Бездакорна служаць лесаводы

Важное Грамадства

image_pdfimage_print

Напярэдадні прафесійнага свята адзначаны тыя, хто прымнажае лясное багацце раёна і краіны.

Дэлегацыя Стаўбцоўскага лясгаса падчас святочнага мерапрыемства ў Мінскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні

Сярод работнікаў Стаўбцоўскага лясгаса за шматгадовую і плённую працу ўзнагароджаны граматамі Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ляснік Кульскога лясніцтва Анатоль Кісялёў і вадзіцель на вывазцы лесу Уладзімір Жаўняркевіч, падзяка міністра аб’яўлена начальніку аддзела прамысловай вытворчасці Дзмітрыю Дораху.

Граматамі Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання адзначаны ляснічы Кульскога лясніцтва Павел Міхно, майстар лесу Прудскога вопытна-вытворчага лясніцтва Аляксандр Аскальдовіч і машыніст тралёвачнай лесанарыхтоўчай машыны Мар’ян Грыгарцэвіч. Падзяка генеральнага дырэктара накіравана бухгалтару лясгаса Наталлі Клябанскай.

Нагрудным знакам Міністэрства лясной гаспадаркі «20 гадоў бездакорнай службы» ўзнагароджаны ляснічы Старынскага лясніцтва Алег Лукша і ляснік гэтага лясніцтва Іосіф Копач, нагрудным знакам «10 гадоў бездакорнай службы» – галоўны ляснічы Сцяпан Явід, а таксама леснікі Кульскога лясніцтва Раман Габрусь і Павел Лапуцкі.

Да прафесійнага свята каля паўсотні работнікаў адзначаны і дырэкцыяй Стаўбцоўскага лясгаса. Прыемна, што сёлета ў калектыў прыйшлі працаваць шэсць маладых спецыялістаў.

Вынікам працы лесаводаў Стаўбцоўшчыны з’яўляецца тое, што за восем месяцаў бягучага года план па стварэнні лясных культур перавыкананы ў 2,5 раза і больш чым у паўтара раза – план па лесааднаўленні. Аб’ём інвестыцый склаў амаль 6 мільёнаў рублёў, экспарту – 2,5 мільёна долараў ЗША.

Сярод рэалізаваных праектаў – мадэрнізацыя цэха па вытворчасці паліўных гранул, магутнасць якога больш за 12 тысяч тон прадукцыі ў год. У бліжэйшы час лясгас прыступае да ўзвядзення адміністрацыйнага будынка Кульскога лясніцтва.

Сёлета значна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база лясгаса: закуплены сем аўтамабіляў «Ніва» і столькі ж аўтамабіляў УАЗ «Фермер», два новыя сартыментавозы МАЗ, харвестар «Амкадор» для нарыхтоўкі лесу. Для лясной аховы плануецца набыццё матацыклаў і веласіпедаў.

Вялікая работа праведзена па добраўпарадкаванні лясніцтваў, у прыватнасці – асфальтаванне пад’язных шляхоў, пасадка экзатычных насаджэнняў. Паляўнічы комплекс лясгаса аздоблены сафары-тэнтам, дзіцячай пляцоўкай. Сёлета плануецца набыць яшчэ 25 высакародных аленяў (летась былі закуплены 40).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *