Бібліятэкі: традыцыі і інавацыі

Культура Нумары

image_pdfimage_print

У нашым раёне прайшоў абласны двухдзённы семінар абласной Школы метадыста па тэме інавацыйна-метадычнай дзейнасці бібліятэк.

Яго змястоўная праграма з наведваннем гарадскіх і сельскіх бібліятэк у поўнай меры дазволіла паказаць, як публічныя бібліятэкі захоўваюць традыцыі роднага краю ў сучасных формах работы, як творча яны працуюць, выкарыстоўваючы інавацыйныя падыходы.

З тэндэнцыямі і перспектывамі развіцця бібліятэк Стаўбцоўшчыны пазнаёміла калег з вобласці загадчыца аддзела    бібліятэчнага маркетынгу Святлана Папова.  Раённая бібліятэка мае цікавыя формы работы з чытачамі.

Семінар прайшоў у форме выязнога, што дало магчымасць удзельнікам яго пабыць у сельскіх бібліятэках Стаўбцоўшчыны і паглядзець, у якіх накірунках яны працуюць.

Перад загадчыцай Рубяжэвіцкай сельскай бібліятэкі Марыяй Мяцёлкінай стаяла задача паказаць, якую інфармацыйную дапамогу можа аказаць сельская бібліятэка спецыялісту. Удзельнікам школы метадыста для  пераймання вопыту было карысна  не толькі пазнаёміцца  з набыткамі бібліятэкі ў гэтым накірунку, але і з цікавасцю ўспрыняць усё іншае, што было прапанавана ў Рубяжэвічах. Напрыклад, экскурсію ў Паркавы комплекс                                                         «Панскі маёнтак Сула». Тут ужо пастаралася навуковы супрацоўнік турыстычнага комплексу Рамуальда Сабалеўская, якая ў прысутнай ёй манеры поўна і красамоўна расказала пра род Лэнскіх, пра адметныя экспазіцыі музея. Удзельнікі семінара пабылі ў этнаграфічным музеі Рубяжэвіцкага дома культуры з багатай экспазіцыяй старадаўніх рэчаў дамашняга ўжытку. Вельмі нечакана было ім у такой аддаленай вёсцы паслухаць сапраўдны арган – на ім сыграў у Рубяжэвіцкім касцёле Тадэвуш Сабалеўскі.

Загадчыца Налібацкай бібліятэкі Валянціна Буняк раскрыла змест крязнаўчай работы ў рамках мэтавай праграмы «Край мой родны – лёс мой вечны». У сёлетні яблычны год у бібліятэцы была прадстаўлена багатая выстава з дэгустацыяй «Яблыкавы год». Не злічыць было, колькі можна прыгатаваць страў з яблыкамі. Налібаччане здзівілі ўсіх сваім майстэрствам, густам, умельствам і багатай фантазіяй. У рабоце семінара прыняў удзел старшыня Налібацкага сельвыканкама Аляксандр Пілінкевіч.

Цікава была падрыхтавана прэзентацыя работы Дзераўнянскай бібліятэкі як цэнтра экалагічнага выхавання асобы. Ярка,  эфектна, у шматколернасці восені быў прадстаўлены клуб аматараў кветак «Флора». Аляксандр Гутоўскі даставіў задавальненне прысутным сваімі альбомамі, якія паказалі багацце роднага краю праз аб’ектыў фотаапарата. Бібліятэкар Вольга Францкевіч і тэатральнае аддзяленне Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў прэзентавалі сумесны праект па эстэтычным выхаванні дзяцей. Удзельнікі семінара маглі паглядзець выдатнае выступленне дзіцячага тэатра «Іскрынкі На-Дзеі» пад кіраўніцтвам рэжысёра Алены Шуцько.                                                                                                                

Шашкоўская сельская бібліятэка, дзе працуе мясцовая паэтэса Лідзія Мазуркевіч, паказвала вопыт работы з дзіцячым чытачом  праз дзейнасць аматарскіх аб’яднанняў. Адно з іх – Купалінка». Лідзія Мазуркевіч сумела адкрыць у вясковых дзецях таленты, прыцягнуць іх да чытання кніг і праяўлення сваіх творчых задаткаў. Многія спрабуюць пісаць вершы, прыгожа дэкламуюць паэзію. Захапіла прысутных і прыгожая незвычайная выстава лялек, зробленых рукамі майстроў.

Бібліятэкар Велікадворскай бібліятэкі Валянціна Лабкова прадставіла работу па прапагандзе творчасці паэтаў-землякоў. У рабоце семінара прыняў удзел Адам Грынкевіч, аўтар паэтычных зборнікаў.

У Старасвержанскай сельскай бібліятэцы Алена Гарановіч з прафесійнай граматнасцю,  уменнем паказала, як могуць новыя інфармацыйныя тэхналогіі дапамагаць цікава і ў духу сучасных патрабаванняў строіць  работу публічных бібліятэк. Быў прадстаўлены майстар-клас «Каб радасным было дзяцінства».

Канешне ж, для бібліятэкараў вобласці была арганізавана экскурсія  з наведваннем філіялаў Дзяржаўнага  літаратурнага музея Якуба Коласа ў Акінчыцах і Смольні.

Падвядзенне вынікаў семінара адбылося ў раённай дзіцячай бібліятэцы. Перад пасяджэннем за круглым сталом дырэктар гэтай бібліятэкі Наталля Даўлюд расказала аб набытках і інавацыйных накірунках дзейнасці дзіцячай бібліятэкі. Прайшла прэзентацыя выставы-рэкламы «WWW. Журналія. by».

Бібліятэкары вобласці  на чале з галоўным бібліятэкарам аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі ім. А.С. Пушкіна Аленай Юзафатавай далі высокую ацэнку работы публічных бібліятэк Стаўбцоўшчыны ў іх творчым пошуку па захаванні традыцый і інавацыйных распрацоўках. Асаблівую ўдзячнасць калег атрымала загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Святлана Папова і супрацоўнікі гэтага аддзела бібліятэкары Рэгіна Пісаная, Іна Кобрык, Ірына Грышан, мастак Наталля Плотнікава, сіламі якіх быў падрыхтаваны гэты семінар для загадчыкаў аддзелаў бібліятэчнага маркетынгу цэнтральных бібліятэк Мінскай вобласці.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *