Футбол: На еўрапейскім узроўні

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

Футбольная восень дае аматарам гэтага самага папулярнага віда спорту магчымасць назіраць за ходам паядынкаў еўрапейскіх турніраў. Так, заўтра зборная каманда Беларусі на адборачным этапе першынства кантынента прыме сапернікаў  з Украіны. Сустрэча адбудзецца на сучаснай спартыўнай «Барысаў-Арэне». А барысаўскі клуб БАТЭ змагаецца ў турніры чэмпіёнаў еўрапейскіх краін.

Апошняя сустрэча прынесла нашым балельшчыкам прыемныя ўражанні, добры настрой. Чэпіёны Беларусі  з лікам 2:1 перамаглі каманду «Атлетык» з іспанскага горада Більбао. Зразумела, што многія стаўбчане з асаблівай увагай сачылі за падзеямі гэтай сустрэчы, якая трансліравалася па тэлеканале «Беларусь-2». У саставе лепшай каманды рэспублікі выступаў наш зямляк Аляксандр Карніцкі.

Нядаўна яшчэ вядучы паўабаронца стаўбцоўскай каманды «Нёман-Агра» і на вышэйшым узроўні, у камандах вышэйшай лігі першынства Беларусі, пацвярджае сваё ўменне. Яго шчыраванне ў ФК «Гомель» было заўважана і трэнерамі чэмпіёнаў рэспублікі. Упэўнена выходзіць ён на футбольнае поле, упарта трэніруецца, каб даказаць сваё права быць пастаянна ў асноўным саставе.

Адным з лепшых ігракоў быў прызнаны Аляксандр Карніцкі і ў згаданай гульні з іспанскім «Атлетыкам». На пазіцыі цэнтральнага паўабаронцы ён умела накіроўваў наступальныя дзеянні каманды, смела ўступаў у адзінаборствы з сапернікамі,  дапамагаючы абароне. І самае адметнае –  стаў аўтарам гола. Аляксандр атрымаў мяч на подступах да штрафной пляцоўкі сапернікаў, умела вызваліўся ад апекі і нанёс прыцэльны ўдар. Мяч у сетцы! Лік стаў 2:0 на карысць беларускага клуба. Намаганні іспанцаў прынеслі ім толькі адзін гол у адказ.

Поспех натхняе, але сам Аляксандр ведае, што ў спорце супакойвацца нельга. Толькі настойлівыя трэніроўкі замацуюць дасягнутае. Будзем спадзявацца, што наступнай вяхой нашага земляка стане не толькі членства, але і вядучая роля ў зборнай камандзе Беларусі.

Прыемна таксама адзначыць, што  яшчэ адзін выхаванец Стаўбцоўскай ДЮСШ – Уладзіслаў Карніцкі – выступае ў саставе другой каманды ФК «БАТЭ» ў турніры маладзёжных клубных калектываў Еўропы. І ён на адказнай варатарскай пазіцыі.

 

У САПЕРНІЦТВЕ ЮНЫХ

Актыўную спартыўную практыку набываюць і юныя футбалісты. Выхаванцы Стаўбцоўскай ДЮСШ 2000-2001 гадоў нараджэння выступаюць у турніры, дзе іх сапернікамі з’яўляюцца яшчэ сем юніёрскіх камандаў вобласці.

На гэтым здымку Васіля ЗЯНЬКО адлюстраваны момант сустрэчы на стадыёне «Юнацтва» калектыву стаўбчан з равеснікамі са Старадарожскай ДЮСШ.  Перамаглі  нашы рабяты з лікам 3:2. Цяпер яны з 19 набранымі ў дзесяці сустрэчах ачкамі займаюць трэцяе месца. Лідзіруе ж юніёрскі  састаў знакамітага футбольнага клуба рэспублікі «Гарадзея».

У абласных спаборніцтвах выступаюць і пачаткоўцы, рабяты, якім па адзінаццаць-дванаццаць гадоў. На стадыёне «Юнацтва» рэгулярна арганізуюцца футбольныя турніры  для юніёраў. У тым ліку і міжнародныя, у якіх прымалі ўдзел каманды  Расіі, Украіны, Польшчы. І гэта дзейсная аснова праверкі сіл, павышэння эмацыянальнага настрою юных футбалістаў.

Няхай жа спартыўныя паядынкі, дбайная падрыхтоўка садзейнічаюць, каб загараліся новыя футбольныя зорачкі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *