Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістравана па раёне восем шлюбаў, зроблена столькі ж адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. За апошнія тры тыдні пасведчанне аб нараджэнні атрымалі 28 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Арына Петрашэвіч, Антон Волкаў, Ягор Няволька, Яўген Пазнякоў, Ангеліна Калошыч, Аліса Хвяцковіч, Аляксандра Кульша, Арына Жыбуль, Ульяна Пяткевіч, Вераніка Кандратовіч, Яраслаў Кульша, Іван Буката, Марыя Сіткевіч, Валерыя Чыраз, Злата Лапіцкая, Вера Сычова, Таццяна Падасецкая, Кіра Калоша, Вольга Дрозд, Кірыл Міткевіч, Арсеній Луцэвіч, Канстанцін Бурым, Яна Жыбуль, Мікіта Міхалевіч, Вераніка Варакса, Цімафей Шмат, Анастасія Краўчук і Андрэй Даманін.
Зямны шлях закончыўся для 52-х чалавек.
У пажарнай часці згадалі, што навагодне-калядныя дні прайшлі спакойна. Зафіксаваны пажар 31 снежня ў вёсцы Ячнае, дзе ў жылым доме ўзнікла моцнае задымленне. Гаспадара ў гэты час дома не было. Выгараў адзін з пакояў. Папярэдняя прычына здарэння – перакал печы.
Міліцыяй зарэгістравана 132 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку якіх узбуджана дзевяць крымінальных спраў, ва ўсіх устаноўлены падазраваемыя. Напрыклад, у Наваколасаве злодзей вынес з кватэры прадукты, некаторыя рэчы. Трое зламыснікаў абрабавалі магазін у вёсцы Пруды, чым нанеслі шкоду райспажыўтаварыству.
Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету за 1,5 км ад вёскі Беліца затрыманы мінчанін, ураджэнец Налібакаў, які ажыццяўляў незаконнае паляванне. Зброя канфіскавана, матэрыялы аб правапарушэнні перададзены ў суд раёна. Браканьеру пагражае штраф да 50 базавых велічынь.
Пракуратурай раёна праведзены аналіз выканання працоўнага заканадаўства па своечасовай выплаце заработнай платы, у ходзе якога ўстаноўлены парушэнні ў сельгаставарыствах «Аталезь-агра» і «Жацерава». Пры тэрмінах выплаты зарплаты з 18 па 25 чысло кожнага месяца, у ААТ «Жацерава» заробак за верасень 2013 года выплачаны толькі 30.10.2013. У ААТ «Аталезь-агра», пры тэрміне выплаты заробку адзін раз у месяц – 25 чысла, ён быў выплачаны за кастрычнік 2013 года 09.12.2013 і 16.12.2013. У адносінах да кіраўнікоў гэтых гаспадарак складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Суд прыгаварыў стаўбчаніна 1972 года нараджэння, які праігнараваў вынесенае яму раней пакаранне і паўторна на працягу года сеў за руль у стане ап’янення, да наступных відаў пакарання: на тры гады –абмежаванне волі, на чатыры гады – пазбаўленне права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, штраф у памеры 39 000 000 рублёў і – згодна з новаўвядзеннямі – канфіскацыя яго аўтамабіля «Форд-мандэа».
ДАІ выявіла 148 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – сем бяспраўных і дзевяць нецвярозых вадзіцеляў (акурат у першую палову сутак новага года былі затрыманы чацвёра, адзін з іх – механізатар прыватнага прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр» – кіраваў у такім стане трактарам «МТЗ-82» паўторна на працягу года), 18 недысцыплінаваных пешаходаў. Сярод апошніх трое таксама былі п’янымі. Зарэгістравана сем дарожна-транспартных здарэнняў. На шчасце, абышлося без пацярпелых.
«Хуткая» выязджала да хворых 270 разоў, у тым ліку 11 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *