З флікерам не расставайцеся

Важное Кантроль, бяспека

image_pdfimage_print

З пачатку года на дарогах раёна загінулі трое –вадзіцель і два пешаходы, 24 чалавекі траўміраваны.

Сумная статыстыка не можа не трывожыць, а тым больш,калі ахвярамі ДТЗ становяцца людзі ў стане алкагольнага ап’янення і, да таго ж, якія не лічаць патрэбным абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі.
Адзін з загінуўшых, 42-гадовы стаўбчанін, да трагедыі прыцягваўся інспектарамі ДАІ да адміністрацыйнай адказнасці пяць разоў, ва ўсіх выпадках – як п’яны пешаход. Аналагічная гісторыя была і ў 44-гадовага жыхара Мінскага раёна: на яго да гэтага тройчы складалі адміністрацыйныя пратаколы за п’янае «бадзянне» на дарозе. Іх жыцці «заканамерна» абарваліся пад коламі аўто.
Ад атрыманых траўм памёр у бальніцы праз тыдзень пасля ДТЗ і 55-гадовы жыхар вёскі Зарэчча, які сеў за руль у нецвярозым стане. Яго аўтамабіль з’ехаў у кювет і перакуліўся.
Для бяспекі ўласнай і іншых удзельнікаў дарожнага руху неабходна няўхільна выконваць правілы дарожнага руху. Пешаходаў яны абавязваюць рухацца па тратуарах ці пешаходных дарожках, а ў выпадку іх адсутнасці – па абочыне. Калі рух па абочыне немагчымы, дазваляецца ісці па краі праезджай часткі і толькі насустрач транспартнаму патоку.
Не забывайце, што з надыходам восені светлавы дзень рэзка скарачаецца і пагаршаюцца ўмовы надвор’я, таму жыццёва важна абазначаць сябе ў цёмны час святлоадбівальнымі элементамі.
На дарозе небяспечным месцам з’яўляецца пешаходны пераход. Пры набліжэнні да яго вадзіцелям транспартных сродкаў неабходна знізіць да мінімуму хуткасць і даць магчымасць пешаходам пакінуць праезджую частку. Пешаходам, не зважаючы на іх перавагу перад транспартнымі сродкамі, трэба спярша пераканацца ў бяспечнасці выхаду на праезджую частку.
Ізноў вяртаемся да тэмы п’яных пешаходаў, паводзіны якіх цяжка прадугадаць. Нярэдка яны выбіраюць праезджую частку месцам свайго адпачынку…
Заклікаем не быць абыякавымі і інфармаваць па тэл. 102 пра выпадкі кіравання транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, знаходжання на дарозе п’яных пешаходаў і веласіпедыстаў, якія нясуць небяспеку дарожнаму руху.
Сяргей КАЛОМЕНСКІ, старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *