Трэба ведаць

Кантроль, бяспека Нумары

image_pdfimage_print

СУМЕСНА З ДАІ РАСІІ: АЎТОБУС-ТРЭНАЖОР НА ПЛОШЧЫ ГОРАДА

У мэтах прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, пошуку новых формаў прафілактычнай работы, ДАІ ініцыіравала правядзенне маштабнай прафілактычнай акцыі “Дзіця – галоўны пасажыр!” з прыцягненнем аўтобуса дзяржаўнай інспекцыі бяспекі дарожнага руху Расіі.

Адзіны ў Расіі аўтобус-трэнажор “Школа дарожнай бяспекі” – паўнацэнны вучэбны клас “на колах”, прадастаўлены кампаніяй HYUNDAI, з 6 па 16 кастрычніка курсіруе па раённых цэнтрах Мінскай вобласці. У Расіі выязныя заняткі з дзецьмі і падлеткамі ў розных рэгіёнах праводзяцца з 2010 года. У аўтобусе пабывалі рабяты з Масквы і Санкт-Пецярбурга, Маскоўскай і Ленінградскай абласцей, Усерасійскага дзіцячага цэнтра “Орлёнок”, Ліпецкай, Тамбоўскай, Растоўскай, Валгаградскай, Пензенскай, Разанскай і Самарскай абласцей, Рэспублік Калмыкія, Чувашыя, Татарстан і Удмурція, Краснадарскага і Пермскага краёў і іншыя.

8-га кастрычніка аўтобус-трэнажор прыбудзе з Валожына ў Стоўбцы, і з 15 да 18 гадзін у ім будуць праходзіць групавыя заняткі дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў па практычным навучанні асновам бяспекі дарожнага руху, а таксама паводзінам на дарогах. Адметнасць заняткаў у тым, што праходзяць яны ў 3D-фармаце, у гульнявой форме. Спецыялізваны вучэбны аўтобус наглядна дэманструе дзеянне рамянёў бяспекі пры дарожнай аварыі або рэзкім тармажэнні – для гэтага салон абсталяваны спецыяльнай сістэмай імітацыі адрыву ад сядзенняў у момант сутыкнення, а таксама наступстваў сутыкнення транспартнага сродку з веласіпедам. Акрамя таго, аўтобус укамплектаваны генератарам дыму для імітацыі задымлення салона, мультымедыйнай апаратурай для паказу навучальных фільмаў. Як сведчаць водгукі, такія незвычайныя заняткі нязменна карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў школьнікаў.

Аўтобус-трэнажор прыпаркуецца на пляцоўцы на плошчы Леніна. Падчас яго работы 8 кастрычніка (з 15 да 18 гадзін) там будзе абмежаваны рух транспартных сродкаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

НЕХАРЧОВЫ РЫНАК: РЭГЛАМЕНТЫ ЗДАРОЎЯ

Спецыялістамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ажыццяўляюцца маніторынг і праверка рэалізацыі нехарчовай групы тавараў суб’ектамі гаспадарання, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, з адборам проб для лабараторных даследаванняў.

З пачатку бягучага года абследавана 26 гандлёвых аб’ектаў (з іх 25 – індывідуальных прадпрымальнікаў), адабрана 10 проб прадукцыі. Калі ўся даследаваная прадукцыя адпавядала патрабаванням, то адносна прадпрымальнікаў узніклі пытанні. У пяці ІП выяўлена адсутнасць дакументаў, якія б пацвярджалі якасць і бяспеку тавараў нехарчовай групы, што яны рэалізуюць. Сярод прынятых да іх мер – выдача прадпісання аб прыпыненні рэалізацыі прадукцыі (53 адзінкі), складанне пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, а таксама накіраванне інфармацыі аб выяўленых фактах парушэнняў у аддзел эканомікі райвыканкама.

Пры ажыццяўленні нагляду асаблівая ўвага надавалася наяўнасці дакументаў, што пацвярджаюць якасць і бяспеку тавару, прызначанага для дзяцей і падлеткаў, цацак, парфумерна-касметычных вырабаў, якія падпадаюць пад дзеянне тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза.

Вышэйназваная прадукцыя павінна рэалізоўвацца толькі пры ўмове выканання ў поўным аб’ёме патрабаванняў гэтых тэхрэгламентаў, наяўнасці адпаведных дакументаў і маркіроўкі адзіным знакам абарачэння прадукцыі на рынку дзяржаў – членаў Мытнага саюза.

На прадукцыю, якая падпадае пад дзеянне тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза “Аб бяспечнасці прадукцыі лёгкай прамысловасці”, да 1-га сакавіка 2015 года за індывідуальнымі прадпрымальнікамі застаецца права “пераходнага перыяду”, але ў гэты перыяд яны абавязаны інфармаваць пакупнікоў аб адсутнасці дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку тавару ў адпаведнасці з сумеснай пастановай Мінгандлю, Мінсельгасхарча, Міністэрства аховы здароўя і Дзяржстандарта, а таксама Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15.05.2014 № 222 “Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі”.

Пры ўстанаўленні рэалізацыі тавару нехарчовй групы без суправаджальнай дакументацыі і няпоўнай інфармацыі аб тавары на рускай (беларускай) мове будуць прыняты меры ў адпаведнасці з патрабаваннямі санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства.

Нагадваю, што па заяве суб’екта з выкарыстаннем прынцыпа “адно акно” раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі можа правесці адбор узораў (проб) прадукцыі, пра якую гаварылася вышэй, і даставіць яе ў акрэдытаваную лабараторыю для правядзення на добраахвотнай аснове дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызы з выдачай адпаведнага заключэння.

Алена ЛОЙКА, загадчыца аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 

ПРАКУРОРСКІ НАГЛЯД: РОЛЯ СТАРАСТАЎ – НЕ ФАРМАЛЬНАЯ

На 01.09.2014 у рэспубліцы зафіксаваны 4 564 пажары, на якіх загінуў 451 чалавек (у тым ліку 11 дзяцей). У Мінскай вобласці адбылося 927 пажараў, ахвярамі агню сталі 110 чалавек (у тым ліку трое дзяцей). У Стаўбцоўскім раёне здарыліся 33 пажары, на якіх загінулі сем чалавек (гібелі дзяцей не дапушчана).

Пытанні бяспекі жыццядзейнасці людзей знаходзяцца на пастаянным кантролі органаў пракуратуры. Аналіз пажараў, якія адбыліся на тэрыторыі раёна, сведчыць, што восем пажараў з дзесяці адбываюцца па віне чалавека.

Як правіла, асноўнымі прычынамі пажараў з’яўляецца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні і прыгатаванні ежы, парушэнне правіл пажарнай бяспекі пры мантажы і эксплуатацыі пячнога ацяплення, электрычных сетак і электраабсталявання, кароткае замыканне электраправодкі, дзіцячае свавольства з агнём. Небяспечным фактарам становяцца, перш за ўсё, нецвярозыя грамадзяне, асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Пракуратурай раёна з удзелам суб’ектаў прафілактыкі, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў праведзена міжведамасная нарада, на якой разгледжана пытанне эфектыўнасці работы суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні пажараў.

Устаноўлена, што з боку сельвыканкамаў належным чынам не наладжана інфармаванне зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі аб неабходнасці пастаноўкі на ўлік грамадзян, схільных да злоўжывання спіртнымі напіткамі. Так, грамадзяне, якія загінулі на пажарах у бягучым годзе, не знаходзіліся на прафілактычным уліку ў органах унутраных спраў, упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва (згодна з арт. 29 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”). Адпаведна, да іх не прымяняліся меры адміністрацыйнага прымусу і стрымання.

На недастатковым узроўні знаходзіцца работа аглядавых камісій і старастаў у Вішнявецкім і Дзераўнянскім сельвыканкамах. Нізкі ўзровень пажарна-прафілактычнай работы адзначаецца ў Мікалаеўшчынскім, Старасвержанскім і Літвенскім сельвыканкамах. Характэрныя недахопы – па выніках аглядаў акты абследавання складаюцца толькі ў адносінах да домаўладанняў шматдзетных сем’яў і сем’яў, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, домаўладальнікам не ўручаюцца рэкамендацыі па правядзенні супрацьпажарных мерапрыемстваў, не праводзіцца ўлік зробленага, недастатковая колькасць наглядна-выяўленчых матэрыялаў.

Па выніках міжведамаснай нарады былі прыняты дадатковыя арганізацыйна-практычныя меры па папярэджанні пажараў і гібелі людзей на іх. Пракуратура раёна нагадвае, што захаваць сваё жыццё і папярэдзіць узнікненне пажараў магчыма толькі пры няўхільным выкананні правілаў пажарнай бяспекі.

Аляксей КУТАС, памочнік пракурора раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *