Ператварыць раён у прамысловы цэнтр

Афіцыйна Важное

image_pdfimage_print

У ААТ «Навасвержанскі лесазавод» правёў выязны прыём грамадзян, а таксама азнаёміўся з работай прадпрыемства намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Дзяніс Курленка.

Намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Дзяніс Курленка падчас выязнога прыёму разам з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Пашкевіч

Карыстаючыся выпадкам, рэдакцыя пагутарыла з Дзянісам Мікалаевічам.

– Такая форма работы з насельніцтвам, як выязныя прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, мае вялікае значэнне, – зазначыў Дзяніс Курленка. – Людзі ўзнімаюць розныя пытанні: ЖКГ, сацыяльнае абслугоўванне, грамадскі транспарт. Бывае, што просяць элементарнае – устанавіць лавачку ля пад’езда…

– Многія пытанні вырашаюцца станоўча?

– Так. Важна знайсці кампраміс паміж сацыяльным складнікам і эканамічнай абгрунтаванасцю. А іншым разам людзей трэба проста выслухаць.

– Вы на Навасвержанскім лесазаводзе. Як ацэньваеце эканамічны стан прадпрыемства?

– Навасвержанскі лесазавод развіваецца дынамічна. У параўнанні з мінулым годам узрос чысты прыбытак. Летась для забеспячэння сыравінай прадпрыемству быў выдзелены аблвыканкамам лесасечны фонд аб’ёмам 100 тысяч м3.

– Якая інвестыцыйная праграма рэалізуецца на Міншчыне і роля ў ёй Стаўбцоўскага раёна?

– Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на бліжэйшую пяцігодку прадугледжвае стварэнне прамысловага пояса Мінскай вобласці. Асноўныя кропкі засяроджаны ў Барысаўскім, Маладзечанскім, Стаўбцоўскім і Пухавіцкім раёнах, а таксама у Слуцку, Салігорску. Гэта традыцыйныя прамысловыя зоны, і Стаўбцоўскі раён сярод іх – перспектыўны, які можа ператварыцца ў магутны прамысловы цэнтр. Для гэтага ёсць усе ўмовы: пляцоўкі, сеткі, аўтамагістраль М1, кадры з адпаведнымі кампетэнцыямі…  Развіццё будзе залежаць ад  рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў.

Усе рэгіёны павінны развівацца, таму надзвычай важна, каб у кожнага з іх была свая спецыялізацыя з улікам канкурэнтных пераваг. За кошт прамысловага пояса можна ствараць умовы для работы, у тым ліку жыхароў суседніх рэгіёнаў. Так званая маятнікавая міграцыя заўсёды была і будзе. Неабходна развіваць малапавярховую жылую забудову з сацыяльнай інфраструктурай, камфортнымі ўмовамі для пражывання і магчымасцю хутка дабрацца да буйных прамысловых цэнтраў на работу.

– З дапамогай якіх механізмаў магчыма павысіць інвестыцыйную прывабнасць рэгіёна?

– Калі будуць выдзелены землі для будаўніцтва прадпрыемстваў і там будуць створаны дарогі, падведзены газ, электрычнасць, оптавалаконная сувязь, то гэта і прыцягне патэнцыйных інвестараў. Аднак пры пошуку інвестара важна не забываць і пра ўнутраныя рэзервы.

– У наступным годзе на Стаўбцоўшчыне будзе абласное свята «Дажынкі-2022». Якой бачыцца ў сувязі з гэтым перспектыва раёна?

– Дажынкі насамрэч падцягваюць населеныя пункты, цэлыя рэгіёны ў плане навядзення парадку. Пасля іх застаецца тое, што робіць жыццё людзей больш зручным, сучасным. Не будзе выключэннем і Стаўбцоўшчына. Да прыкладу, ёсць планы па будаўніцтве аб’язной дарогі і інш. Акрамя таго, гэта свята для людзей. У яго асобая атмасфера, пазітыў. Рашэнне старшыні аблвыканкама праводзіць такія святы менавіта ў рэгіёнах вельмі мудрае. Мы бачым, як кожны рэгіён стараецца зрабіць лепш, чым папярэдні, і які між імі адбываецца абмен вопытам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Ад рэдакцыі

На Стаўбцоўшчыне шмат гадоў запар ладзяцца святы вёсак. Гэта не дажынкі, але таксама своеасаблівае падвядзенне вынікаў, агляд падворкаў, кірмаш творчых ідэй і відавочна, што гэтыя святы таксама з’яўляюцца магутным стымулам для  вяскоўцаў. Дзякуючы намаганням людзей істотна паляпшаецца выгляд сядзібаў і населеных пунктаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *