Сезон: Не простая – залатая

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

Восень – увішная пара не толькі для земляробаў, якія шчыруюць на гаспадарчых прасторах, убіраючы вырашчаную сельгаспрадукцыю, але і для рыбаловаў, якія выпеставалі ў блакітных гладзях сажалак рыбгаса «Хатава» свой жвавы «ўраджай» – карпаў, сазанаў, шчупакоў, і цяпер прыступілі да іх адлову. Дырэктар воднай гаспадаркі Юрый Мінько задаволены не толькі вынікам сезоннай працы, але і тым, як нагульваюць прырост у асобным, спецыяльным вадаёме стронгі. Дарэчы, сярод гэтых імклівых, спрытных рыбін трэцяя частка – залацістыя. Трэба было бачыць, як пяшчотна, асцярожна злавіла некалькі асобін для кантрольнага замеру і ўзважвання рыбавод Галіна Акунец.

Васіль ЗЯНЬКО

 

НА ЎЛОННІ: ЗМЕНЫ Ў РЫБАЛОЎСТВЕ

На аснове пастановы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь ад 19 мая 2014 года ўнесены змены ў пералік рыбалоўных угоддзяў, якія ўваходзяць у фонд запасу рыбалоўных угоддзяў і ў якіх рыбаловы-члены рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” не маюць права на бясплатнае аматарскае рыбалоўства спосабамі, дазволенымі Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 снежня 2005 года № 580 (у рэдакцыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 551 ад 5 снежня 2013 года). Даная пастанова “Аб пераліку рыбалоўных угоддзяў” уступіла ў сілу 2 жніўня 2014 года.

На тэрыторыі раёна ў пералік рыбалоўных угоддзяў, дзе рыбаловы – члены Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў – не маюць права на бясплатнае аматарскае рыбалоўства, адносяцца рэкі Сула, Уса, Шура, Воўка, Жацераўка, Нёман (ад турбазы “Высокі бераг” да аўтадарогі М1/Е30), а таксама вадаёмы ў Стоўбцах, Заброддзі і Аколаве. На Суле, Усе, Шуры і Нёмане ў межах раёна аматарам нельга лавіць рыбу наступнымі спосабамі: на дарожку з суднаў з рухавікамі і займацца падводным паляваннем, на Воўцы і Жацераўцы, акрамя таго, – яшчэ і лавіць рыбу з прымяненнем сродкаў аматарскага рыбалоўства з агульнай колькасцю кручкоў ад 6 да 10 штук на рыбалова. На ўсіх трох названых вышэй вадаёмах аматарам нельга займацца падводным паляваннем. Пры парушэнні правіл аматарскага рыбалоўства наступае адказнасць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

Дзмітрый ЦЯРЭШКА,намеснік начальніка Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету     

 

УЗНАГАРОДЖАННЕ – ЗА ДЗІКА

З 1 кастрычніка адкрываецца паляванне на дзікіх жывёлін нарміраваных відаў – лася, аленя, казулю і дзіка. У сувязі з гэтым варта звярнуць увагу на такі важны момант.

З’явіліся нарматыўныя дакументы – пратакол пасяджэння Рэспубліканскага штаба па прыняцці экстранных мер па ліквідацыі афрыканскай чумы свіней і рабочай групы аграпрамысловага комплексу, а таксама патрабаванні Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на прафілактыку гэтага захворвання. Паляўнічым, якія ўдзельнічаюць у паляванні, і хто здабыў дзіка, згодна з рашэннем Мінаблвыканкама ад 5 верасня бягучага года, прадугледжваецца грашовае заахвочванне ў памеры дзвюх базавых велічынь пасля атрымання кампенсацыйных выплат з рэзервовых фондаў мясцовых бюджэтаў.

Уладзімір АЛЬХОВІК,вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Стаўбцоўскага доследнага лясгаса



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *