«Мне ўсе падабаецца». Галоўны эканаміст аб працы у ААТ «Каганец»

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print
Паліна Маслава з упэўненасцю глядзіць у заўтрашні дзень

Да прафесійнага свята галоўны эканаміст ААТ «Каганец» Паліна Маслава атрымала ганаровую грамату райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Стаж работы ў Паліны Збігнеўны пакуль небагаты, а спецыяліста ўжо заўважылі. І гэта добрая прымета. Немагчыма сказаць, як складзецца яе далейшая працоўная кар’ера, але тое, што ў дзяўчыны моцны характар, можна не сумнявацца.

На працу ў вёску Паліна Маслава прыехала па ўласным жаданні. Такі свядомы выбар яна зрабіла пасля некалькіх гадоў работы ў Белаграпрамбанку, і гэта можна назваць выключэннем з правілаў. Чаму? Маладыя спецыялісты, якія скончылі менавіта сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы, пасля адпрацоўкі звальняюцца і стараюцца знайсці работу ў горадзе. А Паліна, якая вучылася спачатку ў Мінскім фінансава-эканамічным каледжы, затым завочна – у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце на факультэце фінансаў і банкаўскай справы (спецыялізацыя «Падаткі і падаткаабкладанне») і атрымала прафесію эканаміста, паступіла наадварот.

Падчас нашай размовы яна не дала канкрэтнага адказу, чаму прыняла такое рашэнне, ды гэта не так і важна. Галоўнае, што гаспадарка набыла адукаванага, граматнага спецыяліста. І як чалавек Паліна Збігнеўна адказная, уважлівая і камунікабельная, з ясным лагічным і аналітычным мысленнем, а таксама з творчым падыходам да справы.

Прыйшла Паліна Маслава на працу ў гаспадарку ў снежні мінулага года. І адразу заняла вакантную пасаду галоўнага эканаміста.

– Шукала работу па спецыяльнасці, – расказвае Паліна Збігнеўна, – даведалася, што ёсць магчымасць уладкавацца ў Зарэччы. Звярнулася да дырэктара сельгаставарыства. Пётр Міхайлавіч уважліва выслухаў і згадзіўся ўзяць на работу. Аб зробленым выбары не шкадую. Хоць лёгка не было, асабліва напачатку. З першых дзён прыйшлося ўнікаць ва ўсе тонкасці сельскагаспадарчай вытворчасці, у якой, шчыра скажу, абсалютна нічога не разумела. Паступова асвоілася, але нюансаў яшчэ шмат.

Гаворыць, што прынялі яе ў калектыве добра. Акружылі ўвагай.

– Мне ўсё падабаецца: і работа, і калектыў, і тое ўзаемаразуменне, якое пануе паміж спецыялістамі, – дадае Паліна Збігнеўна. – Пашанцавала працаваць у адным кабінеце з галоўным бухгалтарам. Гелена Эдвардаўна – выдатны дарадчык з багатым вопытам. Дасканала ведае не толькі бухгалтарскую работу, але і ў эканамічных пытаннях разбіраецца. Яна ўвяла ў курс спраў. Дапамаглі і дагэтуль даюць слушныя парады ўсе работнікі бухгалтэрыі, за што ім вельмі ўдзячна.

Кола абавязкаў галоўнага эканаміста шматграннае, мае шэраг асаблівасцяў. Нагрузка вялікая. Паліне Збігнеўне таксама аказвае падтрымку намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Іван Загдай. Ён і па тэлефоне дасць неабходную кансультацыю, і падчас прыёму справаздачы адкажа на пытанні, якія ўзнікаюць. Спецыяліст папоўніла веды на курсах павышэння кваліфікацыі. І справа ладзіцца.

Сёння кіраўнік сельгаспрадпрыемства без дасведчанага эканаміста як без рук. З кожным годам тэмпы вытворчасці павялічваюцца. І трэба ведаць, колькі каштуе вырашчаная прадукцыя, па якой цане яе лепш рэалізаваць. Ад гэтага залежыць, ці будзе гаспадарка развівацца далей. У «Каганцы» ўмеюць лічыць кожную капейку, таму і прыбытак маюць. Як адзначае Паліна Збігнеўна, асаблівую ўвагу дырэктар таварыства ўдзяляе кантролю за расходам паліва. Гэтая работа ўваходзіць у яе кампетэнцыю. Як і распрацоўка расцэнак, па якіх налічваецца заработная плата.

– Каб пранарміраваць рабочы дзень, прыходзіцца поўнасцю правесці яго з працаўніком на полі або на ферме, – дзеліцца Паліна Збігнеўна спецыфікай работы. – Затое зарплата становіцца больш аб’ектыўнай.У нашых работнікаў яна дастойная.

Паліна Маслава жыве ў горадзе. На працу ездзіць на транспарце таварыства. І гэта яе цалкам задавальняе. Сцвярджае, што застаецца вольны час для самаразвіцця. Дзяўчына вядзе здаровы лад жыцця. Наведвае трэнажорную залу фізкультурна-аздараўленчага комплексу, удзельнічае ў спартыўных і іншых мерапрыемствах, якія арганізоўваюць гаспадарка і райкам прафсаюза работнікаў АПК. Любіць падарожнічаць, пабывала нядаўна ў Браславе.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *