Вакцынацыя папярэджвае ўзнікненне захворвання

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

На фоне халаднаватага і сырога надвор’я ўзрастае захваральнасць на каранавірусную інфекцыю. Адным са спосабаў яе прафілактыкі з’яўляецца прышчэпка. Актуальныя пытанні абмеркавалі з санітарным урачом раёна Аляксеем Бондаравым.

– Аляксей Віктаравіч, чаму стаіць задача ахапіць вакцынацыяй як мага больш людзей?

– Вакцынацыя фарміруе індывідуальную ахову чалавека, папярэджвае ўзнікненне захворвання, яго цяжкае цячэнне і неспрыяльны зыход. Калі ахоп насельніцтва будзе менш за 60 %, то мы не зможам сфарміраваць калектыўны імунітэт і паўплываць на інтэнсіўнасць распаўсюджвання віруса.

– Прышчэплены павінен прытрымлівацца мер сацыяльнага дыстанцыравання, насіць маску ў грамадскіх месцах, праводзіць гігіену рук і інш.?

– Важна, каб да заканчэння пандэміі ўсе, хто пройдзе вакцынацыю, працягвалі захоўваць сацыяльную дыстанцыю, выкарыстоўвалі сродкі аховы органаў дыхання, мылі рукі, пазбягалі месцаў з вялікай колькасцю людзей і інш.

Пакуль калектыўны імунітэт не сфарміраваны і вірус актыўна развіваецца, захоўваецца пэўная рызыка захворвання прышчэпленых. Яны могуць захварэць у няцяжкай форме і пры гэтым быць крыніцай інфекцыі для іншых людзей, якія пакуль не правакцынаваліся.

– Чалавек перахварэў на каранавірус. Ці патрэбна яму рабіць прышчэпку?

– У асоб, якія перанеслі каранавірусную інфекцыю, захоўваецца рызыка паўторнага інфіцыравання. І калі ў першыя некалькі месяцаў пасля перанесенай інфекцыі гэтая рызыка дастаткова нізкая, то ў наступныя месяцы яна значна павялічваецца. Выпадкі паўторнага захворвання рэгіструюцца.

Вакцынацыя можа быць пачата пасля поўнага выздараўлення. Калі захворванне перанесена ў сярэдняцяжкай ці цяжкай форме, то паводле рашэння ўрача прышчэпку рэкамендуецца правесці праз 1-4 тыдні пасля выздараўлення.

Тым, хто перанёс раней каранавірус, таксама як і тым, хто не сутыкаўся з узбуджальнікам гэтай інфекцыі, неабходна рабіць прышчэпку.

– Якія ёсць супрацьпаказанні да прышчэпкі?

– Вакцыны супраць кавіду не ўводзяцца, калі ёсць гіперадчувальнасць да якога-небудзь кампанента вакцыны, цяжкія алергічныя рэакцыі. Не прышчэпліваюцца асобы да 18 гадоў, жанчыны падчас цяжарнасці і груднога выкормлівання. Часовым супрацьпаказаннем з’яўляюцца вострыя інфекцыйныя і неінфекцыйныя захворванні. Падчас няцяжкіх вострых інфекцый дыхальных шляхоў ці страўнікава-кішачнага тракту вакцынацыю праводзяць пасля нармалізацыі тэмпературы.

– Чалавек з’яўлецца кантактам першага ўзроўню. Ці можна яго вакцынаваць?

– Толькі не раней, чым скончыцца перыяд назірання, пры адсутнасці клінічных праяўленняў захворвання. Іх папярэдняе тэсціраванне на наяўнасць антыгена ці антыцел немэтазгодна.

– Знаёмыя гаварылі пра тое, што пасля прышчэпкі назіралі невялікае павышэнне тэмпературы цела. Гэта так?

– У першыя тры дні пасля прышчэпкі могуць быць дрыжыкі, павышэнне тэмпературы цела (максімум – да 38,5-38,9 градусаў), боль у суставах і інш. У месцы ўвядзення можна адчуваць балючасць, пачырваненне. Такія сімптомы назіраюцца прыкладна ў 10-14 працэнтаў прышчэпленых. Рэдка адзначаюцца алергічныя рэакцыі.

– Дзякуй за інтэрв’ю!

– Беражыце сябе і не хварэйце.

Марына КУТАС



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *