўцаў (хтосьці прыехаў разам з жонкай), прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў і гарадоў. Ташкент, Краснадар, Бранск, Адэса, Гатчына, Масква, Пскоў, Курск, Вялікія Лукі, Мінск, Полацк, Слонім… Гэта далёка не поўны пералік. 15 чалавек, якія хацелі прыехаць, але не змаглі па ўсім вядомых прычынах, пражываюць ва Украіне. Вось прыкладна такая геаграфія гэтага армейскага брацтва, якое на працягу апошніх 15-ці гадоў пацвярджае сваю еднасць і непарушнасць традыцыі.

Дзень сустрэчы застаецца нязменным – штогод на пачатку верасня, калі адзначаецца Дзень танкіста (вучылішча іх спачатку было танкавым, у Дзень танкіста яны прымалі прысягу), а месца сустрэчы – кожны год іншае. Своеасаблівую эстафету перадаюць адзін аднаму, па чарзе. І спіс, дарэчы, папаўняецца новымі гарадамі. З дапамогай інтэрнэту новыя старыя саслужыўцы, якія ў 1977 годзе закончылі Самаркандскае вучылішча, працягваюць шукаць і знаходзіць адзін аднаго ў розных кропках былога Савецкага Саюза, нават на іншых кантынентах.

Так «знайшоўся» чатыры гады таму стаўбчанін Віктар Дзянісаў. Родам з Самарканда, ён прысвяціў сваё жыццё ваенным аэрадромам. Лёс кідаў яго па свеце. Прайшоў Афганістан, а  апошнім часам служыў у Беларусі. Выйшаў у адстаўку  з вайсковай часці ў Стоўбцах. Неўтаймоўна-дзелавы Віктар адразу ўліўся ў армейскае брацтва. Пабываў на сустрэчах з саслужыўцамі ў Пскове, Туапсэ, Адэсе. І вось сёлета сустракаць сваіх сяброў і таварышаў выпала яму самому. Напачатку было шмат абгрунтаваных хваляванняў. Як і дзе арганізаваць размяшчэнне гасцей?.. Што ім паказаць?.. Ці спадабаецца ім, жыхарам вялікіх гарадоў, наша «некрыклівая» самавітая рэчаіснасць?..

Са сваімі пытаннямі Віктар Дзянісаў прыйшоў у службу аддзела перавозак аўтапарка № 17, да вядучага спецыяліста Леаніды Высоцкай. З веданнем справы яна дапамагла зрабіць так, каб госці ехалі не «ўсляпую». У першую чаргу было вырашана пытанне з пражываннем. Перавага была аддадзена турбазе «Высокі бераг». Падумалі і пра культурную праграму. Спыніліся на экскурсіях у Мір, Нясвіж і Мінск – нашых гістарычных пярлінах-смарагдах, недалёкіх ад Стоўбцаў.

Для абслугоўвання гэтага заказу аўтапаркам быў выдзелены  вялікі і камфартабельны аўтобус. За рулём – вадзіцель-ас, воін-інтэрнацыяналіст Іван Карніцкі. «Таксама наш», – пазней скажа пра яго Віктар Дзянісаў, маючы на ўвазе іх агульнае «афганскае» мінулае. Суправаджалі гасцей на працягу абодвух экскурсійных дзён дасведчаныя экскурсаводы – Антаніна Уставіч і Галіна Грэкава.

Адна з эксурсаводаў, Галіна Грэкава, падзялілася сваімі ўражаннямі ад работы з гэтымі экскурсантамі:

–  Цікава было з імі працаваць! Людзі інтэлігентныя, якія шмат перажылі,  цікавіліся літаральна ўсім, задавалі мноства пытанняў проста жыццёвых, штосьці для сябе занатоўвалі, шмат фатаграфавалі… Праязджаючы па вуліцах і праспектах Мінска, палкоўнік Аляксандр Васільевіч Ганчарэнка з Сергіева Пасада (у свой час ён працаваў у Генеральным штабе Узброеных Сіл СССР) не мог стрымаць здзіўлення, услых паўтараў: «Ну, беларусы, малайцы!» Экскурсантаў  уразілі не толькі наш парадак, а і ўсмешкі ў вачах, спакойная паходка людзей. Пры іх дружным захапленні Беларуссю мы адчулі гонар за сваю краіну. Кожнаму падарылі на памяць сакавітае беларускае слова – кніжку з серыі «Мне сонцам свеціць Наднямонне».

Беларусь з яе чысцінёю гарадоў, дагледжанымі дарогамі і палеткамі, паўсюдна – гасціннымі людзьмі  зрабіла на расіян вялікае ўражанне. Перадаць яго хочацца іх словамі: «Трэба купляць у вас дачны домік  – будзе магчымасць часцей сустракацца!» Работнікі турбазы зачаравалі беларускай кухняй, а прырода Коласавых мясцін – сваімі шчодрымі грыбнымі дарамі, незвычайным для восені цяплом Нёмана. На гэты раз эстафета армейскага брацтва перададзена ад Стоўбцаў Полацку.

Расказваючы пра такую прыгожую традыцыю людзей ваенных, хочацца пажадаць усім нам – успамінайце і памятайце  адзін аднаго.   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *