9 кастрычніка – Сусветны дзень пошты: Час высокатэхналагічнага пісьма

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Па добрай традыцыі і з мэтай  выканання рэзалюцыі Гамбургскага кангрэса Сусветнага паштовага саюза, 9-га кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень пошты. У гэтым годзе Сусветны паштовы саюз святкуе сваю 140-ю гадавіну.

– Ва ўсе часы пошта была нечым большым, чым проста служба, – расказвае намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына ПЕТУХ. –  Нашы работнікі дастойна выконваюць свой доўг. Адначасова з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій, шырокіх прастораў інтэрнэту, не можа знікнуць, напрыклад, пісьмо з душою, якое прыходзіць у канверце. Але і за ім цяпер стаяць новыя, высокатэхналагічныя спосабы дастаўкі, адсочвання яго шляху на працягу ўсяго ланцужка «адпраўляльнік –  адрасат». Сучасная пошта –  складаны механізм з новымі інфармацыйнымі і камунікацыйнымі тэхналогіямі, з разгалінаванай сеткай аддзяленняў паштовай сувязі. Паштовы работнік уяўляе сабою ўніверсальнага спецыяліста, які аказвае паслугі ў аддзяленні сувязі і на даму (паштальён).

– Марына Рамуальдаўна, пошта прыстасоўваецца да рыначных умоў, якія пастаянна развіваюцца. Адсюль – цяга да навінак, новаўвядзенняў…

– Нашы аддзяленні паштовай сувязі прапануюць як спектр традыцыйных паштовых і іншых відаў паслуг, пералік якіх пастаянна расшыраецца, так і новых. Напрыклад, укаранёны электроннае паведамленне, сістэма адсочвання за праходжаннем паштовых адпраўленняў, арганізаваны пункты калектыўнага доступу ў інтэрнэт у 15-ці аддзяленнях сувязі, аказваюцца паслугі трымальнікам банкаўскіх плацежных картак. У чатырох аддзяленнях сувязі –  Стоўбцы-3, Новы Свержань, Дзераўная і Наваколасава – вядзецца абслугоўванне кліентаў з дапамогай плацежна-даведачнага тэрмінала. Ва ўсіх аддзяленнях наладжаны прыём паскоранай пошты – унутрырэспубліканскай і міжнароднай. У гарадскім аддзяленні прымаюцца міжнародныя грашовыя пераводы ў замежнай валюце, а да 31 кастрычніка праходзіць акцыя «Залатая восень», якая прадастаўляе 25-працэнтную скідку пры перасылцы такога грашовага перавода.

Добрыя водгукі ў новай паслугі «Паштовы кур’ер» – гэта дастаўка або забор пошты прама з офіса. Ужо на працягу года мы прапануем нашым кліентам паслугі лінейкі «Камфорт», якія даюць атрымальніку выбар найбольш зручнага часу ўручэння пісьма ці пасылкі, указання адраса дастаўкі. Актыўнасць набірае такая паслуга адпраўленняў як «1 клас»: спецыяльныя канверты з акантоўкай чырвонага колеру даюць прыярытэт на ўсіх этапах праходжання, скарачэнне тэрмінаў перасылкі і, пры гэтым, па даступным кошце.

– Ведаю, што ў гэтым годзе ў раённы вузел паштовай сувязі двойчы прыязджалі вашы калегі з Расіі, каб абмяняцца вопытам работы перасоўных паштовых аддзяленняў. Як яны запатрабаваны вясковымі жыхарамі?

– У гэтым годзе ўкаранёны яшчэ два перасоўныя аддзяленні паштовай сувязі. Іх у нас цяпер тры. З 2013 года паспяхова працуе наш самы першы экіпаж, сямейны, у складзе Надзеі і Віктара Яўсейчыкаў. З мая  працуе экіпаж у складзе Наталлі Скачко і Юрыя Харуцкага, а літаральна з першых чысел кастрычніка выехаў па маршруце і трэці экіпаж – Кацярыны Бохан і Яўгена Ярашэвіча. У зону абслугоўвання перасоўных аддзяленняў (акрамя жыхароў Ніўнага, Хатавы, Тонава, якіх мы абслугоўваем з 2013 года) дабавіліся жыхары Мархачоўшчыны, Кляцішча, Апечак, Залужжа. Перасоўныя аддзяленні прадастаўляюць увесь спектр паслуг, што аказваюць і стацыянарныя аддзяленні.

– Якія з гэтых аддзяленняў вы хацелі б назваць напярэдадні Сусветнага дня пошты?

– Лепшых вынікаў у рабоце дасягнулі аддзяленні сувязі ў Літве (начальнік  –  Галіна Жвірбля), Цеснавой (Яніна Мянёк), Рочавічах (Валянціна Качановіч), Новай Вёсцы (Таццяна Райская), Горках (Алена Рокаш), Рубяжэвічах (Алена Змачынская), Дзераўной (Антаніна Жодзік), Любкаўшчыне (Надзея Казлоўская) і іншыя. Тром нашым работнікам – арганізатару рознічнага гандлю вузла паштовай сувязі Алене Голуб, аператару гарадскога аддзялення сувязі Любові Каваленка і паштальёну аддзялення паштовай сувязі ў Старым Свержані Жанне Кандратовіч – прысвоена званне «Ветэран працы». Акрамя таго, за працоўныя поспехі і асабісты ўклад у развіццё паштовай сувязі партрэт начальніка раённага вузла паштовай сувязі Раісы Шыдлоўскай занесены на Дошку гонару Мінскага філіяла РУП «Белпошта». Граматай Мінскага філіяла адзначана начальнік аддзялення ў Дзераўной Антаніна Жодзік.

Асаблівыя словы падзякі і прызнання – усім паштовым работнікам, якія абслугоўваюць вяскоўцаў. На іх плячах ляжыць штодзённая і нялёгкая задача.

Віншую ўсіх працаўнікаў вузла паштовай сувязі, нашых ветэранаў працы з Сусветным днём пошты. Жадаю моцнага здароўя, цудоўнага настрою і новых дасягненняў.  

ГутарылаТаццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *