Хто смеціць? Парк Дружбы народаў у Стоўбцах засмечаны акуркамі

Бруд у парку, міма якога не могуць прайсці нашы чытачы

Нашы чытачы прысылаюць у рэдакцыю фота, на якіх парк Дружбы народаў у Стоўбцах засмечаны акуркамі. Асабліва шмат іх вакол лавачак.

Здаецца, і сметніцы ёсць (іх у парку налічылі каля двух дзясяткаў), і яны не перапоўненыя, а акуркі валяюцца пад нагамі. Няўжо не прачыталі наведвальнікі на ўваходзе, што парк з’яўляецца зонай, свабоднай ад курэння?..

Ізноў прыходзіцца гаварыць пра нашу культуру, асабістую адказнасць кожнага за чысціню ў горадзе, у якім жывём. Іншым разам бывае проста сорамна, калі бачыш, як лузгаюць пад ногі семачкі. Пасля нават праходзіць міма гэтай лавачкі не хочацца. Усім непрыемна глядзець на бруд у грамадскім месцы, якім з’яўляецца парк.

А што камунальнікі, куды яны глядзяць?..

– За паркам замацаваны работнік, які кожную раніцу робіць абход і вымятае акуркі, прыбірае смецце, – гаворыць майстар участка Стаўбцоўскага АКС Алена Фінагенава. – На працягу дня чыста, а бліжэй да вечара ізноў можа быць каля лавачак тая ж карціна.

Работніца расказвае пра свежы факт вандалізму ў парку: на адной з лавачак зламана дошка. Няўжо на ёй нехта скакаў?..

«Адрамантуем лавачку, падфарбуем», – запэўнівае майстар.

Вядома, што раней у парку штосьці было скручана з фантана і на дзіцячай пляцоўцы «спыніліся» арэлі… Парушэнняў дастаткова, але штосьці не чуваць, каб за іх некага пакаралі. Ды і не ў штрафах справа. У большасці выпадкаў дастаткова заўвагі, каб нешта кардынальна змянілася. Зразумела, што наглядчыка ці прыбіральшчыка каля кожнай лавачкі не паставіш, але ў навядзенні парадку ў парку маглі б дапамагчы камунальнікам работнікі міліцыі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ