За крок ад пакупкі – «Кумпячок»

Нумары У перапрацоўшчыкаў

image_pdfimage_print

Днямі філіял «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» адкрыў у райцэнтры свой чарговы фірменны магазін, дзясяты па ліку. Ён мае простую і дамашнюю назву – «Кумпячок». Адметнасць яго і ў тым, што ў новым, «маладым» мікрараёне, на вуліцы Міру, гэта так бы мовіць «першынец» у сацыяльна-бытавой інфраструктуры.

Усё гэта разам – падзея як для пакупнікоў, так і для  вытворцаў, якім сапраўды ёсць што прапанаваць – ад разнастайнага выбару каўбасных вырабаў да паўфабрыкатаў і ахалоджаных мясных далікатэсаў.

– У новага магазіна мясакамбіната ёсць перавага, – слушна заўважыла падчас яго адкрыцця намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч. –  Гэта магазін «крокавай» даступнасці, які, пры гэтым, адпавядае ўсім сучасным патрабаванням да аб’екта гандлю.   

Першы з пакупнікоў, дарэчы, прыйшоў у магазін за некалькі гадзін да афіцыйна аб’яўленага часу адкрыцця. І –  невыпадкова: і яму, і яшчэ дзевяці наступным пакупнікам былі ўручаны падарункі –  па батоне фірменнай каўбасы «Стаўбцоўская». У выйгрышы засталіся абсалютна ўсе пакупнікі: гандлёвая надбаўка ў гэты дзень на прадукцыю мясакамбіната была зніжана з традыцыйных дзесяці да пяці працэнтаў.

Ад пакупнікоў не было адбою яшчэ і па іншай прычыне. Паглядзіце на здымак – якая прыгожая і апетытная свежына ў руках прадаўцоў! Не ўстаіш перад пакупкай, калі кавалачак сам просіцца на патэльню. Пакупнікі адразу паспелі ацаніць і іншыя зручнасці «Кумпячка»: прынцып самаабслугоўвання, асартымент, які ўключае поўны спажывецкі кошык, сучасная сістэма ўзважвання і аплаты  тавару па штрых-кодзе, аўтастаянка больш чым на 20 машынамесцаў  і т. п.

–  Мы гатовы штодзённа завозіць ахалоджаную мясную прадукцыю, расшыраць яе асартымент.  Хацелі б, каб жыльцы новага мікрараёна палюбілі  магазін «Кумпячок», як, напрыклад, адкрыты раней «Пятачок», – выказала пажаданне дырэктар філіяла Рамуальда Бурдукевіч.

Сёння  з адкрыццём магазіна  з’явілася і сем новых працоўных месцаў. Менавіта такі  калектыў «Кумпячка», які працуе, між іншым, без выхадных і перапынкаў на абед з 8 да 22 гадзін (рабіць пакупкі ў вячэрні час надзвычай прывабна  –  уражвае падсветка магазіна).  Узначальвае яго дасведчаная ў гандлі Ала Юнцэвіч. Персанал вопытны, для яго эфектыўнай работы створаны ўсе неабходныя бытавыя ўмовы. Асвоіцца прадаўцам у першы дзень работы дапамагала і спецыяліст фірменнага гандлю філіяла Марына Крупец. У размове яна зазначыла:

–  Дзевяць нашых фірменных магазінаў забяспечвалі месячны тавараабарот у памеры чатырох мільярдаў рублёў. З адкрыццём дзясятага магазіна, спадзяёмся, тавараабарот узрасце да пяці мільярдаў.

Пры падобным раскладзе вытворцы акупяць свае выдаткі на новы магазін нават на працягу года. У яго будаўніцтва ўкладзена каля аднаго мільярда рублёў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *