Акно ДАІ: Светлавы дзень змяншаецца

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

У апошнюю пятніцу верасня Дзяржаўтаінспекцыя раёна правяла адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам – “Светлавы дзень змяншаецца – небяспека павялічваецца!”.

Асноўная мэта сустрэч і гутарак, якія прайшлі ў калектывах, была скіравана на зніжэнне пешаходнага траўматызму, папулярызацыю флікераў, растлумачэнне прававых нормаў, што рэгламентуюць паводзіны ўдзельнікаў дарожнага руху, і меры адказнасці за іх парушэнне. Абследаванне вулічна-дарожнай сеткі дазволіла прыняць меры па ўдасканаленні арганізацыі дарожнага руху, у тым ліку ў месцах канцэнтрацыі дарожна-транспарных здарэнняў з удзелам пешаходаў.

З пачатку года на аўтадарогах раёна адбылося 16 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх адзін чалавек загінуў і 21 атрымаў траўмы. Тры аварыі ўчынілі вадзіцелі ў стане алкагольнага ап’янення. З удзелам пешаходаў адбыліся чатыры ДТЗ. У іх чатыры чалавекі атрымалі траўмы і калецтвы. Да прыкладу, 1-га жніўня каля 22.30 на вуліцы ў Цеснавой матацыкліст учыніў наезд на пешахода, які знаходзіўся на праезджай частцы і не быў абазначаны святлоадбівальнымі элементамі. Пешаход атрымаў цялесныя пашкоджанні.

Пераважная большасць ДТЗ з удзелам пешаходаў фіксуецца ў цёмны час сутак на неасветленых або малаасветленых участках дарог. З улікам змяншэння светлавога дня праблема абазначэння сябе флікерамі набывае асаблівую актуальнасць. Абазначаны пешаход прыкметны пры бліжнім святле фараў на адлегласці 140-150 метраў, пры дальнім – 300-400 метраў. Неабходнасць абавязковага абазначэння пешаходаў святлоадбівальнымі элементамі ў цёмны час сутак устаноўлена і патрабаваннямі Правіл дарожнага руху. За іх невыкананне прадугледжаны штраф ад адной да трох базавых велічынь або папярэджанне (штраф у адносінах да нецвярозага пешахода – ад трох да пяці базавых велічынь, у выпадку стварэння ім аварыйнай сітуацыі – ад трох да васьмі базавых велічынь, у выпадку ўзнікнення ДТЗ па яго віне – ад пяці да дваццаці базавых велічынь).

Адной з прычын гібелі і траўміравання пешаходаў на дарогах з’яўляецца недысцыплінаванасць вадзіцеляў, у прыватнасці, парушэнне патрабаванняў Правіл дарожнага руху пры праездзе нерэгулюемых пешаходных пераходаў і прадастаўлення пешаходам перавагі ў руху. Так, 22 жніўня каля 19.20 на вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах вадзіцель наехаў на веласіпедыста, што пераязджаў праезджую частку па адным з такіх пераходаў. У выніку аварыі веласіпедыст быў траўміраваны.

Пры сезонным змяншэнні светлавога дня Дзяржаўтаінспекцыя заклікае вадзіцеляў да павышанай увагі на дарогах. Калі вы заўважылі пешахода паблізу праезджай часткі, загадзя паменшце хуткасць. Будзьце асабліва пільнымі не толькі пры перасячэнні пешаходных пераходаў, а і пры ажыццяўленні манеўраў на ўнутрыдваровых тэрыторыях. Пешаходам таксама нельга спадзявацца на свае перавагі ў руху на пешаходным пераходзе: трэба абавязкова глядзець па баках, не спяшацца ступаць на праезджую частку, калі машына яшчэ не спынілася.

Веласіпедысты, возчыкі гужавых павозак таксама ўваходзяць у групу рызыкі, калі яны не абазначаны святлоадбівальнымі элементамі. З іх удзелам на дарогах Мінскай вобласці адбылося 55 ДТЗ. У выніку, 7 чалавек загінулі і 49 атрымалі траўмы. Не забывайце, што асноўная прычына ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў – незахаванне правіл манеўрыравання.           

Іван НЯКРАСАЎ, дзяржінспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі  



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *