Аліна Гунько працягвае справу бацькі ў раённым аддзеле Следчага камітэта

Ахова правапарадку Главное

image_pdfimage_print

12 верасня Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь адзначае сваё 10-годдзе.

Напярэдадні мы пагутарылі з сямейнай дынастыяй следчых – Івана і Аліны Гунько са Стоўбцаў

Іван Гунько летам гэтага года выйшаў у адстаўку, адпрацаваўшы ў раённым аддзеле Следчага камітэта дзесяць гадоў, фактычна з першага дня яго ўтварэння.

Цяпер на ўласным падворку займаецца гаспадарскай работай і атрымлівае сапраўднае задавальненне ад вынікаў працы на свежым паветры.

А ў цэлым яго стаж у праваахоўных органах складае 30 гадоў. Пачынаў у райаддзеле міліцыі міліцыянерам-вадзіцелем. Завочна закончыў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь і служыў участковым інспектарам, потым – дазнавацелем, начальнікам следчага аддзела, аддзела дазнання.

Раскрываць крымінальныя злачынствы было прафесіяй Івана Гунько. І няважна, як называўся ў той час праваахоўны орган. У маі 2015 года ў Івана Гунько наступіў тэрмін выслугі, ён пайшоў у адстаўку, але праз паўгода вярнуўся на працу дзяржслужачым.

– Папрасілі калегі, але і ў мяне пасля невялікага адпачынку ўзнікла жаданне акунуцца ў ранейшыя клопаты. Работа следчага цягнула да сябе заўсёды. Ты па драбніцах, кавалачках збіраеш доказы і будуеш карціну злачынства, паралельна вывучаеш характары людзей, – заўважае Іван Гунько.

Па слядах бацькі пайшла і дачка. Аліна закончыла СШ № 3 г. Стоўбцы, юрыдычны факультэт БДУ і прыйшла на працу ў раённы аддзел Следчага камітэта.

– Зусім не настройваў яе, нават адгаворваў. Яна ж бачыла мой рытм жыцця, іншым разам у чымсьці дапамагала, – расказвае Іван Гунько і падсумоўвае: – Вось ужо два гады, як яна працуе следчым.

– Задаволены лёсам дачкі? – цікавімся ў Івана Іванавіча.

– Гэта яе лёс. Ганаруся сваёй дачкой і ў некаторым сэнсе хвалююся, бо яна шмат працуе. Райаддзел ужо ўкамплектаваны кадрамі, нагрузка на супрацоўнікаў зменшылася, але сярод іх пераважаюць дзяўчаты. Напэўна, хлопцы баяцца цяжкасцяў. У маёй дачкі моцны характар.

– Вышэй вы казалі, што Аліна з дзяцінства бачыла работу следчага. Цяпер яна звяртаецца да вас па параду, дапамогу?

– Калі пачынала працаваць следчым – так, цяпер асвоілася і сама спраўляецца. Выязджае на месцы здарэнняў у складзе аператыўна-следчай групы.

Аліна Гунько нам расказала, што ў прафесіі імкнецца да развіцця і самаўдасканалення, хоча атэставацца і атрымаць званне лейтэнанта юстыцыі. Свае мары яна таксама звязвае з работай.

– Нагрузка значная, але працуецца лёгка, з настроем. У калектыве шмат моладзі, – дзеліцца Аліна.

У яе службовых абавязках – расследаванне крадзяжоў і крымінальных спраў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, а таксама кіберзлачынстваў. З выяўленнем апошніх узнікаюць складанасці, таму што ад следчага патрабуюцца не толькі юрыдычныя веды, але і разуменне сучасных камп’ютарных тэхналогій. «Вучымся. Шукаем інфармацыю ў інтэрнэце, звяртаемся да калег у абласное ўпраўленне», – тлумачыць Аліна Гунько.

Вольнага часу ў яе мала, але, калі ён ёсць, любіць вандраваць. У Аліны неўзабаве водпуск, і будзе магчымасць праводзіць яго з маленькім сынам. На рабоце яна стараецца падцягнуць «хвасты», каб не пакінуць іншаму калегу сваю нагрузку.

Павага адзін да аднаго, добразычлівы мікраклімат – гэта ў калектыве раённага аддзела Следчага камітэта галоўнае.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *