Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі восем маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Максім Жыдкевіч, Арсеній Харытончык, Ангеліна Сыч, Арсеній Сасонка,  Ягор Праташчык, Мілана Тубальцава, Уладзіслава Уласік і Кірыл Ярашэвч.

Зямны шлях закончыўся для 11-ці чалавек. 

  У пажарнай часці згадалі пажар ў Засуллі, падчас якога знішчана летняя кухня, а яе гаспадыня 1958 года нараджэння атрымала апёкі ІІ і ІІІ ступеняў. Прычына здарэння – парушэнне правіл эксплуатацыі газавых прыстасаванняў  і  агрэгатаў.

Міліцыяй зарэгістраваны 134 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджаны дзевяць крымінальных спраў, у васьмі з іх устаноўлены падазраваемыя. З кватэры ў Новым Свержані вынесены швейная машынка і DVD-прайгравальнік. З падворка жыхара Пятрылавічаў знікла маёмасць. Стаўбчанін з вуліцы Урыцкага, будучы нецвярозым, нанёс свайму непрыяцелю  траўмы, небяспечныя для жыцця.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены адміністрацыйныя пратаколы ў адносінах да двух жыхароў Баранавічаў, якія займаліся незаконнай лоўляй рыбы і ракаў з выкарыстаннем лодкі на вадаёме ў Скамарошках. Матэрыялы накіраваны ў суд, кожнаму з браканьераў пагражае штраф да 50 базавых велічынь.

Пракуратурай раёна праведзены маніторынг выканання працоўнага заканадаўства ў ААТ «Жацерава». Устаноўлена, што спецыялістамі гаспадаркі дапускаюцца парушэнні пры прыцягненні работнікаў да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці (без тлумачэнняў, далейшага азнаямлення з загадамі аб прыцягненні да адказнасці). Па выніках маніторынгу загады, неадпаведныя патрабаванням заканадаўства, апратэставаны. Дырэктару сельгаставарыства вынесена прадстаўленне.

Суд аштрафаваў на 300 000 рублёў 43-гадовага жыхара Смалявічаў, які ажыццяўляў палёты на дэльталёце ў Сцяцках, аказаў непадпарадкаванне работніку міліцыі, якое выразілася ў адмове прадаставіць ліцэнзію на правядзенне палётаў, праследаваць у службовы аўтамабіль для разбіральніцтва, і папросту ўцёк на дэльталёце. 31-гадовы жыхар Наваколасава ўчыніў скандал у кафэ «Стары Двор», за што пакараны штрафам у памеры 450 000 рублёў.

ДАІ выявіла 189 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – шэсць нецвярозых вадзіцеляў (адзін з іх – на службовым транспарце лесазавода, учыніў на завулку Палявым дарожную аварыю – наехаў на плот) і 14 вадзіцеляў-«бяспраўнікаў», 19 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана 14 дарожна-транспартных здарэнняў. На вуліцы ў Наваколасаве 34-гадовы мясцовы матацыкліст няправільна выбраў хуткасць руху, не справіўся з кіраваннем і сутыкнуўся з аўтамабілем, які стаяў на абочыне. Матацыкліст з прыкметамі алкагольнага ап’янення шпіталізаваны ў хірургічнае аддзяленне бальніцы, у яго ўзята кроў на алкаголь.

З 9-га па 13-га кастрычніка праходзіць прафілактычная акцыя «Цвярозы вадзіцель». 

 «Хуткая» выязджала да хворых 209 разоў, у прыватнасці, 12 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *