Да раённага свята «Дажынкі-2021» Шашкам надаюць каляровы імідж

Главное Моя Столбцовщина

image_pdfimage_print

Выгляд аграгарадка, які на пачатку верасня стане сталіцай раённага свята «Дажынкі-2021», на вачах змяняецца

У цэнтры Шашкоў фасады будынкаў становяцца каляровымі. Пераўтварыўся і парк, у якім пасля добраўпарадкавання ўжо зманціравана дзіцячая гульнявая пляцоўка.      

Пра тое, як рыхтуецца аграгарадок да свята, мы гутарым з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Яўгенам Кандратовічам.

Кантроль – падчас выязных планёрак

– Работы па добраўпарадкаванні аграгарадка Шашкі фактычна пачаліся ў мінулым годзе. Іх актыўная фаза прыходзілася на пачатак чэрвеня бягучага года, – зазначае Яўген Кандратовіч. – Працуем паэтапна, згодна з планам мерапрыемстваў, які распрацаваны і зацверджаны раённым выканаўчым камітэтам.

Ставіцца задача, каб агульнымі намаганнямі органаў мясцовай улады і суб’ектаў гаспадарання надаць аграгарадку сучасны выгляд, зрабіць яго камфортным, прыгожым і зручным для пражывання.

Большая частка таго, што прадугледжана планам мерапрыемстваў, ужо рэалізавана. Для кантролю за якасцю і тэрмінамі выканання работ непасрэдна ў аграгарадку праходзяць выязныя планёркі з удзелам зацікаўленых арганізацый.

Пасля рамонту будзе каляровым фасад адміністрацыйнага будынка ААТ «Шашкі» і Шашкоўскага сельвыканкам

Ад ганка да глядзельнай залы

– Яўген Іванавіч, відавочна, што абнаўляюцца школа, дом культуры, адміністрацыйны будынак ААТ «Шашкі» і сельвыканкама. Якія падрадныя арганізацыі задзейнічаны на рамонтных работах?

– Асноўныя работы праводзяць ПМК-233, Стаўбцоўскае АКС, ДРБУ № 135. Будаўнікі свае абавязацельствы адносна рамонту ў школе ўжо выканалі. Так, да новага навучальнага года імі завершаны вялікі аб’ём работ, уключаючы замену 38 аконных блокаў,  падлогі і столі ў калідорах. Намаганнямі дарожнікаў выканана асфальтаванне на школьным стадыёне новай бегавой дарожкі і пляцоўкі для гульні ў баскетбол і валейбол.

У дзіцячым садзе комплекс неабходных работ па рамонце харчблока, даху, замене аконных блокаў, пафарбоўцы надворнага абсталявання і абнаўленні малых архітэктурных формаў, пасадцы кветнікаў быў выкананы ў планавым парадку на працягу года.

Значныя змены закрануць і мясцовы дом культуры. Рамантуюцца  яго  фасад, дах. Унутры будынка прыводзіцца ў парадак санітарны вузел і інш. У жніўні будзе завершаны рамонт глядзельнай залы, дзе, дарэчы, і плануецца  ўрачыстае ўшанаванне пераможцаў сёлетняй уборачнай кампаніі на Стаўбцоўшчыне.

Паркоўкі, пешаходныя дарожкі, вулічныя трэнажоры

– Што новага чакае вяскоўцаў? – цікавімся ў Яўгена Кандратовіча.

– Камунальнікі сумесна з дарожнікамі займаюцца добраўпарадкаваннем парку, уладкаваннем пешаходных сувязяў, рамонтам вулічна-дарожнай сеткі, – падкрэслівае Яўген Кандратовіч і ўдакладняе, што падсыпка, грэйдзіраванне вуліц і дарог у аграгарадку вяліся і раней, яшчэ да пачатку рэалізацыі плана падрыхтоўкі да раённага свята.

Ля будынка царквы плануецца стварыць паркоўку на 10-12 машынамесцаў. Будзе заасфальтавана паркоўка і побач з адміністрацыйным будынкам сельгаставарыства. Пешаходныя дарожкі пралягуць,  да прыкладу, ад  царквы да мехдвара. Запланавана абсталяванне дарожкі ўздоўж аўтамабільнай дарогі Р54 (ад ФАПа да могілак), якое выканае ДЭУ-62.

Для аздаблення парку заказаны шэсць лавачак (у тым ліку дзве будуць устаноўлены ля  дзіцячай гульнявой пляцоўкі і вулічных трэнажороў) і малыя архітэктурныя формы. Будзе пафарбаваны помнік (гэта даручана ААТ «ТБЗ «Нёман»). Паўсюдна навакольную тэрыторыю ў цэнтры аграгарадка  ўпрыгожаць газоны і клумбы.

У парку аграгарадка з’явілася дзіцячая гульнявая пляцоўка

І на вяскоўцаў надзея

– Да раённага свята балансатрымальнікі прыводзяць у парадак свае аб’екты. Каго варта вылучыць?

– Так, Стаўбцоўская ЦРБ правяла работы па рамонце адмосткі ФАПа і прылеглай да яго тэрыторыі. Ва ўстанове аховы здароўя зроблены касметычны рамонт. ААТ «Шашкі» займаецца добраўпарадкаваннем мехдвара, – расказаў Яўген Кандратовіч.

ВУ «Стоўбцыгаз» і Стаўбцоўскія электрычныя сеткі абнавілі свежай фарбай свае аб’екты ў аграгарадку. Старынскаму лясніцтву было даручана сфарміраваць кроны дрэў у парку, а таксама выдаліць неэстэтычныя і аварыйныя дрэвы – з даручэннем яны справіліся.

Стаўбцоўскім філіялам Мінскага аблспажыўтаварыства сумесна з ААТ «ТБЗ «Нёман»  закуплены матэрыялы, і неўзабаве пачнуцца работы па рамонце магазінаў.

Будзем спадзявацца, што і жыхары аграгарадка не застануцца ўбаку, а выйдуць з суседзямі на суботнікі, каб стан іх дамоў і вуліц, а таксама прылеглых тэрыторый адпавядаў статусу «сталіцы» раённага свята «Дажынкі».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *