Дзеці малююць з натуры Стоўбцы. Гэтымі днямі ў горадзе праходзяць пленэры

Гэтымі днямі ў розных кропках нашага горада можна ўбачыць юных мастакоў. Дзеці малююць з натуры Стоўбцы, у тым ліку каб паказаць усім, што ў нас ёсць архітэктура, прыгажосць, а не толькі тыповыя забудовы.

За гэтым заняткам мы ўбачылі дзяцей… у двары санстанцыі. Аказваецца, там іх зацікавіў васьмігранны эркер, падобны на вежу замка. Юныя мастакі раз-пораз кідаюць на яго позіркі, каб дакладна перадаць рысы.

Назіральнасць – важная якасць юных мастакоў

Загадчыца мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Ірэна Зянько расказала:

– Кожны год у жніўні на працягу трох тыдняў у нас праходзіць пленэр – маляванне з натуры. Сёлета ў ім удзельнічаюць каля 40 выхаванцаў аддзялення. Дзеці занатоўваюць усё, што бачаць: кветкі, расліны, дрэвы, людзей, якія рухаюцца, будынкі, адлюстраванне неба ў лужах, вецер… Яны выпрацоўваюць у сабе назіральнасць. Пленэр праходзіць раз у год менавіта летам, калі дзеці не загружаны школьнымі ўрокамі, іх не адцягваюць дамашнія заданні. Яны пяць гадзін у першай палове дня прысвячаюць сябе напружанай працы – маляванню.

Акрамя Ірэны Зянько з дзецьмі выходзяць у горад і такія вопытныя выкладчыкі, як Андрэй Зянько, Святлана Калкоўская. Кожны дзень выбіраецца новае месца. Да прыкладу, учора малявалі касцёл, які ўзводзіцца, пазаўчора – старыя дамы з калонамі, балкончыкамі і аркамі на вуліцы Магістральнай горада.

У новым навучальным годзе на заняткі на мастацкае аддзяленне Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў прыйдуць каля 100 вучняў. Самыя малодшыя – ва ўзросце пяці гадоў.

Сучасная тэндэнцыя – пастаяннае павелічэнне колькасці выхаванцаў, таму што бацькі імкнуцца развіваць сваіх дзяцей, адцягваць іх такім чынам ад гаджэтаў і вуліцы. Маляванне – карпатлівая праца, таму не ўсе вытрымліваюць нагрузку, але самыя настойлівыя выбіраюць прафесію дызайнера, мастака або архітэктара. У наступным годзе трое выхаванцаў мастацкага аддзялення мараць паступіць у профільныя навучальныя ўстановы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ