Як развіваецца стаўбцоўскі край

Главное Грамадства Дажынкі-2022

image_pdfimage_print

Як мы ўжо паведамлялі, па Стаўбцоўшчыне прайшоў прэс-тур з удзелам журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама блогераў.

Яго тэмай стала сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна.

У маршрут прэс-тура было ўключана наведванне ААТ «Навасвержанскі лесазавод», ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат», ААТ «Рубяжэвічы», а таксама сацыяльных аб’ектаў аграгарадка Шашкі, СШ № 4 г. Стоўбцы, касцёла святога Іосіфа ў Рубяжэвічах.

У школе – наша будучае

Знаёмства з новай СШ № 4 у Стоўбцах не можа не ўразіць тэхналагічнасцю і інтэрактыўнасцю ўстановы адукацыі.

Дырэктар школы Ірына Клачко запрасіла на стадыён, у спартыўныя залы, басейн, STEM-клас, сталовую і інш., расказала, што вучыцца сюды прыйшлі каля 900 вучняў, многія – са шматдзетных сем’яў.

Удзельнікаў прэс-тура ўразілі «няшумныя» перапынкі. Школа складаецца з пяці блокаў, у ёй вялікія фае і калідоры – і гэта дае магчымасць развесці вучнёўскія «патокі». Трапіўшы сюды ўпершыню без правадніка, можна лёгка заблудзіцца.

Вектары руху

У бібліятэцы новай школы прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам старшыні райвыканкама Дзяніса Колясеня.

Адказваючы на пытанні, Дзяніс Сяргеевіч расказаў, што ў апошні час рэалізаваны такія праекты, як будаўніцтва завода па перапрацоўцы бульбы, рэканструкцыя Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната, выпуск прадукцыі для дзіцячага харчавання і перапрафіляванне на вырошчванне качкі ў агракамбінаце «Колас», будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў. Сярод інвестпраектаў – і новая школа.

На базе Стаўбцоўскай ЦРБ плануецца стварыць міжраённае траўматалагічнае аддзяленне і ўстанавіць камп’ютарны тамограф. Працягваецца вакцынацыя.

З 2019 года ў Стоўбцах рэалізуецца праграма пераўтварэнняў, але найбольш мерапрыемстваў намечана да абласнога свята «Дажынкі-2022». Так, плануецца ўвесці ў эксплуатацыю новае памяшканне для Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Пры падтрымцы аблвыканкама будзе пабудаваны кінатэатр на 50 месцаў, які захавае ранейшую арыгінальную архітэктуру. Плануюцца рэканструкцыя плошчы Леніна і добраўпарадкаванне гарадскога возера. Чакаецца завяршэнне будаўніцтва важнага лагістычнага аб’екта – аб’язной дарогі. Добраўпарадкаванне закране ўсе прыдамавыя тэрыторыі і вялікую колькасць вуліц. Для ўзаемасувязі з жыхарамі раёна запрацаваў на базе рэдакцыі call-цэнтр.

Прамысловы кластар

«Прыкладна паўтары тысячы стаўбчан штодзённа едуць на работу за межы раёна – у Фаніпаль, Мінск, дзе больш высокааплатныя рабочыя месцы. Наша задача – каб такія месцы з’явіліся ў нас, і гэтыя людзі вярнуліся, – падкрэсліў Дзяніс Колясень. – Для гэтага ў раёне ствараецца свабодная эканамічная зона плошчай 480 га з неабходнай інфраструктурай. Да 2025 года плануецца арганізаваць прамысловы кластар».

Першай ластаўкай паслужыць будаўніцтва сучаснай ліцейнай вытворчасці Мінскага трактарнага завода («ліцейка» Мінскага маторнага завода ўжо працуе). Для замацавання маладых спецыялістаў выдзяляецца арэнднае жыллё, месцы ў інтэрнаце філіяла маторнага завода. Бальніца мае свой інтэрнат для маладых спецыялістаў. Сельгаспрадпрыемствы раёна таксама ствараюць інтэрнаты. Пры жаданні ёсць магчымасць выдзялення маладому спецыялісту зямельнага ўчастка для індывідуальнага будаўніцтва.

«Было б жаданне працаваць, а за ўмовамі затрымкі не будзе», – падвёў вынік Дзяніс Колясень.

Гімн перад заняткамі

На пытанне пра патрыятычнае выхаванне ў раёне Дзяніс Колясень адказаў, што яно пачынаецца з падтрымання парадку вакол помнікаў і гістарычных месцаў. Тут праводзяцца мітынгі і мерапрыемствы. На базе школ працуюць лагеры патрыятычнай накіраванасці. У школах з’явіліся настаўнікі па ваеннай падрыхтоўцы. Укараняецца і навінка – выкананне Дзяржаўнага гімна перад пачаткам заняткаў.

Турыстычная прывабнасць

Пра ўклад турызму ў эканоміку Стаўбцоўшчыны скажуць такія знакавыя аб’екты, як «Панскі маёнтак «Сула» і турбаза «Высокі бераг». Цікавасць выклікае наведванне Коласавых мясцін. «На тэрыторыі раёна каля 25 аграсядзіб, ад буйных да невялікіх», – зазначыў Дзяніс Колясень. Папулярным відам турызму з’яўляецца і збор грыбоў, ягад. Лясы на Стаўбцоўшчыне займаюць 60 працэнтаў тэрыторыі.

На кітайскі рынак

У ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» журналісты наведалі лабараторыю і прадэгуставалі прадукцыю. Дырэктар камбіната Рамуальда Бурдукевіч звярнула ўвагу на яе натуральны склад, шырокі асартымент, у якім шмат навінак. Стэйк з ялавічыны – увогуле ноу-хау.

Сёлета перапрацоўшчыкамі праведзена вялікая работа па заваяванні рынку Кітая. Акрамя таго, вытворцы працуюць з Расійскай Федэрацыяй, Узбекістанам і Казахстанам. На прадпрыемстве ў бліжэйшы час прыступяць да будаўніцтва цэха па забою жывёлы па тэхналогіі халяль.

ААТ «Навасвержанскі лесазавод» зацікавіла ў першую чаргу як экспартаарыентаванае прадпрыемства. «80 працэнтаў прадукцыі адгружаецца ў Еўропу, – зазначыў дырэктар Віктар Лужкоўскі. – Устаноўлены дзевяць сушыльных камер, якія дазваляюць выпускаць 4000 м3 сухіх піламатэрыялаў. Цяпер укараняем тэхналогію па перапрацоўцы піловачніка вялікіх дыяметраў. Імкнёмся да безадходнай тэхналогіі».

У ААТ «Рубяжэвічы» паказалі нядаўна пабудаваны збожжасушыльны комплекс. «Яго прадукцыйнасць – 40 тон у гадзіну, ці ў два разы больш, чым на старым абсталяванні», – звярнула ўвагу галоўны эканаміст Часлава Ключнік.

На даны момант гаспадарка будуе ферму з даільным блокам. 96 працэнтаў малака рэалізуецца сортам экстра. Сярэднямесячны заробак перавышае 1000 рублёў.

Эмоцыі і ўражанні

У аграгарадку Шашкі ўдзельнікі прэс-тура наведалі сельскі Дом культуры і амбулаторыю. Гэтыя і іншыя аб’екты былі абноўлены да раённага свята «Дажынкі-2021». Непазнавальна змяніўся цэнтр Шашкоў, у якім, дарэчы, устаноўлена дзіцячая гульнявая пляцоўка.

Самыя эмацыянальныя ўражанні аб Стаўбцоўшчыне пакінуў, безумоўна, касцёл святога Іосіфа ў Рубяжэвічах. Наведванне розных аб’ектаў, сустрэчы з людзьмі – пацвярджэнне таго, што ў нас ёсць гісторыя і сучаснасць, што наш край развіваецца і ўпэўнена глядзіць у будучыню.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *