З ідэямі гуманізму і прыгажосці

Культура Нумары

image_pdfimage_print

Заўтра адзначае свята вялікая кагорта людзей у нашым раёне, хто прысвяціў сваё жыццё сферы культуры. Прафесія культработніка патрабуе ад кожнага таленту, задаткаў у пэўным відзе творчасці. І ў кожнага – сваё рабочае месца, свой накірунак прыкладання талентаў. Аб тым, чым жыве вялікі калектыў  сферы культуры раёна ў інтэрв’ю нашай газеце расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік.

–       Алена Валер’еўна, работнікі сферы культуры закліканы да захавання і развіцця народнай творчасці, самадзейнага мастацтва. Іх работа, як ніякая іншая –  навідавоку. Як прадстаўлена на сучасны момант сетка культуры нашага раёна?

– Увесь  час роля культуры ў ліку значных сфер. Сетка ўстаноў культуры нашага раёна прадстаўлена 53 установамі культуры і мастацтваў: 24 клубамі, 23 бібліятэкамі, пяццю дзіцячымі школамі мастацтваў, музеем-сядзібай «Дзяржынава». Місія культуры высокая – фарміраванне светапогляду чалавека, яго маральных прынцыпаў. Работнікі культуры нясуць у сабе вечныя ідэі гуманізму і прыгажосці, дапамагаюць развіваць эстэтычны густ, пашыраць кругагляд. Менавіта на работнікаў сферы культуры ўскладзена карпатлівая работа па захаванні, аднаўленні і прымнажэнні культурнай спадчыны нашай краіны, рэалізацыя дзяржаўных праграм па пытаннях культуры і мастацтваў, выкананне платных паслуг, удзел у творчых справаздачах розных узроўняў.

– Кожны год сфера культуры раёна дае справаздачу з важкай скарбонкай  узнагарод з конкурсаў і фестываляў. Як выглядае аддзел у бягучым годзе?

–       Нам ёсць аб чым даць справаздачу да прафесійнага свята. 2014 год прынёс  пэўныя дасягненні ў творчай дзейнасці. На рахунку вучняў аддзялення народных інструментаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў 13 лаўрэацкіх дыпломаў шасці конкурсаў розных узроўняў. У гастрольных паездках у Санкт-Пецярбург і горад Лобез (Польшча) пабыў народны духавы аркестр «Віціны» і атрымаў тры лаўрэацкія дыпломы міжнародных конкурсаў. Узорны харэаграфічны ансамбль «Лявоначкі» раённага Цэнтра культуры  вярнуўся з перамогай з Міжнародага фестывалю «Чэшская казка». Чатыры дыпломы лаўрэатаў міжнародных конкурсаў у скарбонцы вучняў мастацкіх аддзяленняў Стаўбцоўскай і Шашкоўскай школ мастацтваў. Сем вучняў дзіцячых школ мастацтваў Стаўбцоўшчыны сталі ўладальнікамі лаўрэацкіх дыпломаў адкрытага абласнога свята-конкурсу юных музыкантаў «Сымон-музыка». Узорны ансамбль «Жавароначкі» Стаўбцоўскай школы мастацтваў атрымаў гран-пры І Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва «Лідскі вянок» і лаўрэацкі дыплом ХІV Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» (г. Клімавічы). Удзел у фестывалі «Лідскі вянок» прынёс перамогу ансамблю народнай песні «Кропелька» Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў, узорнаму ансамблю народнай музыкі і песні «Каласкі» Наваколасаўскай дзіцячай школы мастацтваў, вакальнаму ансамблю «Рассвет» Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў. Лаўрэацкімі дыпломамі ўзнагароджаны салісты Стаўбцоўскай, Старасвержанскай дзіцячых школ мастацтваў Анастасія Доўнар, Павел Баран, Надзея Рыцько. Актыўна працуюць па развіцці самадзейнай творчасці сельскія дамы культуры і клубы. Няма куточка ў нашым раёне, дзе б работнікі культуры  не пабывалі з канцэртамі. Упэўнена, што пастаянны пошук работнікаў культуры і надалей будзе накіраваны на захаванне і прымнажэнне лепшых культурных традыцый нашага раёна, далейшае развіццё ўсіх відаў мастацтваў. У гэты святочны дзень жадаю ўсім новых прафесійных перамог, шчасця, дабрабыту ў сем’ях!

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *