Людміла Стонька: «Сёлета за школьныя парты сядуць 4493 вучні»

Адукацыя Главное

image_pdfimage_print

Новы навучальны год пачнецца на Стаўбцоўшчыне з адкрыцця яшчэ адной школы. Яе чакалі з нецярпеннем вучні і бацькі.

У чатыры ўстановы адукацыі раёна прыйдуць навучацца менш за 50 вучняў (Рочавіцкі, Аталезскі і Цясноўскі ВПК, Налібацкая СШ). Больш за 100 навучэнцаў маюць толькі пяць школ у сельскай мясцовасці (Коласаўская, Дзераўнянская, Заямнаўская, Навасвержанская і Старасвержанская СШ). У дзевяці школах раёна навучаецца ад 50 да 100 навучэнцаў.

Колькі дзяцей сядзе за парты ў школах раёна, як падрыхтаваны ўстановы адукацыі, які настрой у педагогаў – гэтыя і іншыя пытанні мы задалі начальніку ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людміле Стонька.

– На Стаўбцоўшчыне ўжо будуць працаваць 45 устаноў адукацыі. За школьныя парты сядуць 4493 вучні, і гэта на 111 больш, чым у мінулым годзе. Першакласнікаў сярод іх – 441, – расказала Людміла Стонька. – У цэлым па раёне назіраецца павелічэнне колькасці навучэнцаў за кошт устаноў адукацыі горада. Дзякуючы сярэдняй школе № 4 мы вырашым праблему іх перапоўненасці. У сельскіх школах колькасць навучэнцаў змяншаецца, у асобных установах нават адсутнічаюць некаторыя класы. У сувязі з гэтым на працягу навучальнага года будзе праводзіцца работа па рэарганізацыі асобных устаноў адукацыі.

– З пытаннямі рэарганізацыі сельскіх школ звязаны падвоз дзяцей. А як адносна падвозу школьнікаў з гарадскога мікрараёна Паўночны-2?

– З 1 верасня будзе арганізаваны падвоз дзяцей з Паўночнага-2 на пастаяннай аснове аўтобусамі аўтапарка № 17. На цяперашні час у раёне ажыццяўляецца падвоз 14 школьнымі аўтобусамі і адным аўтобусам сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Падвозяць 468 дзяцей з 91 населенага пункта. Усе школьныя аўтобусы ўкамплектаваны вадзіцелямі, на транспартныя сродкі ўстаноўлена сістэма GPS-кантролю.

– Школы і дзіцячыя сады поўнасцю падрыхтаваны да новага навучальнага года? 

– У жніўні камісійна былі правераны ўсе ўстановы. Падрыхтоўчыя работы ў іх завершаны, гатоўнасць – 100 працэнтаў. У тэрмін да 20 жніўня былі падпісаны сертыфікаты і акты гатоўнасці да новага навучальнага года ўсіх 45 устаноў адукацыі.

Для падрыхтоўкі будынкаў, навучальных кабінетаў, групавых і спартыўных зал было накіравана 755 тысяч рублёў, у тым ліку 449 тысяч складаюць бюджэтныя сродкі, 306 тысяч – пазабюджэтныя, а таксама шэфская і спонсарская дапамога.

– Людміла Мар’янаўна, поспех адукацыйнага працэсу залежыць ад педагога. Як складваецца кадравая сітуацыя? 

– Адукацыйны працэс на Стаўбцоўшчыне будуць ажыццяўляць 848 педагогаў. Прыбыў 21 малады спецыяліст, у тым ліку нашы чатыры «целевики». 95 працэнтаў настаўнікаў – з вышэйшай адукацыяй, больш за 87 працэнтаў – з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй.

Ва ўстановах дашкольнай адукацыі працуюць 246 педагогаў, з іх 65 працэнтаў маюць вышэйшую адукацыю, 56 працэнтаў – вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі працуе каля 14 працэнтаў настаўнікаў ва ўзросце да 30 гадоў і 18 працэнтаў –  пенсіённага ўзросту. Праблему старэння педагагічных кадраў імкнёмся вырашаць шляхам прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі. Так, на базе СШ № 2 г. Стоўбцы працягне работу педагагічны клас.

Віншую ўсіх педагогаў з пачаткам новага навучальнага года, жадаю ім здароўя і натхнення, душэўнага цяпла і моцы, каб выгадаваць не проста адукаваных, з сучаснымі ведамі, людзей, а грамадзян сваёй краіны, патрыётаў Беларусі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Ксеніі РУБІН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *