Прафсаюзы ўшаноўваюць перадавікоў жніва

Важное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Непасрэдна на полі хлебаробаў раёна віншаваў з працоўнымі дасягненнямі старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Ілья Шацько.

Старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі Ілья Шацько ўшаноўвае механізатара ААТ «Каганец» Дзмітрыя Трацяка

Звяртаючыся да перадавікоў вытворчасці, Ілья Іванавіч адзначыў, што ва ўсе часы праца хлебароба была самай ганаровай: «Вы шчыруеце з ранку да позняга вечара для таго, каб быў важкім хлебны каравай. Дзякуй вам за адданасць  нялёгкай і пачэснай сялянскай справе». Прафсаюзны лідар пажадаў вясковым працаўнікам важкіх намалотаў і ўручыў падарункі.

Адзначаны за добрасумленную працу камбайнеры ААТ «Каганец» Сяргей Шахно і Сяргей Карабін, якія ўжо намалацілі звыш тысячы тон збожжа кожны, Расціслаў Васілевіч, а таксама малады спецыяліст Уладзіслаў Камейша, які працуе ў гаспадарцы інжынерам па ахове працы, а падчас уборачнай шчыруе на камбайне. У ліку адзначаных – малады вадзіцель-тысячнік Алег Даўгапол і механізатар Дзмітрый Трацяк, які цяпер заняты на прасаванні саломы. Дарэчы, у гаспадарцы салома запрасавана на плошчы каля 600 гектараў, што складае 80 працэнтаў да ўборачнай плошчы збожжавых культур – найвышэйшы паказчык сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна. Хлебаробы таварыства гэтымі днямі завяршаюць жніво і першымі прыступілі да сяўбы азімага рапсу, які размесціцца на 250 гектарах.

Малады вадзіцель Алег Даўгапол, камбайнеры Расціслаў Васілевіч, Сяргей Шахно і Сяргей Карабін шчыруюць на палетках ААТ «Каганец»

У ААТ «Рубяжэвічы» ўвагі старшыні абласнога галіновага прафсаюза быў удастоены вопытны вадзіцель Анатолій Марцінкевіч. Анатолій Антонавіч перавёз ад камбайнаў больш за тысячу тон збожжа. Ён атрымаў адначасова падзячнае пісьмо райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарунак. Павіншавала дбайнага працаўніка з перамогай старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч. Варта адзначыць, што Анатолій Марцінкевіч – у ліку лепшых вадзіцеляў таварыства, карыстаецца павагай сярод калег. Летась яму даручылі новую аўтамашыну МАЗ.

Надзея БАТАЛКА

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *