Маладыя педагогі прыехалі працаваць на Стаўбцоўшчыну

Адукацыя Главное

image_pdfimage_print
16 жніўня ў Дар’і Доўнар і Карыны Пяткевіч будзе першым рабочым днём

У новым навучальным годзе педагагічную сферу нашага раёна папоўніць 21 малады спецыяліст.

Сярод іх – ураджэнкі Стаўбцоўшчыны Дар’я Доўнар і Карына Пяткевіч. Дар’я будзе працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Старасвержанскай сярэдняй школе, а Карына – настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі ў новай, чацвёртай школе ў Стоўбцах.

Дар’я Доўнар вучылася ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце і атрымала мэтавае накіраванне. Яшчэ з дзяцінства яна вырашыла, што будзе педагогам.  Мабыць, ажыццявіцца мары дапамаглі таленавітыя і адданыя сваёй працы настаўнікі сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы. Менавіта яны  прывілі Дар’і любоў да роднай мовы.

Карына Пяткевіч  закончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Дзяўчына доўга выбірала паміж біялогіяй і геаграфіяй, матэматыкай і інфарматыкай. У выніку перавагу аддала апошняму, таму што жыццё вельмі часта сутыкае нас з лічбамі. Карыне пашанцавала, таму што яна будзе выкладаць у новай школе № 4 у Стоўбцах.

Дзяўчаты хвалююцца, як іх сустрэне калектыў, якія будуць дзеці. Аднак яны вераць у свае сілы і спадзяюцца на дапамогу вопытных педагогаў і разуменне бацькоў.

Як адзначыла начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі і кадравага забеспячэння ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алена Варанецкая, ва ўстановах адукацыі для маладых спецыялістаў створаны аптымальныя ўмовы працы. 11 маладых спецыялістаў маюць вышэйшую адукацыю, 10 – сярэднюю спецыяльную. Іх ініцыятыва і ідэі павінны станоўча паўплываць на ўдасканальванне сістэмы адукацыі.

Алена Іванаўна жадае маладым педагогам цярпення, мудрасці, удачы і рэалізацыі планаў.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *