Ініцыятыва: Стараста Задвор’я

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

Падчас наведвання  філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы давялося пазнаёміцца з ахоўнікам прадпрыемства Яўгенам Комарам. З вясны гэтага года Яўген Дзмітрыевіч задзейнічаны на ахове аднаго з самых адказных аб’ектаў, дзе вядзецца будаўніцтва завода высокадакладнага высокатрывалага чыгуннага ліцця. Праходжваючыся каля ўстаноўленага новенькага абсталявання коштам у мільёны долараў, ахоўнік разважае пра перспектыву свайго завода (дарэчы, у яго ахове ён працуе з 2001 года, пасля таго, як 27 гадоў адслужыў у міліцыі) і… свайго Задвор’я. Вёска, як вядома, – не толькі прыгарадная, а і суседняя з заводам, а ў сувязі з  будаўніцтвам, якое тут праводзіцца на плошчы 10 тысяч м2, вёска і завод яшчэ больш наблізіліся. «Мне на працу праз дарогу», – мімаходзь заўважае Яўген Комар, карэнны задвор’енец. Аднавяскоўцы выбралі яго старастам вёскі, дэпутатам Заямнаўскага сельскага Савета.

Стараста і дэпутат Яўген Комар – фактычна першы памочнік сельвыканкама ў вырашэнні пытанняў добраўпарадкавання ў Задвор’і. Вясною, восенню ён традыцыйна збірае вяскоўцаў на суботнікі, каб навесці парадак на могілках. Яўген Дзмітрыевіч прыходзіць на работу са сваёю мотакасою, пілою. Дапамагаюць яму сын Аляксандр, а таксама Сяргей Крэнь, Аляксандр Дзяргай і іншыя актыўныя і ініцыятыўныя вяскоўцы.

– Хацелася б, каб іх было больш,  – дзеліцца сваімі турботамі мой суразмоўца. – Людзі павінны думаць – не аднаму ж старасту, які вывешвае аб’яву аб суботніку, гэта трэба. Мы ўсе – 360 чалавек – жыхары аднае вёскі…

Шмат у чым задвор’енцам дапамагае старшыня Заямнаўскага сельвыканкама Уладзімір Гарохавік. Аднак праблем яшчэ розных, так бы мовіць глабальных, хапае. Па-першае, па вёсцы дрэнная дарога, яна даўно патрабуе падсыпкі. Другая праблема, якая турбуе людзей, –  будаўніцтва водаправода. Задвор’енцы п’юць ваду з калодзежаў. «У мяне вада чыстая, калодзеж, здаецца, стаіць на самай жыле. Калі ў каго вады не хапае, напрыклад, у летнюю спёку, ідуць да мяне», – гаворыць Яўген Комар. Але ж старасць ідзе, як выказаўся мой суразмоўца  пра жыццёвы стан большасці сваіх аднавяскоўцаў, і людзям хацелася б неяк яе аблегчыць… Зразумела, што неабходны сродкі – і дзяржаўныя, і ўласныя, каб вырашаць гэтыя праблемы. Задвор’е знаходзіцца ўсяго за нейкі кіламетр ад райцэнтра, аднак клуба ці іншай культурнай установы яго жыхары не маюць. У свой час  віравала жыццё вакол школы-інтэрната. «Шкада, пасля яе закрыцця будынак пустуе, нікому не прыносіць карысці. І што ў такім выпадку чакае Задвор’е?» – выказвае хваляванне стараста.

А задвор’енцы, якія прызвычаіліся не трымаць свае думкі ў сабе, задаюць і Яўгену Комару розныя пытанні. Так, за некалькі апошніх гадоў на іх вачах вырас новы гарадскі мікрараён індывідуальнай жылой забудовы. Фактычна ён суседнічае з вёскай. Там ужо і водаправод пракладзены, і вуліцы заасфальтаваны. Але паміж вёскай і мікрараёнам чамусьці насыпана куча зямлі – каб вяскоўцы не маглі праехаць, кіруючыся ў Стоўбцы, па заасфальтаванай вуліцы. Што адказаць на гэтае пытанне?..

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *