У Стаўбцоўскім мясакансервавым камбінаце актыўна працуе прафсаюз

Главное Соцыум

image_pdfimage_print

Быць актыўнымі, вандраваць па роднай краіне і трымаць марку свайго прадпрыемства – пад такім дэвізам дзейнічае ў Год народнага адзінства прафсаюзная арганізацыя ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат».  

Выступленне каманды мясакансервавага камбіната на ХІІ раённым турзлёце працоўнай моладзі. Ля мікрафона – капітан Аляксандр Бернатовіч

На прадпрыемстве працуе больш за 350 чалавек, і літаральна ўсе з’яўляюцца членамі прафсаюза. Уступленне ў арганізацыю дае дадатковыя магчымасці, таму няма тых, хто б пашкадаваў аб зробленым выбары.

На нядаўнім ХІІ раённым турысцкім злёце працоўнай моладзі мясаперапрацоўшчыкі ўпэўнена заявілі пра сябе, іх каманда заняла трэцяе месца. Для многіх такі вынік аказаўся нечаканасцю ў сувязі з тым, што склад каманды істотна абнавіўся. А ўвогуле творчай энергіі ў работнікаў камбіната больш чым дастаткова.

Пра гэта расказала старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната, вядучы спецыяліст па кадрах Наталля Бернатовіч. Дарэчы, прафсаюзны лідар таксама была ў складзе каманды.

Інжынер-праграміст Аляксандр Бернатовіч быў капітанам каманды, які забяспечыў музычнае суправаджэнне (адна з выкананых ім песень напісана на вершы Алега Пронькі, байца жывёлы) і афармленне «візіткі». Начальнік вытворчай лабараторыі Алена Супрун прыдумала арыгінальны нумар для абароны палатачнага лагера, а таксама разам з вадзіцелем пагрузчыка Вадзімам Казлоўскім і тэхнолагам Вадзімам Белавусам прынесла камандзе найбольшую колькасць ачкоў на спартыўных дыстанцыях.

Нельга не сказаць, што «Мяснікі» (так называлася каманда) выйшлі на сцэну ў прыгожых касцюмах, якія набыло прадпрыемства, што лішні раз падкрэслівае цеснае ўзаемадзеянне прафсаюзнай арганізацыі і дырэкцыі камбіната.

Мы пацікавіліся ў Наталлі Бернатовіч, на якіх участках працуе «турысцкі» касцяк прафсаюзнай арганізацыі:

– Працуе абсалютна на розных участках. Да прыкладу, Дзяніс Рослік і Руслан Вахнер – вадзіцелі, Мікіта Дубіцкі і Алеся Гайдай – інжынеры-хімікі, Валерый Сахар узначальвае механічны ўчастак, Віктар Сергеевіч – галоўны інжынер, Ала Юнцэвіч, Алена Федаровіч і Іна Варывоцкая – прадаўцы, Кацярына Качура – бухгалтар, Віктар Ціхановіч – грузчык, Надзея Лабунько – ветурач, Юрый Клаўсуць – начальнік аховы, Ірына Гарохавік – інжынер па ахове працы.

Дзякуй усім членам каманды, яны надзея і гордасць камбіната.

– Уяўляю, як праходзіць на камбінаце падрыхтоўка да турзлёту і іншых раённых мерапрыемстваў – спартакіяд, конкурсаў прыгажосці і г. д. Урыўкамі ў  абедзенны перапынак, пасля работы… 

– Працу нашых работнікаў не назавеш лёгкай, але яны хуткія на пад’ём, усім цікавяцца. Па гэтай прычыне ў нас любяць паездкі і экскурсіі, з задавальненнем згаджаюцца на культпаходы на канцэрты знакамітасцяў, якія прыязджаюць у раённы і Старасвержанскі цэнтры культуры.

Нядаўна наведалі Лідскі замак і туркомплекс «Вольны мельнік» з дэгустацыяй лідскага піва і квасу. Жадаючых набралася каля 100 чалавек, таму для нас Стаўбцоўскае бюро падарожжаў і экскурсій заказала два аўтобусы. Усім вельмі спадабаўся такі фармат паездкі. Разлічыўся за яе прафсаюз.

Пабывалі і на фестывалі «Афганскае неба» ў гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна». Па жаданні работнікаў будзем арганізоўваць паездку ў Белдзяржцырк.

Працаўнікі звяртаюцца па матэрыяльную дапамогу. Выпадкі бываюць розныя. Прадугледжаны выплаты ў сувязі з заключэннем шлюбу, нараджэннем у сям’і дзіцяці. Калі здараецца працяглая хвароба і ёсць патрэба ў набыцці дарагіх лекаў – таксама не пакідаем без падтрымкі. Да Дня абароны дзяцей прафкам аказаў дапамогу тром сем’ям работнікаў, у якіх выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю.

На даны момант, калі складваецца не зусім спрыяльная эпідэміялагічная абстаноўка ў сувязі з каранавіруснай інфекцыяй, матэрыяльная падтрымка ў памеры 25 рублёў выдзелена кожнаму члену прафсаюза.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *