У Драздах узводзіцца станцыя абезжалезвання

Главное

image_pdfimage_print

У Драздах прыступілі да будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады.

Побач з воданапорнай вежай працуе брыгада мантажнікаў КУП «Слуцкводаканал».

– Будуем фундамент і падводзім камунікацыі да станцыі. Тыдні праз тры сюды можа быць пададзена вада, – кажа намеснік галоўнага інжынера прадпрыемства Уладзімір Ануфрыенка, якога мы сустракаем на аб’екце.

Уладзімір Ануфрыенка курыруе будаўніцтва станцый абезжалезвання ў пяці раёнах Мінскай вобласці, якія знаходзяцца на абслугоўванні Слуцкводаканала. Ён запэўнівае, што ўсе чатыры станцыі, якія запланаваны ў бягучым годзе ў Стаўбцоўскім раёне, будуць здадзены ў эксплуатацыю ў вызначаныя тэрміны. Пасля Драздоў наступнымі будуць Шашкі, туды ўжо завезены ўсе неабходныя матэрыялы.

– Станцыя забяспечыць ачыстку вады да нарматыўнай якасці ў аб’ёме 6 м3 у гадзіну, – расказаў майстар участка водазабеспячэння Стаўбцоўскага раёна Віктар Крамко.

Сёлета ў Драздах плануецца і замена састарэлых сетак.

Ужо сёння на водаправодзе (на тупіковых вуліцах) устаноўлены гідранты для ачысткі труб ад іржы.

– А як з пераразлікам аплаты вады ў перыяд, калі яна ішла не пітной якасці? – адрасуем пытанне жыхароў Драздоў.

– Ёсць пратакол выпрабаванняў вады на хімічны і бактэрыялагічны састаў, і ў выпадку перавышэння ўстаноўленых паказчыкаў будзе зроблены пераразлік цэнтралізавана. Абаненты ўбачаць гэта ў сваіх жыроўках, – рэзюміраваў Уладзімір Ануфрыенка.

На даны момант вада пітной якасці каштуе 89 капеек за 1 м3 для насельніцтва і 1,02 рубля за 1 м3 – для юрыдычных асоб.

Едучы па вуліцы Касманаўтаў у Драздах, мы спыніліся ля аднаго з дамоў і пацікавіліся ў гаспадара якасцю вады. Назваць сваё імя пажылы чалавек адмовіўся, але патлумачыў, што ваду прыходзіцца адстойваць, прычым асадак застаецца ў ёй нават пасля кіпячэння. Апошні раз якраз недалёка ад яго дома здарыўся парыў водаправода. «У суседзяў затапіла пограб», – расказаў падрабязнасці мужчына, дадаўшы пры гэтым, што наўрад ці пра такое газета напіша.

З будаўніцтвам станцыі абезжалезвання вады і заменай састарэлых сетак водаправода сітуацыя ў Драздах, якую апісваюць вяскоўцы, павінна кардынальна змяніцца. І ім не прыйдзецца прыгадваць свае ранейшыя, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, пакуты. Некаторыя параўноўваюць іх з рэаліці-квэстам. Што ж, такі варыянт іроніі і трансфармацыі – не горшы спосаб для асэнсавання праблемы, у значнасці якой ніхто і не сумняваецца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *