Для падлетка са Стоўбцаў «прыкол» закончыўся рэанімацыяй

Ахова правапарадку Важное

image_pdfimage_print

На пасяджэнні раённай камісіі па справах непаўналетніх разгледжаны абуральны па сваёй сутнасці факт: 12-гадовы падлетак распіваў спіртныя напіткі, пасля чаго трапіў у рэанімацыю.

Высветлілася, што двое непаўналетніх дзеля «прыколу» паспрачаліся,  хто больш вып’е алкаголю. Узялі ў дзядулі аднаго з іх бутэльку гарэлкі і сталі распіваць. Іх забава закончылася тым, што аднаму ўдзельніку п’янкі стала дрэнна…

У гэтай гісторыі абодвух падлеткаў станоўча характарызуюць у школе і дома, але відавочна, што адсутнічаў належны кантроль за дзецьмі ў летні перыяд.

– У гэтым плане вялікае поле дзейнасці і для бацькоў, і для ўстановы адукацыі, – падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі па справах непаўналетніх Жанна Лысая.

Бацькам прапанавана сачыць за колам зносін сваіх дзяцей, педагогам – правесці ў верасні, калі вучні прыйдуць у школу, класную гадзіну на тэму негатыўнага ўздзеяння алкаголю, растлумачыць, чым заканчваюцца розныя «прыкольныя» спрэчкі. Зразумела, неабходна запрасіць да размовы медыкаў і работнікаў міліцыі.

З абодвума падлеткамі будзе праводзіцца прафілактычная работа, у прыватнасці ўрачом-нарколагам бальніцы.

– Ужыванне непаўналетнімі алкагольных напіткаў не можа не выклікаць трывогі, – працягвае тэму намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько. – З пачатку года на камісіі разгледжаны паводзіны пяці непаўналетніх, якія дасягнулі ўзросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Яны распівалі спіртное ў  грамадскіх месцах.

У летні перыяд складзены і пратакол у адносінах да непаўналетняга за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення.

З прафілактычнай мэтай былі разгледжаны на раённай камісіі паводзіны чатырох непаўналетніх, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту і ўжывалі спіртныя напіткі (у адносінах да іх бацькоў прынята пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле часткі 1 артыкула 10.3 КоАП Рэспублікі Беларусь).

Акрамя таго, сёлета раённай камісіяй разгледжаны пяць пратаколаў у адносінах да бацькоў за парушэнне дзецьмі антыалкагольнага заканадаўства. Двое з іх  прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе штрафу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *