Жыццёвай восені золата

Культура Нумары

image_pdfimage_print

Дню пажылых людзей работнікі Шашкоўскага дома культуры на чале з дырэктарам Аленай Явід прысвяцілі вялікую ўрачыстасць, якая ў святочнай зале сабрала з навакольных вёсак вэтэранаў розных сфер дзейнасці.

Іх прыйшлі павітаць, падзякаваць ім за шматгадовую працу, за мудрасць, за ўменне заставацца маладымі сэрцам кіраўніцтва Шашкоўскага сельвыканкама, прадпрыемстваў і арганізацый, дзе яны працавалі.

Гэтае свята дало ветэранам магчымасць  надзець свае лепшыя ўборы, пакрасавацца ў святочнай зале, упрыгожанай кветкамі восені і цёплымі душэўнымі словамі вядучых і ўсіх прамоўцаў.

Найбольшую колькасць ветэранаў складаюць працаўнікі сельскай гаспадаркі, якія на розных пасадах працавалі ў мясцовым сельгаставарыстве. У ліку іх – Яўгенія Астапенка, Станіслаў Валадзько, Валянціна Галушка, Лідзія Кандуховіч, Марыя Кутас, Паліна Пазняк і Марыя Пазняк, Марыя Стонька і многія іншыя. Ніна Дубовік, Тамара Снітко, Алена Шыманец, Антаніна Кутас, Аляксандр Валадзько, Яўгенія Кутас, Яніна Сініцкая свае ўменні аддавалі Шашкоўскай сярэдняй школе. Па сорак гадоў  педагагічнага стажу маюць Аляксандра Сарока  і Аляксандра Пракаповіч, якія пераехалі ў Шашкі на пастаяннае месца жыхарства з іншай мясцовасці. Ядвіга Бець, Софія Кутас, Рамуальд  Карніцкі, Софія Радзіон былі звязаны са сферамі гандлю і бытавога абслугоўвання. Фаіна Пархімовіч мае багаты вопыт работы на малаказаводзе. Паліна Пазняк абслугоўвала сваіх аднавяскоўцаў у мясцовым аддзяленні паштовай сувязі. Шмат гадоў у Старынскім лясніцтве адпрацаваў Сяргей Слабко. Словы ўдзячнасці яму выказаў ляснічы гэтага лясніцтва Алег Лукша.

Ніводная ўрачыстасць у наваколлі не абыходзіцца без старанняў і талентаў работнікаў культуры. Гэтай справе прысвяціла сваё жыццё Ірына Кутас. Яна і цяпер з’яўляецца ўдзельніцай  народнага фальклорнага ансамбля «Гарэзы». Працягвае працаваць у Доме культуры Раіса Стонька.

Валянціна Галушка, Марыя Стонька заслужылі пашану аднавяскоўцаў тым, што іх сем’і маюць паважаны ў грамадстве статус – шматдзетныя. Старшыня Шашкоўскага сельвыканкама Святлана Якаўлева знайшла для гэтых жанчын цёплыя прыемныя словы ў сваім выступленні. Марыя Нікалаенка пераехала ў Шашкі з Казахстана. У яе 36 гадоў стажу поварам і прадаўцом.

Не прамінулі на свяце ўшанаваць юбіляраў – Яўгенію Кутас і Марыю Пазняк.

Свята зацягнулася на некалькі гадзін, аднак ніхто не стаміўся і не заўважыў, як прабег час. У гэтым заслуга работнікаў культуры, якія выдатна прадумалі праграму, уключылі ў канцэртныя нумары любімыя песні маладосці пажылых людзей. Заслуга і прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія знайшлі час пабыць на ўрачыстасці, уважыць гэты дзень і сказаць ветэранам, што пра іх помняць, шануюць іх вопыт і зычаць ім сіл і бадзёрасці, той восені жыцця, якую прыгожа называюць залатой.

У правядзенні гэтага вясковага свята вялікая заслуга і спонсараў – ААТ «Шашкі», торфабрыкетнага завода «Нёман», індывідуальнага прадпрымальніка Георгія Лапко, дырэктара прыватнага магазіна Алы Грамыка.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *