Стаўбчане дзейснілі вялікае экзатычнае падарожжа да цэнтра Зямлі 

Важное Соцыум

image_pdfimage_print

Сям’я нашых землякоў Канстанціна і Анастасіі Лапко здзейсніла вялікае экзатычнае падарожжа да цэнтра Зямлі і там разгарнула сцяг Стоўбцаў

Канстанцін і Анастасія Лапко разгарнулі на экватары сцяг Стоўбцаў

Мара і авантура

– Аб гэтай вандроўцы мы марылі даўно, – гавораць Канстанцін і Анастасія Лапко. – Усё здавалася больш падобным на авантуру, але акцыі авіякампаній зрабілі сваю справу. Мы ляцім у Эквадор!

Эквадор – ад слова «экватар».  Ён  перасякае тэрыторыю гэтай паўднёва-амерыканскай краіны. Шлях да яе няпросты. Адразу быў пералёт па маршруце Мінск – Стамбул, потым – перасадка на трансатлантычны рэйс Стамбул – Багата (Калумбія). З Калумбіі дабіраліся да сталіцы Эквадора – г. Кіта.

Кіта пабудаваны на падмурку старажытнага горада інкаў і дзівіць нас сваёй архітэктурай.

Пасяліліся мы ў адным са старадаўніх каланіяльных будынкаў. Прачнуліся ў чатыры раніцы па мясцовым часе.

А далей – знаёмства з Кіта, дзе цудоўныя храмы і паркі, у якіх лятаюць калібры.

Узыходжанне на вулкан

Кіта размешчаны ў міжгорнай катлавіне Анд, на схіле вулкана Пічынча.

На досвітку мы скокнулі ў таксі і адправіліся да Тэлеферыка – канатнай дарогі, якая з прыгарада Кіта дазваляе падняцца на Пічынча на вышыню 4100 метраў.

Прыехаўшы да адкрыцця Тэлеферыка, былі вельмі здзіўлены колькасцю мясцовых жыхароў, якія ўжо стаялі ў чарзе. У Эквадоры вельмі папулярныя горныя вандроўкі і розныя трэкінгі.

Вяршыня Пічынча пасыпала нас градам, палівала ледзяным дажджом. Калі пачалі спуск, гнеў вулкана не змяншаўся. Потым увесь вечар мы імкнуліся адагрэцца ў душы. Ацяплення ж у дамах у Эквадоры няма.

Блакітнаногія волушы

Адна нага ў паўночным, другая – у паўднёвым паўшар’і

Мы ўжо на шляху ў Мітад дэль Мундо, дзе зямны шар дзеліцца на паўночнае і паўднёвае паўшар’е. Гэта – экватар.

У 1736 годзе французская геадэзічная экспедыцыя прыбыла ў Эквадор, каб зрабіць вымярэнні зямной паверхні і вызначыць лінію экватара, а ў 1936 годзе ў гонар 200-годдзя гэтай экспедыцыі быў устаноўлены помнік экватару. За 200 метраў ад помніка праходзіць сапраўдная лінія экватара. На ёй пачынаюцца цуды, якія тлумачацца магнітным полем зямлі.

Эквадор – гэта не толькі Кіта, але і амазонскія джунглі, Анды, Ціхі акіян.

«Кацёл д’ябла»

Нацыянальны парк Катапахі. Называецца ён у гонар аднайменнага вулкана. Вышыня Катапахі – 5897 метраў. На вышыні 5300 метраў здараецца пазаштатная сітуацыя, гід дае каманду на спуск.

У горных джунглях нас чакае гарадок Баньёс, дзе бярэ пачатак дарога вадаспадаў з вадаспадам-жамчужынай Пайлон-дэль-Д’ябла, што ў перакладзе з іспанскага азначае «кацёл д’ябла». Каб трапіць туды, трэба прайсці праз трапічны лес.

Мясная страва – з марской свінкі

Радзіма бульбы – Паўднёвая Амерыка, і адна з нацыянальных страў Эквадора – суп «Лакро». У яго дабаўляюць авакада, дамашні тварожны сыр і папрыку.

На другое была смажаная на вуглях марская свінка.

Сустрэча з Ціхім акіянам

Горны серпантын Анд адкрывае неверагодныя пейзажы. Шырокае лісце бананаў, бамбук, ліяны проста навісаюць над дарогай. Вышэй мы трапляем у альпійскія лугі з яркімі кветкамі. Далей пачынаюцца пустка, рэдкія хмызнякі, голыя каменныя схілы. Менавіта ў гэтым месцы мы сустрэлі альпак, якія пасвіліся. Воўна іх вельмі шануецца.

Нягледзячы на ўсе складанасці ў дарозе, мы прыбылі ў Куэнку – культурную сталіцу Эквадора. Цэнтр горада мае мноства гістарычных будынкаў каланіяльнай эпохі.

Наступная кропка нашага падарожжа – г. Гуаякіль. Дзякуючы выхаду да Ціхага акіяна і найбуйнейшаму порту горад з’яўляецца эканамічным цэнтрам Эквадора.

І вось яна, сустрэча з Ціхім акіянам.

Спыніцца вырашылі ў вёсачцы прама на ўзбярэжжы. З самай раніцы адправіліся на рыбны рынак. Да берага падыходзілі рыбацкія лодкі, і рыбакі прадавалі свой начны ўлоў. Васьміногі, лангусціны, крэветкі, малюскі, крабы, двухметровыя тунцы, дзясяткі відаў рознай рыбы – усім гэтым Ціхі акіян забяспечвае мясцовае насельніцтва.

На лодцы мы адправіліся на востраў Ісла-дэ-ла-Плата. Ён цікавы тым, што на ім гняздуюцца блакітнаногія волушы.

На наступны дзень  чакала сустрэча з кітамі. Лодку на хвалях кідала, таму трэба было дзвюма рукамі трымацца за корпус. Бераг ужо даўно знік з поля зроку, і нарэшце недалёка ад лодкі вада нібы закіпела, потым у паветра падняўся вадзяны слуп. Кіт выдыхнуў паветра і, зрабіўшы новы ўздых, плаўна пераваліўся ўсім целам праз бурлівыя хвалі, паказаўшы нам свой хвост. Больш за гадзіну кіт цешыў нас сваімі піруэтамі.

Піруэты кіта

Беларусы жывуць і  на экватары

У Эквадоры ёсць невялікая дыяспара беларусаў. З адной сям’ёй мы выпадкова спісаліся ў фэйсбуку і сустрэліся. Жыве сям’я ў горадзе Манты, на беразе акіяна.

Аляксандр і Вольга пераехалі ў Эквадор у 2002 годзе. Іх старэйшая дачка заканчвае школу і збіраецца паступаць у інстытут у Барселоне, малодшая – яшчэ  не ходзіць у школу.

Увесь дзень мы прасядзелі ў кафэ на набярэжнай. Нашы знаёмыя пыталіся пра Беларусь. Яны параілі нам па дарозе яшчэ заехаць на ферму матылькоў.

Бліжэй да ночы мы дабраліся ў Кіта. З раніцы здалі тэсты на каранавірус і адправіліся збіраць рэчы.

Падчас перасадкі ў Панаме пазнаёміліся з двума хлопцамі з Крыма. Яны маракі на судне, вярталіся з Уругвая дадому.

Мы ўжо дома. Але ўспамін пра гэтае падарожжа ні на дзень не пакідае…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *