На Марусін хутарок

Нумары

image_pdfimage_print

Віншаваць шаноўную Марыю Шавейка з Новай Вёскі з Днём маці прыедуць тры дачкі і іх сем’і. А ў бабулі Марусі, як ласкава завуць яе нашчадкі, – пяцёра дарослых унукаў і праўнук 13-ці гадоў.

Калі ўсе з’язджаюцца ў бацькоўскую хату і побач з ёю паблісквае на сонцы «картэж» легкавушак, аднавяскоўцы не прамінуць заўважыць: «У цябе, Маруся, ізноў госці!» «А якія госці?.. – не разумее жанчына. – Гэта ж усе свае!»

Даўно стала блізкай для яе Новая Вёска з яе жыхарамі, куды некалі, 20-гадовай дзяўчынай, пайшла з суседняга раёна замуж.  З мужам яны нарадзілі траіх дачок. Працавала  на калгаснай ферме свінаркай. Трымалі вялікую гаспадарку на ўласным падворку. Але раптоўна, калі Марыі Аляксандраўне толькі падбіралася пад 50, не стала мужа … Адна, без гаспадара, яна разрывалася паміж фермай і дамашняй гаспадаркай. Яе клопаты разважылі старэйшыя дочкі – Галіна і Ганна (яны ўжо закончылі ВНУ і працавалі, меншая Таццяна заканчвала школу): «Мама, навошта кідаць работу? Лепш зменшыць дамашняе пагалоўе».

І так Марыя Аляксандраўна аддала нялёгкай працы жывёлавода каля 30 гадоў жыцця. Прыгадвае цяпер, як тройчы на дзень бегла на ферму, як ногі правальваліся ў снезе, як сваім дыханнем адганяла траскучы мароз…

Але што гэта ў параўнанні з тым, што давялося перажыць у дзяцінстве?!.

– Бацька памёр, калі мне было пяць гадоў, – успамінае Марыя Шавейка. – Вайна ішла… У мяне пяць братоў, я  сярод іх – самая меншая. Адзін брат падарваўся на міне, калі пасвіў кароў. Мама павезла яго на кані да нямецкага доктара. Брату  зрабілі аперацыю, але ён не выжыў.  На жаль, нікога з братоў у мяне ўжо не засталося. А маму я забрала да сябе і дагледзела яе ў старасці.

Гэты прыклад, паказаны матуляй, працягваюць цяпер дочкі Марыі Аляксандраўны. Усе тры жывуць у сталічных кватэрах, але сваю матулю не пакідаюць адну ў вёсцы. На зіму забірае яе да сябе меншая Таццяна з зяцем Аляксандрам. Бабулі вельмі падабаецца ў іх, бо жывуць на першым паверсе. «Мне зручна выйсці на вуліцу, пасядзець з бабулькамі. З многімі мы здружыліся, сталі як свае», – распавядае Марыя Аляксандраўна.

Таццяніна сям’я забірала бабулю да сябе з таго часу, як сама тулілася ў інтэрнаце. Іх было чацвёра, а бабуля – пятая, і ўсім хапала месца. Бабуля, як заўсёды, вязала шкарпэткі, унучку вадзіла ў школу. А вось нядаўна Анютку сваю ўжо аддала замуж…

Усе бабуліны ўнукі, акрамя Мікалая, ужо маюць свае сем’і. Мікалаю – 23 гады, атрымаў дыплом інжынера і размеркаваўся ў Стоўбцы, на філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод». Маладому спецыялісту выдзелілі месца ў інтэрнаце, але ён пасля работы спяшаецца да бабулі. Удваіх ім весялей, цікавей. Марыя Аляксандраўна можа і булку смачную спячы. Некалі ж тут, на хутары ў Новай Вёсцы, з асалодай бавілі ўсе летнія канікулы. Цяпер ва ўнука іншы, вельмі дарослы, клопат – праходзіць медыцынскую камісію ў ваенкамаце.

Пад пільным медыцынскім кантролем і сама Марыя Аляксандраўна. Гэта ёй забяспечыла  яе дачка Таццяна, медык па спецыяльнасці. Таццяна працуе ў кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры (па яе слядах, дарэчы, пайшла і дачушка, каторую бабуля нядаўна выдала замуж) і стала для матулі  «хуткай дапамогай».

Дзеці едуць са сталіцы ў Новую Вёску кожныя выхадныя, самі даглядаюць пасадкі. Матулі не дазваляюць нагінацца, каб раптам не падскочыў ціск. А ёй жа таксама хочацца хоць чым-небудзь дапамагчы! «Паліваю кветкі. Бывае,  прысяду на адну лавачку, на другую – зяць іх шмат нарабіў на падворку, – любуюся прыгажосцю. Песеньку сама сабе мурлыкаю…» – дзеліцца бабуля Маруся сваім раскладам дня.

Жыццё, канешне, – не песня, яно было суровым і поўным выпрабаванняў, але як яго не абагаўляць, не трымацца за яго, калі яно падарыла такіх цудоўных дзяцей, ва ўсім  памочнікаў і сяброў!  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *