У бронзавага прызёра Алімпіяды ў Токіа Аліны Гарнасько ў Стоўбцах жыве родная цётка

Главное Моя Столбцовщина Спорт

image_pdfimage_print

На мінулым тыдні членаў алімпійскай каманды Беларусі сустрэлі з віншаваннямі ў аэрапорце, таму самы час расказаць адну сямейную гісторыю

На Стаўбцоўшчыне Наталлю Хвасько ведаюць многія. Яна працуе з сем’ямі, а таксама з суб’ектамі прафілактыкі і, як намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх, зацікаўлена ў тым, каб як мага больш моладзі, ды і ўсіх жыхароў раёна, прысвячала свой вольны час спорту, іншым актыўным відам дзейнасці.

І, дарэчы, Наталля Міхайлаўна паказвае ў гэтым асабісты прыклад: не раз паспяхова выступала на абласной спартакіядзе работнікаў дзяржорганаў, у прыватнасці ў спаборніцтвах па плаванні.

У дні, калі ў Токіа быў заваяваны беларусамі сёмы медаль, яна пры сустрэчы ўразіла навіной: «Гэта мая хросніца, братава дачка, заваявала бронзу!»

Хросніца – Аліна Гарнасько – выступала ў індывідуальным шматбор’і па мастацкай гімнастыцы. Трэніруе яе Марына Лобач, у мінулым – таксама алімпійская чэмпіёнка.

– Да сваёй перамогі Аліна фактычна ішла з трох гадоў, калі бацькі ўпершыню прывялі яе на заняткі па гімнастыцы, і вось такі падарунак яна зрабіла ўсім нам і сабе да 20-годдзя, – працягнула размову Наталля Хвасько.

Аліна, як і яе бацькі, брат-школьнік, падтрымлівае цесныя сувязі з роднай цёткай. Блізкія людзі дружаць сем’ямі, і аб’ядноўвае іх у тым ліку спартыўная загартоўка.

– Прыхільнасць да спорту ў Аліны ад дзядулі, майго бацькі Міхаіла Міхайлавіча Гарнасько, – расказвае Наталля Хвасько. – Уяўляеце, у  яго дата нараджэння – 9 мая 1945 года. Ён усё жыццё прарабіў токарам на Мінскім гадзіннікавым заводзе, але ўвесь час займаўся спортам. З задавальненнем хадзіў на лыжах. Мама – з ім, і нас з братам прывучыў. Часта ўчацвярых ішлі дыстанцыю ад Мінска да спарткомплексу «Стайкі»…  Памятаю, як тата аддаў мяне на плаванне, і да сёмага класа я ўжо выканала мінімум кандыдата ў майстры спорту. Цяпер яны з мамай на лета пераязджаюць са сталіцы ў бацькоўскую хату ў вёску Пясочная Карэліцкага раёна. І тут паўсюдна на веласіпедах!

Наталля падзялілася, што на веласіпедах едуць у выхадныя дні з Мінска ў Пясочную, да бацькоў, і Алінін бацька разам з братам. Стоўбцы – на іх шляху, таму не мінаюць дом сястры і цёткі. Тут у веласіпедыстаў (а з дому яны выязджаюць у тры ночы) невялікі адпачынак з кубачкам чаю або кавы.

– Веласіпеды ёсць у нас ва ўсіх. І мне падаравалі веласіпед на дзень нараджэння, – кажа Наталля і пры гэтым не выключае, што хутка яны ўсе разам зладзяць вялікі сямейны велапрабег.

Балазе і Наталлін муж Сяргей займаецца лёгкай атлетыкай яшчэ са студэнцтва (калісьці выступаў за свой політэхнічны інстытут, мае шмат спартыўных адзнак), а іх сын Павел, цяперашні студэнт Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, праводзіць увесь свой вольны час на стадыёне, у трэнажорнай зале.

Пра сваю знакамітую хросніцу Аліну Гарнасько, бронзавую прызёрку Алімпіяды, Наталля Хвасько заўважае:

– Без гімнастыкі Аліна не можа жыць. У зале яна працуе як пчолка. Раней быў выпадак, што нага пасля аперацыі была ў гіпсе, але яна ўсё роўна ехала на трэніроўку…

На прыкладзе  гэтай сямейна-спартыўнай гісторыі яшчэ раз пераконваешся, якім нечаканым бокам адкрываюцца знаёмыя табе людзі і як прыемна, калі з імі звязаны не проста спартыўныя перамогі, а алімпійскія вышыні.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота з інтэрнэт-рэсурсаў 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *