Рэдактар газеты «Прамень»: «Мне пашчасціла прыняць удзел у «Вялікай размове з Прэзідэнтам»

Афіцыйна Главное

image_pdfimage_print

На прэс-канферэнцыю былі запрошаны журналісты, блогеры, прадстаўнікі грамадскасці, экспертнай і медыйнай супольнасці, палітолагі. Размова працягвалася больш за восем гадзін, але гэты канструктыўны дыялог прайшоў на адным дыханні.

Падчас вялікай размовы была магчымасць атрымаць кампетэнтныя адказы на пытанні, тэмы, што хвалююць цяпер грамадскіх дзеячаў, журналістаў, палітолагаў, якія цікавыя і для замежных СМІ. Размова атрымалася асаблівай, адкрытай і свабоднай. Нягледзячы на фармат сустрэчы, не было ніякіх абмежаванняў. Некаторыя ўдзельнікі дыскусіравалі і нават жартавалі. Прэзідэнт быў максімальна шчырым і эмацыянальным, адказваў разгорнута, з тлумачэннямі.

Пытанні паступалі самыя розныя, яны тычыліся геапалітыкі, унутранай сітуацыі ў краіне, міграцыі, адносін з ЕС, увядзення санкцый і г. д. Актуальная тэма – падзеі жніўня 2020 года, пратэстныя акцыі і іх вынікі. Раз-пораз узнімалі яе замежныя журналісты, якія без сораму вярталіся да гэтай тэмы.

Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даў грунтоўныя адказы на пытанні нашых замежных калег і, акрамя гэтага, падрабязна расказаў, пад якім ціскам аказалася Беларусь, звярнуў увагу на складаныя палітычныя працэсы, што адбываліся ў краіне, і на тое, як краіна выстаяла і перамагла гэтую «вайну». Мне здалося, што не ўсе прадстаўнікі замежных сродкаў масавай інфармацыі да канца разумеюць, што адбывалася ў Беларусі ў жніўні 2020 года.

На сустрэчы ўзнімаліся і пытанні фэйкавых войнаў. Прэзідэнт адзначыў: «Адзіны антыдот супраць інфармацыйнага яду ў выглядзе фэйкаў – гэта праўда і яшчэ раз праўда». Мы абавязаны гаварыць, аналізаваць, тлумачыць, расказваць аб гісторыі і сённяшнім дні нашай Беларусі.

Кіраўнік краіны зазначыў: «У іх нічога не атрымалася. Разам з тым добра, што такія падзеі адбыліся, бо яны паказалі, хто ёсць хто…»

Наш Прэзідэнт яшчэ раз даказаў усяму свету, што мы можам супрацьстаяць агрэсіі, «майданавым» тэхналогіям.

Усіх прысутных на «Вялікай размове з Прэзідэнтам» зацікавіла і эканамічная тэма. Міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Чарвякоў растлумачыў, дзякуючы чаму наша краіна вытрымала пандэмію і эканамічныя санкцыі. Радуе, што ў Беларусі назіраецца рост унутранага валавога прадукту, павялічваюцца аб’ёмы вытворчасці і што наша прамысловая, машынабудаўнічая, дрэваапрацоўчая прадукцыя, вылічальная і электронная апаратура карыстаюцца попытам далёка за межамі краіны. Міністр эканомікі зазначыў: «Галоўная задача – захаваць і прымножыць нашы дасягненні».

Узнімалася падчас размовы і пытанне адукацыйнага працэсу ў школах, вышэйшых навучальных установах. Згодна, што мы павінны выхоўваць маладых людзей патрыётамі, сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны.

«Вялікая размова з Прэзідэнтам» трансліравалася ў прамым эфіры. Важна, што ўдзельнікам размовы мог стаць любы грамадзянін Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне. Гэта дало магчымасць атрымаць інфармацыю з першых вуснаў.

Я яшчэ раз упэўнілася, што вось такое публічнае, у прамым эфіры, абмеркаванне адлюстроўвае адкрытасць нашага кіраўніка краіны А. Р. Лукашэнкі. Рэкамендую ўсім, у каго не атрымалася паслухаць прамую трансляцыю, зрабіць гэта. Безумоўна, вы пачуеце адказы на многія хвалюючыя вас пытанні.

«Галоўнае – працаваць на карысць Айчыны, на карысць роднай Беларусі, дзеля нашага дабрабыту», – гэтыя словы Прэзідэнта краіны павінны стаць дэвізам для кожнага беларуса.

Нэлі АСТРЭЙКА, рэдактар газеты «Прамень»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *