Ініцыятыву праяўляюць людзі

Главное Дажынкі-2022

image_pdfimage_print

Стоўбцам выпала прыемная місія – прымаць абласное свята «Дажынкі-2022».

Старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень падкрэсліў, што правядзенне такога свята дасць новы імпульс для развіцця рэгіёна.

– Мы адчуваем, што гатовы да гэтай важнай падзеі. І ў нас яшчэ ёсць час, каб дастойна прыняць фестываль, зрабіць яго адным з самых унікальных у гісторыі Мінскай вобласці, – адзначыў Дзяніс Сяргеевіч.

У 2020 годзе Чэрвень сустракаў свята «Дажынкі». Капылю сёлета выпаў двайны экзамен: у першыя выхадныя верасня горад прыняў Дзень беларускага пісьменства, а 18 верасня сюды на абласное свята «Дажынкі-2021» з’едуцца хлебаробы з усіх куткоў Міншчыны.

Хочам вам расказаць, як змяніліся названыя вышэй гарады ў сувязі з падрыхтоўкай да свят.

У Чэрвені за сродкі, выдзеленыя з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, былі пабудаваны музей і дзіцячы сад, заасфальтавана мноства дарог, уладкаваны тратуары, адрамантаваны дамы і ўстановы, на вуліцах з’явілася шмат клумбаў, малых архітэктурных формаў.

Цяжка назваць арганізацыю ці чалавека, якія б не ўдзельнічалі ў падрыхтоўчым працэсе. Адны не раз пералічвалі спонсарскія грошы на добраўпарадкаванне, іншыя – працавалі на суботніках, разнастайных аб’ектах і да т. п.

Роставыя лялькі, караоке, паказы мадэляў, канцэрты мастацкай самадзейнасці лепшых калектываў вобласці, кірмаш вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, шоу цырульнікаў, фігурнае кіраванне веласіпедам, падыманне гіры, міні-гольф, бадмінтон, выстава выратавальнага абсталявання і спецтэхнікі, дымавы пакой і фотазоны ад МНС, каруселі, мультымедыйны цір, электрамабілі, гульнявы лабірынт, а таксама мноства прысмак, стравы беларускай кухні… Вось так парадавала свята «Дажынкі-2020» чэрвеньцаў і гасцей.

У Капылі каля двухсот аб’ектаў адукацыі, культуры, аховы здароўя, гандлю, сферы паслуг былі задзейнічаны ў падрыхтоўцы да Дня пісьменства. Адрамантаваны фасады будынкаў стаматалагічнай і дзіцячай паліклінік, цэнтральнай раённай бальніцы, дзіцячай школы мастацтваў, краязнаўчага музея, на шматпавярховых дамах з’явіліся тэматычныя малюнкі. Правялі асфальтаванне вуліц, завулкаў, уладкавалі дваровыя тэрыторыі, устанавілі дадатковае абсталяванне на дзіцячых пляцоўках. Выдзелены сродкі на даабсталяванне школьных стадыёнаў, дзіцячых пляцовак, спартыўных залаў.

Партрэт Адама Русака ўпрыгожвае фасад жылога будынка ў Капылі

У горадзе з’явілася «Алея пісьменнікаў»: 17 інтэрактыўных лавак, кожная з якіх пазначана літарамі кірыліцы (у адпаведнасці з імёнамі пісьменнікаў: а – Адам Русак, Алесь Адамовіч і г. д.). На кожную літару нанесены QR-код. Пры навядзенні на яго мабільным тэлефонам можна даведацца, якому канкрэтна пісьменніку прысвечана гэтая лаўка, якія творы ён пакінуў пасля сябе.

Капыльшчына – радзіма многіх таленавітых людзей, у тым ліку пісьменнікаў і паэтаў. Партрэты некаторых упрыгожваюць фасады жылых будынкаў. Два муралы ўжо гатовы. На адным з іх намаляваны Адам Русак. Адкрылася пасля рамонту і дзіцячая бібліятэка. Адначасова з выдачай кніг у ёй будзе сучасная кінавідэазала на 30 месцаў з аб’ёмным 3D-гукам. Створаны дэндрапарк. Паўсюдна высаджана вялікая колькасць кветак і саджанцаў.

Сярод адметных месцаў у Капылі – алея пісьменнікаў з інтэрактыўнымі лаўкамі

Для кожнага раёна такое мерапрыемства, як абласное свята «Дажынкі», – вялікая падзея. Каб яно засталося ў памяці, трэба прыкласці нямала намаганняў. Аднак мы верым, што наш горад справіцца з гэтай задачай. «Дажынкі-2022» стануць для Стаўбцоўшчыны кропкай адліку новых дасягненняў, прычым ва ўсіх сферах. Працаўнікі раёна імкнуцца паўсюдна навесці парадак, прапануюць свае ідэі для добраўпарадкавання. Ад нас таксама залежыць, як Стоўбцы сустрэнуць свята.

Падрыхтавала Марына КУТАС

Фота з адкрытых крыніц



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *