Паклапаціцеся аб здароўі: Час зрабіць прышчэпку

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

У Мінскай вобласці штогод на вострыя рэспіраторныя захворванні і грып захворваюць каля 10 працэнтаў дзяцей і пяць працэнтаў дарослых. Акрамя таго, у перыяд пад’ёму захваральнасці павялічваецца колькасць шпіталізацый з абвастрэннямі сардэчна-сасудзістых захворванняў і парушэннямі мазгавога кровазвароту, цяжкімі пнеўманіямі.

У перадэпідэміялагічны сезон 2013-2014 гадоў больш за 38 працэнтаў жыхароў нашага раёна было прышчэплена ад грыпу, у тым ліку за кошт сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый – 1660 чалавек. На многіх прадпрыемствах быў забяспечаны высокі ўзровень імунізацыі, напрыклад на філіяле ААТ “Кіруючая кампанія холдынгу “Мінскі маторны завод” у г. Стоўбцы, у Стаўбцоўскім доследным лясгасе, ЗАТ “Птушкафабрыка “Колас”, ПМК-233 і іншых. З кастрычніка па красавік узровень захваральнасці на вострыя рэспіраторныя захворванні быў ніжэйшы ў параўнанні з папярэднім годам, выпадкаў грыпу не зарэгістравана.

Своечасова праведзеная прышчэпачная кампанія супраць грыпу можа папярэдзіць захворванне ў 80-90 працэнтах дзяцей і дарослых. Такім чынам, вакцынацыя застаецца адзінай эфектыўнай мерай абароны насельніцтва ад грыпу.

Чалавек, якому праведзена прышчэпка, мае абарону ад інфекцыі ўжо праз 2-4 тыдні пасля вакцынацыі. Аднак праз 12 месяцаў супрацьгрыпозны імунітэт у большасці людзей ужо адсутнічае. Адпаведна, патрэбна штогадовая вакцынацыя. Вакцыны прымяняюцца больш за 50 гадоў, за гэты час іх эфектыўнасць і бяспека выраслі. Усе дазволеныя вакцыны праходзяць кантроль якасці. Пры любых падліках кошт вакцынацыі меншы за затраты на лячэнне.

Найбольшую небяспеку грып уяўляе для малых дзяцей, пажылых людзей, а таксама для асоб, якія пакутуюць ад хранічных захворванняў. Грып асабліва небяспечны для цяжарных. Маюць высокую рызыку захварэць настаўнікі, урачы, прадаўцы і прадстаўнікі іншых прафесій, якія кантактуюць з вялікай колькасцю людзей.

У гэтым сезоне рэкамендуецца ахапіць вакцынацыяй не менш за 40 працэнтаў працуючых у калектывах. Пры гэтым дасягаецца індывідуальная абарона прышчэпленага чалавека і фарміруецца калектыўны імунітэт працаўнікоў. Калектыўны імунітэт дае дадатковую ступень абароны прышчэпленым і зніжае верагоднасць захворвання непрышчэпленых членаў калектыву. Пры ахопе менш за 40 працэнтаў працаўнікоў калектыўны імунітэт практычна не працуе.

У сучасны момант кіраўнікі прадпрыемстваў, якія клапоцяцца аб сваіх працаўніках, заключаюць дагаворы з цэнтральнай раённай бальніцай. На канец верасня заключылі дагаворы 105 арганізацый на 2748 чалавек: філіял ААТ “Кіруючая кампанія холдынгу “Мінскі маторны завод” у г. Стоўбцы, Стаўбцоўскі доследны лясгас, філіял “Аўтамабільны парк № 17 і іншыя.

Як паказваюць вынікі праведзеных назіранняў, вакцынацыя ў калектывах дазваляе знізіць узровень захваральнасці больш чым у тры разы, а час прабывання на бальнічным лістку – больш чым у 4,5 раза.

У сучасны момант у арганізацыях аховы здароўя раёна праводзіцца імунізацыя дзяцей, а таксама дарослага насельніцтва. Для імунізацыі закуплена вакцына “Флюваксін” (вытворчасці Кітая), якая выкарыстоўваецца ў Рэспублікцы Беларусь з 2010 года. Для правядзення прышчэпак на платнай умове выкарыстоўваецца таксама «Ваксігрып» (вытворчасці Францыі).

У бягучым годзе плануецца прышчапіць супраць грыпу больш за 16000 жыхароў раёна. Зрабіць прышчэпку можна ў райпаліклініцы і ў амбулаторыях па месцы жыхарства.

Памятайце, чым больш людзей у грамадстве ахоплена прышчэпкамі, тым больш бяспечна жыць. Правядзенне вакцынацыі і захаванне агульных мер прафілактыкі дазволіць нам пазбегнуць эпідэміі грыпу.

Ірына ПЯТРОВІЧ,загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *