За штурвалам камбайна – намеснік дырэктара

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У ААТ «Вішнявецкі-агра» працягваецца нарыхтоўка кармоў для грамадскай жывёлы.

Кіпіць работа на кукурузных палетках – нарыхтоўваецца пажыўны і сакавіты сілас

Запасы папаўняюцца за кошт кукурузнага сіласу. На ўмоўную галаву жывёлы цяпер прыпадае каля 17 цэнтнераў кармавых адзінак, што амаль на 2,5 цэнтнера больш, чым у адпаведны перыяд летась. Каралева палёў размясцілася ў гаспадарцы на 555 гектарах. Сельгасарганізацыя лідзіруе па тэмпах уборкі, кукуруза зрэзана на большай частцы плошчаў. Закладзены сіласам дзве траншэі: на МТФ «Мархачоўшчына № 2» і жывёлагадоўчай ферме «Мархачоўшчына № 1».

На дзень наведвання таварыства кормаўборачны атрад шчыраваў на кукурузным полі за вёскай Мархачоўшчына. На кормаўборачных комплексах КВК-800 рупіліся механізатар Максім Паплаўскі і намеснік дырэктара па вытворчасці Валерый Мормыш. Наспела такая неабходнасць, і Валерый Уладзіміравіч падтрымаў – сеў за руль камбайна.

– Убіраць кукурузу пачалі ў першыя дні верасня, – расказвае галоўны аграном Яўгеній Апанасік. – Ураджайнасць вышэйшая за леташнюю, але разлічвалі мець лепшую. Мяркуем сабраць з кожнага гектара каля 300 цэнтнераў зялёнай масы. Пад уборку на зерне адвялі 90 гектараў.

Трэцяя траншэя закладвалася на МТК «Вішнявец». Адлегласць ад поля да жывёлагадоўчага комплексу складае літаральна кіламетр, таму тэхніка, якая была занята на адвозе зялёнай масы, абарочвалася хутка.

Вадзіцель Міхаіл Астравух – пераможца раённага спаборніцтва па адвозцы збожжа ад камбайнаў

Шчыравалі вадзіцелі таварыства Уладзімір Ярашэвіч, Міхаіл Астравух, Аляксандр Дзікавіцкі, механізатары Леанід Слабейка, Віктар Галавач, Уладзімір Новік. А таксама рупіліся прыватнікі.

На трамбаванні здробненай кукурузнай масы завіхаліся на пагрузчыках Сяргей Пашкевіч і Валерый Ясенка. Вопытныя работнікі дасканала ведаюць і якасна выконваюць даручаную ім справу. Яны раўнамерна размяркоўвалі зялёную масу па траншэі і шчыльна яе прыкатвалі. Тэмпературны рэжым і тэрміны закладвання траншэі строга вытрымліваюцца. Абавязкова прымяняецца кансервант. Пасля трамбавання сіласная яма будзе шчыльна накрыта поліэтыленавай плёнкай і прыціснута мяшкамі з каменнем.

На кукурузных палетках задзейнічаны сёлета новы кормаўборачны комплекс КВК-800 «Палессе FS 80».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *