Сустрэча: Калектыўны дагавор і для сталага чалавека

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

Падобрай традыцыі, 1-га кастрычніка, у Міжнародны дзень пажылых людзей, у раённым Цэнтры культуры прайшло святочнае мерапрыемства з удзелам кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый Стаўбцоўшчыны. Для людзей сталага веку гэта яшчэ адна сустрэча адзін з адным, поўная ўспамінаў, душэўнай маладосці…

Для тых, каму ўжо «за…», шмат не трэба. Быў бы спакой ды павага. Стаўбчанка Вера Кожыч так выказалася: «У матэрыяльным мы патрэбы не маем – прывыклі абыходзіцца тым, што ёсць. Хацелася б больш увагі ад нашых прадпрыемстваў, адкуль пайшлі на заслужаны адпачынак».

Мы вернемся да гэтай слушнай заўвагі пазней, а пакуль скажам, што пажаданне гэтае прагучала пасля таго, як намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель агучыў вынікі рэалізацыі ў раёне дзяржаўных праграм па сацыяльнай падтрымцы пажылых людзей, ветэранаў і асоб, якія пацярелі ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, па стварэнні безбар’ернага асяроддзя, аказанні адраснай дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі і многіх іншых відаў дапамог і выплат. Для пенсіянера асноўная выплата і крыніца даходу – пенсія. Сярэдні памер прызначанай у раёне пенсіі складае 2 370 098 рублёў. Усё, што зроблена і робіцца на карысць людзей сталага веку, было фактычна падмацавана сумамі выдзеленых дзяржавай на сацыяльную падтрымку сродкаў. І іх аб’ём пастаянна павялічваецца, пакуль у нашай краіне назіраецца рост пажылога насельніцтва і тэндэнцыя да дэмаграфічнага старэння.

Сяргей Шэсцель ад імя выканаўчай улады выказаў падзяку ўсім пажылым людзям раёна. На даны момант на Стаўбцоўшчыне амаль 13,5 тысячы атрымальнікаў пенсій і дапамог, што азначае, што пенсіянерам з’яўляецца амаль кожны трэці жыхар (для параўнання, у рэспубліцы – кожны пяты). Менавіта гэтыя людзі стваралі падмурак пад наша сёння: ваявалі за Радзіму, узнімалі з руін гаспадарку, нараджалі і гадавалі новыя пакаленні. Адметна, што некаторыя з іх, нягледзячы на шаноўны ўзрост, і сёння працягваюць быць карыснымі. Так, 107 пенсіянераў прынялі ўдзел у аплатных грамадскіх работах (сезонных сельскагаспадарчых работах), а шасці чалавекам пенсіённага ўзросту з боку  ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні.

Словы ўдзячнасці былі адрасаваны і старшыням грамадскіх арганізацый – раённага савета ветэранаў вайны і працы Іосіфу Язвінскаму і раённага таварыства інвалідаў Міхаілу Мазуру – за  канкрэтную работу з пажылымі людзьмі, аказанне ім рэальнай дапамогі. Пры гэтым нельга не падкрэсліць, што абодва старшыні грамадскіх арганізацый самі з’яўляюцца сталымі людзьмі, але застаюцца для грамадства актывістамі.

Раённыя выканаўчыя ўлады выказалі спадзеў на дапамогу грамадскіх арганізацый, якія ўзначальваюць Іосіф Язвінскі і Міхаіл Мазур, а таксама на прафсаюзныя камітэты, каб сувязь прадпрыемстваў і арганізацый са сваімі былымі работнікамі была па-сапраўднаму рэальнай і дзейснай. «Меры сацыяльнай абароны ветэранаў працы неабходна закладваць у калектыўны дагавор», – лічыць Сяргей Шэсцель. Найбольш поўны сацыяльны пакет прадастаўляюць сваім ветэранам электрасеткі, філіял Беларусбанка, сельгаспрадпрыемства «Агранёманскі».    

Сумесная работа раённых улад, зацікаўленых службаў і грамадскіх арганізацый праследжваецца ў дапамозе пажылым людзям з нарыхтоўкай  гародніны і паліва на зіму, апрацоўкай прысядзібных участкаў і т. п. За бюджэтныя сродкі ў пяці дамах, дзе пражываюць ветэраны вайны, сёлета адрамантаваны печы і электраправодка. Пажылымнямоглым людзям аказваюцца і неабходныя разавыя паслугі па сацыяльных тарыфах. 868 чалавек (або дзевяць працэнтаў ад агульнай колькасці адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян пажылога ўзросту раёна) дома абслугоўваюць сацыяльныя работнікі. Для пажылых людзей, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя абставіны, у медыцынскіх установах арганізавана 20 ложкаў сястрынскага догляду. Па паказаннях ёсць магчымасць пралячыцца ў бальніцы і прайсці санаторна-курортнае лячэнне.    

З сакавіка 2013 года ў тэрытарыяльным цэнтры рэалізуецца інавацыйны праект – адкрыты ўніверсітэт трэцяга ўзросту, у рамках якога арганізавана навучанне пажылых людзей па чатырох факультэтах: маральна-духоўны, азбука здаровага ладу жыцця, калейдаскоп пазнанняў, гісторыка-краязнаўчы. А некаторыя, як члены народнага хору ветэранаў вайны і працы раённага Цэнтра культуры, пасябравалі з песняй. Маладосць сваёй душы яны якраз і прадэманстравалі  падчас выступлення ў Дзень пажылых людзей.

Загадчыца паліклінікі Алена Падалянчык таксама павіншавала пажылых людзей і запрасіла на бясплатную вакцынацыю ад грыпу, расказала пра магчымасць падмацаваць сваё здароўе з дапамогай фізіяпрацэдур, вітамінатэрапіі і т. п., наведаўшы аддзяленне дзённага знаходжання.

Сярод пытанняў, якія хвалююць пажылых людзей, – пытанне адключэння праваднога радыёвяшчання. Вычарпальны адказ на яго даў начальнік раённага вузла электрасувязі Міхаіл Касабуцкі: «Пытанне адключэння праваднога радыёвяшчання вырашана на рэспубліканскім узроўні. Замест яго прапанаваны радыёпрыёмнікі. Кошт самага простага з іх – 181 700 рублёў.  Для інвалідаў, адзінокіх людзей мы маем магчымасць прадаставіць растэрміноўку плацяжу. Набыць радыёпрыёмнік можна не толькі ў нас, у раённым вузле электрасувязі, але і ў любым магазіне горада, які гандлюе радыёэлектроннымі таварамі. Па прыёмніку можна слухаць і перадачы раённага радыё, якія будуць трансліравацца па аўторках і чацвяргах згодна з зацверджанай аблвыканкамам сеткай».  

Падводзячы вынікі размовы, хочацца заўважыць, што сапраўдная, жывая ўвага і сувязь са светам неабходныя  пажылым людзям кожны дзень. Пра гэта павінны турбавацца мясцовая ўлада, прадпрыемствы, дзе ветэраны раней працавалі, грамадскія арганізацыі і – галоўнае – іх родныя і блізкія. Памятайце гэта!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ДАПАМОГА: З РУК У РУКІ

У раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва  працягваецца акцыя «З рук у рукі». Яе мэта – збор адзення, рэчаў паўсядзённага ўжытку для перасяленцаў з Украіны, якія вымушаны былі пакінуць свае дамы ў сувязі з баявымі дзеяннямі на іх тэрыторыі.

Перасяленцы з Украіны могуць звярнуцца ў наш цэнтр і атрымаць дапамогу ў выглядзе дарослага і дзіцячага адзення.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Сацыялістычная, 40, каб. № 7 ці па тэлефоне 5-42-93.

Марыя ГЛЕБКА,загадчыца аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

 

ЗА КРУГЛЫМ СТАЛОМ: РАЗЛІЧВАЦЬ НА ПАДТРЫМКУ

Тэрытарыяльны цэнтр ушчыльную працуе з усімі сацыяльна неабароненымі катэгорыямі грамадзян, але маладыя людзі з ліку сіроцкай катэгорыі могуць разлічваць на асаблівую падтрымку – «Руку дапамогі» .

Так называецца праект, які ўключае ў сябе інфармацыйную і кансультацыйную падтрымку, псіхалагічныя трэнінгі і проста сяброўскія сустрэчы, каб дзяліцца адзін з адным уласнымі досведам і поспехамі. Нядаўна такая выніковая сустрэча за круглым сталом актавай залы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва сабрала разам маладых людзей сіроцкай катэгорыі і тых, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для маладых інвалідаў. Спецыялісты аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі пастараліся, каб сустрэча была шматлюднай і максімальна карыснай для кожнага.

Пачаў размову псіхолаг аддзялення Сяргей Есіс, які падкрэсліў асаблівую важнасць таго «капіталу», якім адорвае нас прырода. У першую чаргу, гэта здароўе, аптымізм, вера ў сябе. Але некаторыя з маладых гадоў недаравальна трацяць гэтыя каштоўнасці: вымываюць іх алкаголем, разбаўляюць нікацінам і наркотыкамі… Кожны для сябе мог даць адказ на самае галоўнае пытанне і, пры неабходнасці, ухапіцца за выйсце, якое прапанаваў адзін з гасцей круглага стала – настаяцель рымска-каталіцкай царквы ксёндз Адам Врубэль. Святар даводзіў, як важна палюбіць сябе такім, як ты ёсць, знайсці ў сабе лепшыя рысы, каб стварыць унутраны стрыжань, аснову, здольную супрацьстаяць шкодным звычкам, дрэнным кампаніям і т. п.

Аб такіх неабходных рэчах, як планаванне сям’і, цяжарнасць, але цяжарнасць жаданая, за якою ідзе асэнсаванае і адказнае бацькоўства, расказала запрошаная на сустрэчу акушэр-гінеколаг цэнтральнай раённай бальніцы Вераніка Вярэмская.   

Вынікі гэтай шчырай размовы кожны прагаварыў падчас рэфлексіі. Галоўнае для маладых людзей, чый лёс з самага пачатку адрозніваўся ад лёсу іншых людзей, –  што праект «Рука дапамогі», за якім стаяць прафесійныя і неабыякавыя спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра, гатовы працаваць з імі індывідуальна, канкрэтна, па-сямейнаму зацікаўлена.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

З ЗАПАСАМ МУДРАСЦІ

Цэнтр банкаўскіх паслуг № 624 г. Стоўбцы філіял №  500 – Мінскага ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» паказвае прыклад, як трэба адносіцца да сваіх ветэранаў.

У сонечны кастрычніцкі дзень 28 чалавек, хто цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку, атрымалі запрашэнне на ўрачыстасць.

Для ветэранаў банкаўскай справы былі заказаны месцы ў кафэ. Усе яны адчулі, што сённяшняе кіраўніцтва ў асобе Людмілы Стралкоўскай і ўвесь калектыў цэняць іх мудрасць, гатовы выслухаць іх парады. У сваю чаргу ветэраны з цікавасцю даведаліся, як ідуць справы ў калектыве, парадаваліся поспехам, таму, што захоўваюцца добрыя традыцыі, імі пачатыя. Гэтая сустрэча дала магчымасць ім адчуць сябе паўнапраўнымі членамі банкаўскай сям’і.

І не адзін раз на працягу каляндарнага года ў Цэнтры банкаўскіх паслуг № 624 адбываюцца такія сустрэчы з ветэранамі банкаўскай справы. Ці трэба гаварыць, як гэта сагравае іх, умацоўвае сілы і стварае светлы жыццёвы настрой.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *