Валанцёры без узросту

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

З 1-га кастрычніка, вядомага як Дзень пажылых людзей, стартаваў месячнік – «Увага да пажылых людзей».

– Тэрытарыяльным цэнтрам  у рамках месячніка запланаваны  шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку наведванне пажылых людзей  дома, ушанаванне стогадовых доўгажыхароў, паездкі ў тэатр, сустрэчы ў Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце і т. п., – зазначае псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Сяргей Есіс.

Акурат 1-га кастрычніка ён прымаў удзел у міжнародным форуме-кірмашы па праблемах пажылых людзей. Форум праходзіў у Мінску і сабраў прадстаўнікоў нямецкіх, аўстрыйскіх і беларускіх фондаў, якія фінансуюць інавацыйныя праекты ў гэтай сферы. Адзін з такіх праектаў, у супрацоўніцтве з Чырвоным Крыжам, ужо рэалізуецца на Стаўбцоўшчыне. Сярод членаў клуба «Гады – не бяда»  арганізаваны валанцёрскі рух па аказанні дапамогі пажылым людзям. Валанцёры дзейнічаюць па прынцыпе – «Пажылы чалавек – пажылому чалавеку». У клубе, які дзейнічае больш за 10 гадоў, сабраліся людзі актыўныя, творчыя, гатовыя не толькі дапамагаць, а і дзяліцца з іншымі сваімі навыкамі, уменнямі, аптымізмам.

Старт, дадзены месячніку ўвагі да пажылых людзей, атрымаўся вельмі сімвалічным. У першыя дні кастрычніка прайшло чарговае, першае пасля летніх канікулаў, пасяджэнне клуба «Гады – не бяда». Яго паэтычны лейтматыў – «Сэрцам маладыя» – ужо гаворыць пра тое, што была магчымасць адпачыць душой, акунуцца думкамі ў агульныя валанцёрскія справы. Канцэртную праграму падрыхтавалі ўдзельнікі народнага хору народнай песні «Панямонь» Навасвержанскага цэнтральнага Дома культуры (мастацкі кіраўнік – Сяргей Чупін). У ролі вядучых выступілі Сяргей Есіс і хармайстар гэтай установы Ала Янская.

З цёплым словам звярнулася да прысутных старшыня раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Ірына Пярхальская. Пажылым людзям былі ўручаны тэматычныя каляндарыкі на 2015 год, выпушчаныя пры падтрымцы раённай і абласной арганізацый Беларускага Чырвонага Крыжа. У год будучы і наступныя за ім запрашае і віншавальная паштоўка з рэкамендацыямі ад доўгажыхароў свету. З сотні існуючых у свеце «рэцэптаў» працягнення жыццёвага тонусу псіхолагі тэрытарыяльнага цэнтра выбралі 32, найбольш даступныя і папулярныя. Напрыклад, варта пачынаць свой дзень з усмешкі, палюбіць сябе такім, які ёсць, не зайздросціць, рабіць дабро, ствараць і т. п.

Па традыцыі, другая частка свята прайшла за сталом, чаяпіццем, якое асабліва збліжае людзей ва ўзросце. Сярод спонсараў значыліся ўсё той жа Чырвоны Крыж, а таксама філіял Гарадзейскага цукровага камбіната, «Аграінвест». З падарункамі аказала дапамогу індывідуальны прадпрымальнік Юлія Сей. Адметна, што ў Дзень пажылога чалавека ў нашым горадзе па дамоўленасці з райспажыўтаварыствам пажылым людзям аказвалі  бясплатныя паслугі ў ведамасных цырульнях «Мечта» і «Шарм».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *