«Хачу зрабіць сажалку, невялікі фантан». У Жыгалках дачніца стварае прыгажосць

Важное Моладзь Стаўбцоўшчыны Соцыум

image_pdfimage_print
У двор гаспадыні Ірыны Суднік (у цэнтры) завіталі госці свята вёскі Жыгалкі

Добраўпарадкаваць участак вакол дома сваімі рукамі не так і лёгка. Аднак з гэтай задачай можна справіцца, калі ёсць жаданне ствараць прыгажосць і праяўляць фантазію.

Падчас свята вёскі ў Жыгалках па традыцыі госці прыпыняліся каля падворкаў гаспадароў. Мы звярнулі ўвагу на дом з вялікім кветнікам. Яго гаспадыня – стаўбчанка Ірына Суднік. Гэтая сядзіба дасталася дачніцы ў спадчыну ад бацькоў мужа.

Ірына Аляксандраўна нарадзілася ў вёсцы Любкаўшчына. Закончыла мясцовую сярэднюю школу, Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум па спецыяльнасці «тэхнік-тэхнолаг». Па размеркаванні трапіла ў горад Жыткавічы Гомельскай вобласці, дзе адпрацавала майстрам на ўчастку. Пасля чарнобыльскай трагедыі прыехала дадому. У свой час працавала інжынерам, радыёлагам, лабарантам, аператарам. Цяпер яна прадавец у павільёне Белсаюздруку ў Стоўбцах.

На жаль, мужа Ірыны Аляксандраўны не стала ў студзені гэтага года. Аднак з доглядам сядзібы ёй дапамагаюць сыны. У выхадныя дні ўсе разам прыязджаюць на дачу ў Жыгалкі. На ўчастку жыве надзейны вартаўнік – сабака Бім, якога ў будныя дні даглядаюць суседзі.

З дзяцінства Ірына Суднік палюбіла кветкі, таму і цяпер стараецца падтрымліваць прыгажосць. Увогуле сям’я прывыкла да таго, каб вакол заўсёды было камфортна і ўтульна. І вялікая колькасць кветак каля дома – яркае таму пацвярджэнне.

Таксама заўважаеш шмат экзатычных кустоў, туй, бамбук. З камення Ірына Аляксандраўна зрабіла грыбы, божую кароўку.

– Якія ў вас планы па добраўпарадкаванні сядзібы? – цікавімся ў Ірыны Суднік.

– Хачу зрабіць сажалку, невялікі фантан. На жаль, каб усе планы рэалізаваць, не хапае часу.

У летнюю спёку прыемна пасядзець на лаўцы ў цені дрэў і кустоў, аднак не трэба забываць і аб працы на ўчастку. Ірына Аляксандраўна стараецца зрабіць усё, каб захаваць кветкавую прыгажосць. Кожная кветачка дагледжаная, не застаецца без увагі.

Сям’я стварае для сябе востраў утульнасці і спакою, дзе можна адпачыць душой, а заадно падараваць такую прыгажосць і тым, хто акружае.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *