Шчыра: Самай лепшай бабулі ў свеце

Адукацыя Нумары

З нагоды Дня пажылых людзей мы атрымалі запрашэнне прыйсці ў 3 «А» клас СШ № 3 г. Стоўбцы, дзе вучацца нашы ўнукі. Мы ведалі, што ў Галіны Мікалаеўны Латушка, першай настаўніцы нашых дзяцей, заўсёды святы і ўрачыстасці незвычайныя, непадобныя на іншыя. Аднак, што гэты дзень будзе настолькі кранальны, не маглі і падумаць. На працягу некалькіх гадзін праграмы   ва ўсіх нас цяклі слёзы ад цеплыні, сардэчнасці, любові, якія дарылі нам нашы ўнукі. Гэта было ачышчэнне нашых душ і сэрцаў.

Мамы дзяцей – дочкі ці нявесткі запрошаных бабуль – рыхтавалі святочны стол. Дзеці напісалі сачыненні і зрабілі сваімі рукамі падарункі. Для нас быў сюрпрыз –  сачыненні чытала Галіна Мікалаеўна, не называючы ні прозвішча аўтара, ні імя бабулі. Мы павінны былі самі пазнаць сябе. Калі бабуля адчула, што гэта словы пра яе, ёй было месца на залатым крэсле ў цэнтры класа. Нечаканыя былі і відэаслайды, на якіх бабулі зняты разам са сваімі ўнукамі. Да кожнай бабулі падыходзілі ўнукі, моцна абдымалі, цалавалі і дарылі падарункі. Адметным было і тое, што за некаторымі вучнёўскімі сталамі сядзелі адразу дзве бабулі – па мамінай і татавай лініі. Гэта так аб’ядноўвала нас, аб’ядноўвала сям’ю. Былі падабраны выдатныя вершы і песні пра самыя смачныя бабуліны бліны, варэнікі і пірагі. Іх, дарэчы, можна было паспрабаваць. Усе  бабулі прыйшлі на свята з пачастункамі. А бабуля Мацвея Ермакова Галіна Іосіфаўна завітала з поўнай карзінай дамашніх кексаў.

Дзеці ўдзельнічалі ў віктарынах – «Хто хутчэй накорміць сваю бабулю», Хто самы паслухмяны ўнук ці ўнучка», «Хто хутчэй напоўніць бабуліну карзінку».

Для ўсіх нас пайшоў шчаслівы дождж – Галіна Мікалаеўна распісала паветраныя шары рознымі пажаданнямі.  Потым запалілі свечкі і ўнеслі ў залу вялікі пірог. Ён усіх сабраў за святочным сталом. На ўсё жыццё ў кожнай з нас застанецца медаль «Самай лепшай бабулі ў свеце».

Нас так аб’яднала гэтае свята, сагрэла да глыбіні душы, што кожнаму хацелася падысці да Галіны Мікалаеўны і пацалаваць яе за  старанне, за  ўменне працаваць з дзецьмі не толькі розумам, але і прыкладваць сваё сэрца і сілу душы. Нашым дзецям пашанцавала вучыцца ў такой настаўніцы. Наша грамадства было б больш чыстым і светлым, каб больш было такіх настаўнікаў, як Галіна Латушка.

Ад імя ўсіх бабульСвятлана ВАСІЛЕЎСКАЯ

 

ТРАДЫЦЫІ: ДЗЕНЬ ЗДАРОЎЯ

Перад пачаткам 27-й раённай спартакіяды вучнёўскай моладзі ў Коласаўскай сярэдняй школе прайшоў дзень здароўя і спорту.

Вучні прынялі ўдзел у спаборніцтвах па міні-футболе, баскетболе, піянерболе. Завяршылася свята традыцыйным футбольным турнірам з удзелам чатырох камандаў:  Коласаўскай СШ, вайсковай часці, каманды  моладзі Наваколасава і каманды ветэранаў.

Турнір даставіў вялікае задавальненне балельшчыкам і самім удзельнікам, так як праходзіў у духу ўпартай барацьбы.  Перамогу атрымала каманда Коласаўскай школы, другое месца заняла каманда ветэранаў, трэцяе – каманда вайсковай часці.

Урачыста прайшло ўзнагароджанне каманды-пераможцы і прызёраў.

Не дзіўна, што ў гэтай навучальнай установе так ярка праходзяць спартыўныя святы. Коласаўская сярэдняя школа лічыцца лепшай у раёне па развіцці фізічнай культуры і спорту і пацвярджае гэта перамогамі вучняў у рознага ўзроўню спартакіядах і турнірах.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *