Аматары ткацтва развіваюць традыцыі

Важное Культура

image_pdfimage_print

На VIII абласным свяце-конкурсе па ткацтве «Матчыны кросны» выкладчык дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Ганна Мартыненка (Шашкоўская дзіцячая школа мастацтваў) стала лаўрэатам ІІ ступені за лепшае каларыстычнае рашэнне ў стварэнні пояса.

Удзельнікамі конкурсу, які праходзіў у Старых Дарогах,  сталі больш за 70 чалавек з 16 раёнаў Мінскай вобласці. Стаўбцоўшчыну прадставілі выкладчык дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Святлана Карніцкая (Дзераўнянская школа мастацтваў), майстар народнага клуба «Пралеска» раённага цэнтра культуры Валерыя Райская, кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Слабадскога клуба-бібліятэкі Людміла Віцько разам з яго вучаніцамі Надзеяй Дудзінскай і Верай Цярэшка.

Адкрылася свята парадам ручнікоў, дзе кожная дэлегацыя прадэманстравала тканыя вырабы свайго рэгіёна. Затым майстры прыступілі да выканання заданняў конкурсу. За тры гадзіны яны павінны былі вырабіць ручнік, сурвэтку або пояс. Валоданне рознымі тэхнікамі ткацтва ацэньвала прафесійнае журы на чале з доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам Яўгенам Сахутам. Таксама была падрыхтавана дамашняя калекцыя паясоў.

Нашы ўдзельнікі ўзнагароджаны дыпломамі «За творчы ўклад у развіццё традыцый вырабу паясоў і ўдзел у VIII абласным свяце-конкурсе па ткацтве «Матчыны кросны».

Сваімі ўражаннямі ад конкурсу падзялілася Людміла Віцько:

– Як цудоўна, што ў нашай краіне адраджаюцца традыцыі рамесніцтва. Удзельнікі паказалі не толькі сваё майстэрства, але і пазнаёміліся з новымі тэхнікамі ткацтва. Прыемна, што на конкурсе былі людзі розных пакаленняў. З цікавасцю мы назіралі за тым, як працуюць на вялікіх ткацкіх станках.

Марына КУТАС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *