Доўгажыхарцы Стоўбцаў споўнілася 100 гадоў

Важное Соцыум

image_pdfimage_print

100 гадоў – гэта не проста доўгі жыццёвы шлях. Гэта яшчэ вялікая мудрасць, вопыт і неймаверная бадзёрасць духу, якія дэманструе Ніна Еўдакімаўна Алешчанка са Стоўбцаў.

Ніна Еўдакімаўна Алешчанка ў свае 100 гадоў радуецца кожнаму дню

На Стаўбцоўшчыне перасягнулі 100-гадовы рубеж Ніна Алешчанка (г. Стоўбцы), Ядвіга Сянкевіч (г. Стоўбцы), Софія Белая (в. Мікалаеўшчына), Галіна Янчанка (в. Ляўкоўшчына), Іван Чарнец (в. Налібакі) і Юзэфа Макась (в. Дзяражнае).

Ніна Еўдакімаўна нарадзілася ў вёсцы Тупічына Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Закончыла сямігодку ў мясцовай школе. У сям’і было чацвёра дзяцей – тры сястры і брат. Ніна Еўдакімаўна сярод іх – самая старэйшая. Ёй было ўсяго тры гады, калі не стала маці. Калі пачалася вайна, бацька пайшоў на фронт, таму ўсю цяжкую работу дзяўчына брала на сябе: ездзіла ў лес, нарыхтоўвала дровы.

Так склалася, што замуж Ніна Еўдакімаўна не выйшла. Разам з сястрой пражывала ў Слабадзе, затым – у Стоўбцах. 28 гадоў працавала нянечкай у яслях-садзе № 4 г. Стоўбцы. Пасля таго як пайшла на пенсію, працавала ў той жа ўстанове адукацыі вартаўніком, аж да 80 гадоў.

Ніна Еўдакімаўна пражывае разам з пляменнікам, якому жанчына ўдзячная за дапамогу. Адзін з любімых заняткаў Ніны Еўдакімаўны – вязанне. Сярод вырабаў – разнастайныя сурвэткі, адзенне.

Па вечарах жанчына прагульваецца па сваёй вуліцы. «Люблю падыхаць свежым паветрам, атрымаць асалоду ад навакольнай прыгажосці», – прызнаецца Ніна Еўдакімаўна.

На пытанне аб сакрэце даўгалецця яна адказвае проста: «Ніякага сакрэту няма, проста жадаю ўсім дабра». Ніна Еўдакімаўна захавала здаровы розум, добрую памяць, эмацыянальнасць, жыва рэагуе на падзеі ў нашай краіне і ў свеце.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *