Дарогі рамантуюць ямачна…

Главное Дажынкі-2022 Добраўпарадкаванне

image_pdfimage_print

Тэма пашкоджаных тратуараў і дарог – найбольш злабадзённая, мяркуючы па допісах нашых чытачоў.    

Ларыса Мядзведзь:

– Даўно патрабуюцца абнаўленне і рамонт пешаходных дарожак паміж жылымі шматпавярховікамі, асабліва ў тых частках, дзе больш за дзесяць гадоў таму ЖКГ ажыццяўляла рамонт цеплатрасы і, вядома ж, пасля ўсяго не аднавіла пашкоджаныя тратуары.

Зінаіда Жыцкая:

– Няма нармальнага пераходу з чыгуначнага вакзала на вуліцу Цітова, таму вечарам ці раніцай, спяшаючыся на электрычку, можна зламаць галаву, хоць у мясцовых улад пра гэта галовы не баляць. Яны ездзяць на дзяржаўных машынах.

Ад рэдакцыі

Горад рыхтуецца да абласнога свята «Дажынкі-2022». Работы па  пераўтварэнні Стоўбцаў вы, нашы чытачы, ужо, напэўна, заўважылі.

На даны момант у пераліку падрыхтоўчых мерапрыемстваў 38 аб’ектаў, дзе неабходна добраўпарадкаваць прыдамавыя тэрыторыі. Яны ахопліваюць  вуліцы Цэнтральную, Свярдлова, Энгельса, Ленінскую, Калініна ў Стоўбцах і ўключаюць у сябе рамонт асфальтнага пакрыцця, тратуарных дарожак і інш. Работы шмат, таму не варта чакаць змен адразу.

На прывакзальнай плошчы з’явіліся ў чэрвені – ліпені пляцоўка і пешаходныя сувязі ад вуліцы Сацыялістычнай у бок вуліцы Цітова (паміж магазінамі «Сустрэча» і «Родны кут»). «Яны з пліткі – прыгожыя і зручныя, – зазначыў начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Яўген Кандратовіч. – Сам не раз хадзіў там, таму што дзяржаўнага аўтамабіля не маю, карыстаюся пры неабходнасці  асабістым аўто».

Крытыка адносна рамонту дарог мае месца быць, але, напэўна, апеляваць лепш канкрэтнымі фактамі. У райвыканкаме нас запэўнілі, што якасць выкананых работ адпавядае патрабаванням тэхнічнай і нарматыўнай дакументацыі. Калі арганізацыя не выконвае іх, на яе ёсць рычагі ўздзеяння ў рамках заканадаўства. Напрыклад, у выглядзе штрафу.

На Стаўбцоўшчыне сёлета заасфальтавана амаль 2,4 км вуліц (вуліца Савецкая, участкі вуліц Івянецкай, Маторабудаўнікоў, Задворанскай у Стоўбцах, участак вуліцы Цэнтральнай у аграгарадку Шашкі), падсыпана – 2,8 км вуліц. Цяпер дарожнікі займаюцца асфальтаваннем вуліцы Перамогі ў Наваколасаве, потым пяройдуць на дваровыя тэрыторыі па вуліцы Школьнай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *